Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беразоўскі: “Прыедзе чалавек з Масквы і на сустрэчы мяне заб’е”


Радыё Свабода Барыс Беразоўскі заявіў сёньня, што пазьбегнуў замаху, які рыхтаваўся на яго ў Лёндане. У Інтэрвію Радыё Свабода ён распавёў пра дэталі апэрацыі, якія сталі яму вядомымі, а таксама пра сваю прапанову Расеі схапіцца ў судзе на нэўтральнай тэрыторыі.

Свабода: Вы на самой справе хаваліся ад наёмнага забойцы недзе па-за межамі Англіі?

Беразоўскі: Так, мне Скотланд-Ярд рэкамэндаваў зьехаць з краіны і дачакацца, калі гэтая сытуацыя будзе вырашаная. Што, уласна, і адбылося: праз тыдзень мне патэлефанавалі і сказалі, што я магу вяртацца ў краіну.

Свабода: З паведамленьняў СМІ немагчыма зразумець, што, уласна кажучы, адбывалася. Чалавек, які рыхтаваў замах на вас, быў арыштаваны альбо высланы з Вялікабрытаніі?

Беразоўскі: Я ня маю ніякай дадатковай інфармацыі з гэтай нагоды. Мне толькі паведамілі, што сытуацыя вырашаная, чалавек абясшкоджаны. І гэта дазволіла мне вярнуцца назад у краіну.

Свабода: Вы чыталі артыкулы ў Sun і Times, дзе гаворыцца, што гэты чалавек знаходзіўся ў гатэлі Hilton у раёне Park Lane?

Беразоўскі: Я чытаў гэтыя артыкулы. Тое, што ён знаходзіўся ў Hilton, для мяне ня дзіўна, бо гэты гатэль знаходзіцца побач з маім офісам, у трох хвілінах хады.

Свабода: Але вам не паведамілі, хто гэта быў? Гэта быў нехта з вашых знаёмых альбо не?

Беразоўскі: Мне паведамілі, што я ведаю гэтага чалавека. Ёсьць інфармацыя, якую я не магу камэнтаваць.

Свабода: То бо, гэта ўсё, што вы можаце сказаць пра гэты замах?

Беразоўскі: Па сутнасьці так. Тры месяцы таму я быў папярэджаны маімі сябрамі з Масквы пра тое, што на мяне рыхтуецца тут замах у Лёндане, што замах будзе зусім па-іншаму арганізаваны, чым у выпадку зь Літвіненкам, што прыедзе чалавек з Масквы, якога я ведаю і які папросіць сустрэчы са мной, і які пры сустрэчы проста мяне заб’е. Ня будзе хавацца ад паліцыі, патлумачыць свае дзеяньні тым, што мае прэтэнзіі да мяне ў справе бізнэсу.

У такім выпадку тое, што ён мае прэтэнзіі, што ён нікуды не ўцякаў, дае магчымасьць, што ён будзе прысуджаны да 20 гадоў зьняволеньня. Паводле ангельскіх законаў, калі ты паводзіш сябе прыкладна, то праз 10 гадоў цябе адпускаюць. Яму будуць заплачаныя грошы, сям’і – то бо, ён будзе цалкам забясьпечаны. Сядзець ён будзе не ў “Матроскай цішыні”, а тут, у ангельскай турме, так што ёсьць гарантыі, што яго ня будуць ні катаваць, ні забіваць, будуць добра карміць, ён будзе глядзець тэлевізар, будзе займацца спортам, вучыцца. Уласна, тое, што адбылося нядаўна, цалкам пацьвердзіла тое, што я ведаў да таго, пра што я і інфармаваў Скотланд-Ярд.

Свабода: Гэта нагадвае гісторыю з Троцкім і Меркадэрам. У таго, праўда, былі ідэйныя прэтэнзіі да Льва Давыдавіча.

Беразоўскі: Ідэйных людзей у Расеі не засталося, прынамсі,сярод тых, хто падтрымлівае Пуціна, таму што ён чалавек цалкам безыдэйны і прапаведуе гэта, і тым самым разбурае Расею ня толькі звонку, але і знутры разбурае людзей. Таму ў выпадку сёньняшняга часу працуюць толькі грошы.

Свабода: Амбасадар Расеі ў Вялікабрытаніі заявіў, што вы спрабуеце гэтымі гісторыямі, паводле яго, адцягнуць увагу ад сваіх махінацыяў у адмываньні грошай і махлярстве, і наогул гэта спроба апраўдаць у вачах грамадзкай думкі Вялікабрытаніі антырасейскія крокі, зробленыя афіцыйным Лёнданам. Што вы на гэта скажаце?

Беразоўскі: Я цяпер вывучаю магчымасьць праз сваіх юрыстаў прыцягнуць спадара амбасадара Фядотава да адказнасьці за паклёп. Я ня ведаю, ці магчыма гэта супраць амбасадара, гэта цяпер вывучаюць мае юрысты, але факт, што ўсё, што ён казаў пра мае, як ён казаў, крымінальныя сувязі, адмываньне грошай і г.д., зьяўляецца хлусьнёй, і ён пра гэта ведае, паколькі я ніколі ня быў асуджаны ніводным судом. Больш за тое, усе справы, якія былі супраць мяне узбуджаныя, на сёньняшні момант я усе выйграў, уключна з той самай знакамітай справай АўтаВАЗу, за якую мяне хацелі экстрадзіраваць адсюль. Прэзыдыюм Вышэйшага арбітражнага суду вынес рашэньне на маю карысьць. У Расеі, павінен зазначыць. То бо, ня толькі суд Вялікабрытаніі прызнаў, што я не зьдзяйсьняў нічога супрацьпраўнага. Таму спадар амбасадар нахабна хлусіць, і, напэўна, інструктаваны Крамлём.

Свабода: Можа, ён спрабуе абаперціся на тую справу, якая распачата ў Бразыліі, выпісаны тат ордэр на ваш арышт?

Беразоўскі: Па-першае, у Бразыліі таксама нічога не даказана, як вы ведаеце, таму амбасадару не выпадае рабіць сьцьвярджэньні да рашэньня суду. Ці ён зусім з дрэваў спусьціўся? Бразылія – зусім асобная гісторыя, ініцыяваная таксама Расеяй. Я атрымаў дакумэнты цяпер з Бразыліі, не афіцыйныя, але копіі ўсіх дакумэнтаў. Там, напрыклад, напісана, што я двойчы па 10 гадоў сядзеў у турме. Там напісана, што я неаднаразова судзіўся за махлярства, адмываньне грошай і да т.п.

То бо, проста расейская пракуратура даслала цалкам непраўдзівую інфармацыю ў Бразылію, дзе яе перапісалі. Вы ведаеце, што ня так даўно там быў генэральны пракурор РФ. Напэўна, яны там за келіхам гарбаты і дамовіліся. Усё гэта абсалютна адна і тая ж гісторыя. Расея ня можа мяне дастаць напрасткі з Лёндану, таму спрабуе вынайсьці іншыя шляхі, праз трэція краіны, і гэта таксама, безумоўна, ня пройдзе. У Бразыліі, безумоўна, рашэньне будзе вынесенае на маю карысьць, і самым бліжэйшым часам. Я паспрабую яшчэ высьветліць, на падставе якіх дамоўленасьцяў бразыльскі пракурор і бразыльскі судзьдзя паступілі такім чынам, што выкарысталі хлусьлівыя факты для таго, каб выставіць ім абвінавачаньне.

• Інтэрвію Беразоўскага беларускай службе Радыё Свабода , 13.03.2000
XS
SM
MD
LG