Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Разваляць і зьнішчаць Беларусь не шпіёны, а карупцыя”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 19 ліпеня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадарыня: “Павінна быць абнародавана сапраўдная прычына адстаўкі Сухарэнкі. Верны служка дыктатара Лукашэнкі, магчыма, захоча трапіць у давер да такіх, як Калякін, Лябедзька. І празь іх будзе ў курсе ўсёй працы апазыцыйнага руху і будзе весьці раскольніцкую ці правакацыйную дзейнасьць. Калі ня будзе вядома сапраўдная прычына адстаўкі Сухарэнкі, значыць дыктатар Лукашэнка задумаў ці распрацаваў нейкі вельмі хітры плян. Так што Аляксандру Мілінкевічу і ўсім яго памочнікам і аднадумцам неабходна быць асьцярожнымі”.

Спадар: “Для Брытаніі справа гонару давесьці да лягічнага і справядлівага канца злачынства ядзернага тэрарызму № 1, у якім галоўным падазраваным зьяўляецца спадар Лугавы. Як вугор, ён спрабуе высьлізнуць ад адказнасьці, спасылаючыся на нейкія вярбоўкі, вэрсіі якіх яму падкідвае шэф-заказчык на дзяржаўным узроўні, зьяўляючыся першаю асобаю, безь якога такія злачынствы практычна немагчымыя”.

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”. Колькі словаў пра вёску. Мая знаёмая пры сустрэчы распавяла, што зь сям’ёй пераехала на сталае жыхарства з горада ў вёску. І з гонарам, з радасьцю сказала: “У аграгарадок”. Ну, дай ёй Бог шчасьця і дабрабыту там. Але я пацікавілася, а як жа так атрымалася – ў калгасе, на вёсцы мая знаёмая не працавала. Адказ такі: сваячка яе – загадчыца калгаснай фэрмы, дапамагла, прыстроіла трохі вартаўніком, пэнсія ў яе і мужа, добры кавалак зямлі… і хапае. Хваліла Лукашэнку. І я зразумела, што цяпер аграгарадкі – надзейны электарат кіруючага прэзыдэнта на вёсцы. Можа, толькі для гэтага і будаваліся яны за дзяржаўныя вялікія грошы. Былы электарат на вёсцы паціху адыходзіць і стаміўся ад прэзыдэнта. Толькі як жа адносіны да зямлі? Хто па-сапраўднаму на ёй будзе працаваць, любіць яе? Толькі ўласьнік. Але дзяржаўная палітыка на вёсцы, відаць па ўсім, зусім іншая. І яшчэ. Хачу падказаць тым, хто амаль грэбліва адклікаецца пра Радыё Свабода і яго слухачоў. Вы, таварышы, слухаеце і будзеце слухаць нашу “Свабоду” з-за пачуцьця страху, які ўсё больш авалодвае Вамі. Вельмі-вельмі хацелася б памыліцца і думаць, што будзеце слухаць таму, што ня ўсё беларускае ад Вас адышло. І яшчэ. Дзяржаўнаму радыё і тэлебачаньню Вы таксама, як і мы, ня верыце. “Свабода,” Вас усё цяжэй лавіць у эфіры. Вас добра чуваць раніцай, але, на жаль, большасьць Вашых слухачоў сьпяшаецца на працу раніцай”.

Спадар: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”. Я вось слухаю, як нейкі слухач да Вас адазваўся, што пры Шушкевічу трэба было ў чарзе стаяць па 200 грамаў масла. А хто гэта зрабіў? Ён жа слухае недзе. Зрабіла гэтая ўлада, якая цяпер сядзіць. Яны хацелі выгнаць Шушкевіча і Пазьняка, якія зрабілі для нас добрае, сьветлае. Пэнсію падвысілі, нам было лёгка-лёгка. А гэтыя як прыйшлі, дык і рэжым бальшавіцкі вярнуўся. Трэба іх усіх выганяць, а тых вярнуць назад – Шушкевіча, Пазьняка і ўсіх гэтых дэпутатаў, якія тады былі. Яны нам далі добрае жыцьцё. Так што той слухач няхай слухае, што мы супраць гэтай улады”.

Ларыса, Менск: “Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі павінен працаваць на карысьць дзяржавы. Нельга перасьледаваць апазыцыю, якая выказвае нейкія іншыя думкі і ўносіць прапановы, каб палепшыць становішча ў эканоміцы і наогул у жыцьці. Прыслухайцеся да іх. Павінны быць сустрэчы, трэба выслухаць адзін аднаго. Зь нечым не пагадзіцца, паспрачацца, знайсьці нейкае выйсьце. І зусім ужо нельга перасьледаваць моладзь, якая вучыцца ў іншых краінах. Дайце ім спакойна правесьці канікулы. Ніякай небясьпекі зь іх боку няма. Калі скончыцца іх вучоба, яны самі зробяць свой выбар: працаваць у сваёй краіне альбо там, дзе вучыліся”.

Слухач: “Вельмі ўважліва слухаю выступы слухачоў “Свабоды”. Мы ўсе перажылі тыя зьмены, якія адбыліся пасьля распаду СССР. Літаральна ўчора быў выступ пастаяннага слухача. Яго выступы заўжды вельмі супярэчлівыя. Хачу яму адказаць. Зьмены, якія адбыліся, – гэта не заслуга аднаго чалавека. Гэта заслуга ўсяго нашага народу. Першым, як Шушкевічу, было цяжэй. І ня трэба яго імя ўвесь час скланяць. У яго ёсьць свае заслугі. Ён быў каля вытокаў, а першаму заўжды цяжэй. Пэнсіі ва ўсе часы выплачвалі рэгулярна. Я на пэнсіі ўжо 20 год і атрымліваю яе рэгулярна. За тое, што мы апранутыя і абутыя, слава нашым “чаўнакам”. Цяпер паліцы перапоўненыя, як сказаў слухач. Але грошай, на жаль, не хапае, таму што цэны ўжо зашкальваюць. З гэтым трэба разабрацца”.

Спадар: “Добры дзень. Вось вырашылі мясцовыя ўлады гораду Пінску да 900-годзьдзя нашага гораду зрабіць рэканструкцыю Цэнтральнай плошчы. І раптоўна 13 ліпеня бульдозэр адкапаў 4 магілы, 4 труны, 2 зь якіх былі з чалавечымі шкілетамі. Працы прыпыніліся. І вось 18 ліпеня прыехалі вучоныя зь Менску, знакаміты археоляг і ягоныя памочнікі, і правялі раскопкі. Яны абвінавацілі мясцовыя ўлады, што тыя пачалі працы ў старажытнай частцы гораду, ні з кім не параіўшыся папярэдне, не запытаўшы дазволу, у выніку гэтага бульдозэр перамяшаў шмат магіл, чалавечых костак і гэтак далей. І вось працы прыпыненыя і, быццам бы, распачынаецца крымінальная справа супраць мясцовых уладаў. Я ня ведаю дакладна. Але мне гэтая інфармацыя здаецца вельмі цікавай. Стары прафэсар адчытваў мясцовых чыноўнікаў нібыта школьнікаў, якія ня ведаюць і не шануюць сваю гісторыю, а жывуць толькі сёньняшнім днём, ды і чым яны жывуць невядома”.

Мецяшова Софія Канстанцінаўна, старшыня рады прадпрымальнікаў г. Слуцку: “Мне б хацелася падзяліцца з Вамі інфармацыяй пра тое, што ў малым бізнэсе, які я прадстаўляю, ёсьць праблемы аплаты паводле палажэньня, якое цяпер уступіла ў сілу, і з-за гэтага на людзей накладзены вялікія штрафныя санкцыі. Таму я прашу супрацоўнікаў Радыё Свабода перазваніць мне ў сувязі з тым, што мы заўтра ідзем на прыём у наш выканкам. Прадпрымальнікі аб’явілі дзень свабоды малому бізнэсу. Мне б хацелася, каб Вы ўзялі гэтую інфармацыю. Мой сотавы тэлефон – 3137461”.

Спадарыня: “Прывітаньне, “Свабода”. Адказваю на пытаньне тыдня. Разваляць і зьнішчаць Беларусь не шпіёны з Захаду ці Ўсходу, а карупцыя, якая нас пажырае. Ну нашто шпіёну рызыкаваць жыцьцём, калі можна досыць лёгка купіць тое, што яму трэба”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG