Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трапіць Андрэй Лугавой у рукі брытанскай юстыцыі?


Кастусь Бандарук, Прага Дыпляматычны канфлікт паміж Вялікай Брытаніяй і Расеяй працягваецца і дапаўняецца ўсё новымі заявамі бакоў. Пасьля таго, як Расея адмовілася выдаць Вялікай Брытаніі бізнэсоўца Андрэя Лугавога, Лёндан вырашыў выслаць з краіны чатырох расейскіх дыпляматаў. Са свайго боку Расея прыгразіла “адраснымі і адэкватнымі” крокамі ў адказ.

Аб гэтым заявіў намесьнік міністра замежных справаў Расеі Аляксандар Грушко. Паводле яго, “прынятая Лёнданам лінія ўскладняе, калі ня робіць цалкам немагчымым супрацоўніцтва праваахоўных органаў у тых сфэрах, якія закранаюць інтарэсы бясьпекі грамадзян”.

Расея нагадвае, што Брытанія ня выдала Беразоўскага і Закаева

Грушко ўдакладніў, што Лёндан кажа пра “перагляд шэрагу галінаў супрацоўніцтва з Расеяй, у тым ліку візавага рэжыму і адмове ад любых кантактаў з ФСБ”. Грушко нагадаў, што Масква зьвярталася да Лёндану з просьбай выдаць 21-го расейскага грамадзяніна, у тым ліку бізнэсоўца Барыса Беразоўскага і лідэра чачэнскіх сэпаратыстаў Ахмада Закаева, але ніводзін зь іх ня быў выданы. Затое ў выпадку Лугавога Лёндан патрабуе выдачы, хаця гэта супярэчыць расейскай Канстытуцыі. Прадстаўнік расейскага МЗС-у Міхаіл Камынін заявіў:

“Пазыцыя Лёндану – амаральная. Апроч таго, у Лёндане павінны добра разумець, што задуманыя брытанскімі ўладамі правакацыйныя дзеяньні не застануцца без адказу і ня могуць не пацягнуць самых сур’ёзных наступстваў для расейска-брытанскіх адносінаў у цэлым. Аб гэтым міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў шчыра заявіў у тэлефоннай размове пару гадзін таму”.

Паводле расейскага МЗС, калі б Расея пайшла па шляху высылкі дыпляматаў, як Лёндан, дык брытанскае пасольства да сёньняшняга дня не далічылася-б 80 сваіх дыпляматаў ў Расеі.

Д.Мілібэнд: Лугавога можа выдаць іншая краіна, калі ён паедзе за мяжу

Аднак брытанскі бок лічыць сваё патрабаваньне выдачы Лугавога абгрунтаваным. Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэвід Мілібэнд заявіў:

“Сталічная паліцыя сабрала сур’ёзныя доказы супраць Андрэя Лугавога. Я магу заявіць наступнае: мяркуецца, што гэтае цяжкое злачынства было зьдзейсьнена ў лістападзе 2006 году, калі спадар Лугавой атруціў спадара Літвіненку з дапамогай сьмяротнай дозы вельмі радыёактыўнага рэчыва – палёнію-210”.

Выступаючы ў парлямэнце, Дэвід Мілібэнд дадаў:

“З улікам важнасьці гэтай справы і адмовы Расеі супрацоўнічаць у вырашэньні праблемы, мы вымушаныя даць адпаведны адказ. Нашы мэты ясныя: па-першае, спрыяць судоваму разьбіральніцтву, па-другое, даць расейскім уладам адчуць наступствы іх адмовы супрацоўнічаць, і па-трэцяе – падкрэсьліць нашы абавязацельствы па бясьпецы брытанскіх грамадзянаў і нашых гасьцей”.

Мілібэнд выказаў спадзяваньне, што Андрэй Лугавой усё-ткі калі-небудзь трапіць за брытанскія краты, калі, напрыклад, паспрабуе выехаць за мяжу ў краіну, як мае зь Лёнданам пагадненьне аб экстрадыцыі.

Брытанскае МЗС пакуль не назвала прозьвішчаў расейскіх дыпляматаў, якіх Лёндан зьбіраецца выслаць з краіны. Гаворыцца толькі, што гэта людзі, якія маюць дачыненьне да службаў бясьпекі. У сваю чаргу Расея заяўляе, што ейныя крокі ў адказ разьлічаныя на тое, каб у як мага меншай ступені закрануць інтарэсы шараговых грамадзян, у прыватнасьці, турыстаў і бізнэсоўцаў.

Прадухілены замах на Беразоўскага

Як паведамляецца ў сёньняшнім выпуску брытанскай газэты “Sun”, брытанская паліцыя прадухіліла замах на Барыса Беразоўскага. Паліцыя арыштавала кілера, які ў суправаджэньні дзіцяці меў намер застрэліць Беразоўскага ў адным з пакояў гатэлю “Гілтан” у цэнтры Лёндану.

Учора Беразоўскі заявіў, што ў апошні час было некалькі замахаў на ягонае жыцьцё, і што ён ўдзячны брытанскім уладам за ахову. Аднак расейскі амбасадар у Вялікай Брытаніі Юры Фядотаў выключыў любую датычнасьць Расеі да спробы замаху. Паводле Фядотава, Беразоўскі скарыстоўвае любую магчымасьць, каб прыцягнуць увагу да сваёй асобы.

Брытанія будзе дамагацца выдачы Расеяй падазраванага ў забойстве Літвіненкі, 22.05.2007
XS
SM
MD
LG