Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мапа “Google Earth” дазваляе зірнуць зблізку нават на сакрэтныя аб’екты


Алесь Дашчынскі, Менск Служба “Google Earth” дазваляе зазірнуць у любы куток зямлі. Праз інтэрнэт можна паглядзець здымкі са спадарожніка. У радку пошуку можна задаць дакладныя каардынаты альбо назоў мясцовасьці. Маштаб такой інтэрнэт-мапы – да 10 мэтраў у адным сантымэтры. Іншымі словамі, можна разгледзець і стратэгічныя аб''екты, у тым ліку і вайсковыя базы. Ці не нясуць пагрозу для дзяржаўнай таямніцы спадарожнікавыя здымкі, якія можна паглядзець праз інтэрнэт?

З дапамогай службы “Google Earth” можна ўбачыць свой дом з космасу. Таксама дастаткова націснуць на кнопку мышкі, каб знайсьці выяву прэзыдэнцкай адміністрацыі ў Менску на Карла Маркса, 38. Добра бачныя контуры будынку і ўнутраныя дворыкі. Малюнак можна рухаць управа, улева, уверх, уніз, памяншаць ці павялічваць маштаб.

Прадстаўнік прэсавай службы дзяржсакратарыяту Савета бясьпекі Вікенцій Ключнік сказаў не бачыць у здымках са спадарожніку патэнцыйнай бясьпекі.

“У век спадарожнікаў гэта ўжо ня дзіўна. Ну што зробіш, калі тэхніка дазваляе ўсё гэта рабіць?! Мы ж краіна ў цэнтры Эўропы. Мы больш навідавоку тут. І краіна меншая”.

Кліенты мапы “Google Earth” выявілі шэраг засакрэчаных вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі розных краін. Да прыкладу, падводны тунэль для субмарын ля кітайскага вострава Хайнань альбо контуры ізраільскіх ракетных батарэй і ангараў.

Карыстальнікі інтэрнэту з Паўднёвай Карэі знайшлі ўрадавы комплекс Чонг Ва-Да й іншыя аб’екты. Афіцыйныя ўлады зьбіраліся патрабаваць ад Google выдаліць гэтую інфармацыю.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін кажа, што Беларусі няма чаго й хаваць:

“Беларусь ня мае ні ядзерных, ні ракетных аб’ектаў. У Беларусі няма нічога такога, што магло б прыцягнуць увагу касьмічнай разьведкі. Я думаю, што вайсковага ўрону для Беларусі няма. Сакрэтныя аб’екты, як камандны пункт ППА, замаскіраваныя і візуальнай разьведкай іх ня знойдзеш. Таму, я думаю, што Беларусь наўрад ці прад’явіць прэтэнзіі да Google”.

На тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя расейскія вайсковыя аб’екты: радыёлякацыйная станцыя пад Ганцавічамі і вузел сувязі ваенна-марскога флёту ў Вялейцы. Прадстаўнік прэсавай службы міністэрства абароны Расеі Ігар Костышын сказаў, што ягонае ведамства не пратэставала супраць публікацыі спадарожнікавых здымкаў:

“Па вялікім рахунку гэта не рэглямэнтуе нас. Я ня бачу сэнсу пытаньня наагул. Ну выпусьцілі і выпусьцілі”.

Спадар Алесін мяркуе, што небясьпека можа быць толькі пры адной умове:

“Усе мапы спадарожнікавыя могуць быць залічбаваныя і зь іх могуць быць зроблены лічбавыя мапы для навядзеньня крылатых ракет”.

Прадстаўнік дзяржкамітэту па маёмасьці, які не пажадаў, каб называлі яго імя, даводзіў, што мапа Google недасканалая. І па ёй навесьціся на пэўны аб’ект у Беларусі, каб туды трапіла ракета, нельга. Для гэтага трэба ведаць сур’ёзныя зьвесткі, якія засакрэчаны. Таму да спадарожнікавых здымкаў у інтэрнэце чыноўнікі ставяцца спакойна. І чакаюць, калі Беларусь запусьціць свой спадарожнік, каб мець такія ж уласныя мапы.

На прадпрыемстве “Белкартаграфія” сказалі, што іншым разам нават карыстаюць мапу Googgle. Аднак у Беларусі вельмі многае засакрэчана, і публікацыя мапы можа быць толькі з дазволу вайскоўцаў. Намесьнік дырэктара Любоў Жукоўская сказала:

“Я ня ведаю наколькі гэта правамоцна, разьмяшчаць у інтэрнэце такі здымак. Напрыклад, у нас гэта ўсё засакрэчана: мапы буйнамаштабныя, здымкі. У Польшчы буйнамаштабныя здымкі можна купіць у краме”.

Прадстаўнік ваенна-паветраных сілаў ЗША Дэвід Дэптул заявіў, што зьвесткі на мапе Googgle маюць пагрозу для бясьпекі краіны. Раней яны былі засакрэчаныя, а цяпер даступныя любому жадаючаму. Аднак амэрыканскія вайскоўцы не плянуюць уводзіць абмежаваньні ці засакрэчваць выявы пэўных тэрыторый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG