Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 18 ліпеня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На сайце telegraf.by выкладзена заява першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Анатоля Рубінава, які лічыць, што "Сыстэму цэнтралізаванага тэставаньня трэба ўдасканальваць і праводзіць на платнай аснове". Як мяркуе Анатоль Рубінаў, "для аднаго чалавека цэнтралізаванае тэставаньне павінна каштаваць каля 15 даляраў, гэта ў суме вялікія грошы, у якіх маецца вострая неабходнасьць для ўдасканальваньня сыстэмы тэставаньня".

На форумах парталу tut.by Ar©haic камэнтуе: “Не, не павінна наогул быць тэставаньня, гэта прафанацыя ведаў”. Giant Mouse: “А яшчэ можна зрабіць платнае наведваньне школы з разьдзельнай платай уваходу-выхаду, платныя туалеты ў школах і іншых навучальных установах...”

Яшчэ адзін камэнтар ад чалавека: “Прапаную гэтаму Рубінаву яшчэ адну навінку: зрабіць навучаньне ў ВНУ бясплатным, але падчас падачы заявы на навучаньне абітурыент павінен будзе перавесьці на рахунак ВНУ 10 тыс. даляраў”.

ddokk: “А я лічу, што кожны чыноўнік павінен плаціць па 1000 баксаў за кожнае выказваньне падобнага роду. У гэтых грошах ёсьць вострая неабходнасьць для ўдасканаленьня сыстэмы своечасовага сыходу маразматыкаў на пэнсію”.

Блогер bulba-dmitry ва ўласным дзёньніку сёньня разважае: “У адвечнай мерзлаце знайшлі мумію маманта. Маленькага. Кажуць, 40 000 гадоў праляжаў. Маманцёнак аказаўся самкай. Назвалі яе Любай. Нашыя СМІ надаюць такую ўвагу знаходцы, быццам адшукалі сэнс жыцьця. У цэнтры Масквы вось ужо 83 гады ляжыць іншая мумія. Чалавека. Мае імя Ўладзімер Ільліч. Напэўна, неўзабаве варта чакаць, што СМІ плаўна пяройдуць да пытаньня пахаваньня Леніна. Неяк іначай растлумачыць такі піар знаходкі маманцёнка складана...”

Зазірнем у блог lelichak. Ягоны гаспадар напярэдадні адкрыцьця чарговага фэстывалю маладой музыкі Беларусі «Басовішча» паведамляе тым, хто ня здолеў выбрацца на канцэрты: «Наведнікі сайту bas.racyja.com змогуць віртуальна прысутнічаць на фэсьце. Web-каманда рэдакцыі радыё “Рацыя” будзе весьці жывы рэпартаж з “Басовішча”. Акрамя трансьляцыі канцэртаў 20 і 21 ліпеня, у рэжыме рэальнага часу на старонках сайту будуць зьмяшчацца фота- і відэа справаздачы пра тое, што адбываецца ва ўрочышчы Борэк каля Гарадку».

На Сайце навінаў Сеціва зьявілася паведамленьне зь лябараторыі Касьперскага, у якім апавядаецца пра новы кампутарны вірус-вымагальнік. Вірус заражае кампутар і шыфруе ўсе дакуманты, адлюстраваньні і архіўныя файлы карыстальніка, утвараючы зь іх нечытэльнае "электроннае сьмецьце", пасьля чаго на жорсткім дыску кампутара зьяўляюцца файлы зь імем "read_me.txt". Для расшыфроўкі файлаў раіцца набыць праграмнае забесьпячэньне коштам 300 даляраў. Лябараторыя Касьперскага паведамляе, што вяртаньне зашыфраваных файлаў у нармальны стан не вымагае шмат часу.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG