Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Экспэртыза Свабоды": “З войска прыходзяць жахлівыя людзі”


Віталь Цыганкоў, Прага У гэтыя дні адбываецца заключная фаза прызыву ва Ўзброеныя Сілы – пачалася адпраўка ў войска маладога папаўненьня. Ці лічыць цяперашнія маладыя людзі, што служба ў войску – гэта патрэбна, гэта прэстыжна? Што робіць вайсковая служба з маладымі людзьмі, як яна іх мяняе? На гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” разважаюць літаратар Сяргей Балахонаў, які служыў у беларускім войску, і маладафронтавец Яраслаў Грышчэня, які не гарыць жаданьнем ісьці ў армію.

“Не шкадую, што адслужыў”

Цыганкоў: “У гэтыя дні адбываецца заключная фаза прызыву ва ўзброеныя сілы – пачалася адпраўка ў войска маладога папаўненьня. Выкарыстаем гэта як нагоду паразважаць пра сёньняшняя беларускае войска. Літаратар Сяргей Балахонаў служыў у беларускім войску 6 гадоў таму. Сяргей, як вас зьмяніла вайсковая служба?”

Балахонаў: “Спачатку, у першыя месяцы, было дастаткова весела і забаўна назіраць за ўсім, што там адбывалася. Можа, гэта было зьвязана зь зьменай асяродзьдзя, і ўсё гэта выроўніваньне сьнегу, іншае, што тут здаецца абсурдным, там успрымалася даволі весела. Але потым, калі ўсё гэта перастала быць экзотыкай, стала штодзённасьцю і рутынай – то войска стала прытамляць.

Плюс уліваньне ў даўно сфармаваны вайсковы калектыў таксама прыносіць пэўныя цяжкасьці. Бо там ёсьць свая спэцыфічная герархія, як афіцыйная гэтак і нефармальная – усё гэта, безумоўна, ціснула.

У цэлым нельга сказаць, што войска мяне неяк надламіла. У прынцыпе, я не шкадую, што адслужыў”.

Цыганкоў: “Існуе меркаваньне, што пасьля тэрміновай службы ў арміі прыходзяць больш жорсткія, загартаваныя, але і больш грубыя да некаторых праяваў жыцьця людзі. Ці вы згодныя з такім меркаваньнем?”

Балахонаў: “Не, усё гэта залежыць ад чалавека. Магчыма, ён так быў запраграмаваны, ужо загадзя, незалежна ад войска. І армія толькі падштурхнула яго стаць такім”.

Цыганкоў: “А абставіны? Калі ён патрапіў у даволі жорсткае асяродзьдзе, ці мае шанцы ён захавацца і застацца сабой?”

Балахонаў: “Безумоўна, у вельмі жорсткім асяродзьдзі захаваць сябе, свой кодэкс гонару будзе вельмі цяжка. Але паспрабаваць варта”.

Цыганкоў: “Яраслаў, вам 18 гадоў, вы хочаце ісьці служыць у беларускае войска?”

“Я не лічу гэта войскам, гэта балаган”

Грышчэня: “У дадзенай сытуацыі я цалкам адмаўляюся ад беларускага войска. Па-другое, я не лічу гэта войскам. Яно павінна краіну абараняць, а не займацца лухтой. Людзі прыходзяць туды і пачынаюць раўняць сьнег, а заканчваюць продажам блях, пагонаў і аксэльбантаў”.

Цыганкоў: “Ваша такое ўражаньне пра беларускае войска на падставе чаго ўтварылася?”

Грышчэня: “Тыдзень таму з войска дэмабілізаваўся мой старэйшы брат. Яго ў свой час выкінулі з унівэрсытэту за налепкі, а цяпер ён кажа “э, ы, ты што, у нас у стране стабільнасьць, гэта ўсё цудоўна, усё будзе клёва”. Але потым я зь ім паразмаўляў, і мне стала сьмешна – гэта ня войска, гэта лухта нейкая, цырк, балаган”.

Цыганкоў: “Як вы ставіцеся да таго пашыранага меркаваньня, што армія – гэта пэўная школа жыцьця (хаця некаторыя кажуць, што лепш яе прайсьці завочна)? Многія дзяўчыны лічаць, што чалавек, які прыйшоў з арміі – ён больш мужны, “сапраўдны мужчына”...”

Грышчэня: “Гэта сьмешны момант. На маю думку, большасьць спэцназаўцаў, якія вяртаюцца ў цывільнае жыцьцё, гатовыя біць іншым морду толькі на той падставе, што “я служыў, а ты не служыў”. Дзесьці пару дзён таму я ехаў у цягніку ў Менск, і там ехалі некалькі гэтак званых “дзембялёў” (дэмабілізаваных), якія былі ўшчэнт п’яныя і паразьбівалі вокны з крыкамі “Я еду дамоў”. Жахлівыя людзі адтуль з войска прыходзяць”.

“Некаторым афіцэрам выгадная герархія прымусу”

Цыганкоў: “Яраслаў завастрыў гэтую праблему – што войска робіць з чалавекам? Ці прадвызначана, што чалавек зьменіцца ў горшы бок, ці вы, Сяргей, так не лічыце?”

Балахонаў: “У тых момантах, дзе можна заставацца сабой, гэта ўсё ж магчыма. Калі гэта тычыцца нестатутных дачыненьняў, то я заўсёды адмоўна да іх ставіўся. Наколькі гэта было магчыма, імкнуўся іх пазьбягаць. Нават калі я дасягнуў ужо нейкага высокастатуснага становішча, я ніколі гэтага не выкарыстоўваў”.

Цыганкоў: “Але калі ня будзеш прымушаць “маладых” нешта за цябе рабіць, тады будзеш сам гэта рабіць. Калі яны ня будуць прыбіраць казарму, тады ты, “дзед”, будзеш гэта рабіць... Такая сыстэма аўтаматычна спрыяе дзедаўшчыне. Ці не так?”

Балахонаў: “Сапраўды, пэўная кругавая парука была. І па некаторых афіцэрах і прапаршчыках было відаць, што выгодная ім такая сытуацыя, калі ёсьць нестатутныя дачыненьні, герархія прымусу”.

Цыганкоў: “А наколькі моцная ў беларускім войску дзедаўшчына, прынамсі, тады, калі вы служылі?”

Балахонаў: “На той час дзедаўшчына існавала. Не магу сказаць, ці была яна жорсткай ці мяккай, бо параўноўваць няма з чым. Нашыя “дзяды” пераконвалі, што форма гэта вельмі мяккая, і што яны ледзь не нянькаюцца з намі. Тым ня менш было шмат непрыемных момантаў. Асаблівасьць маёй сытуацыі была яшчэ ў тым, што тыя самыя “дзяды” былі маладзейшыя за мяне гадоў на пяць, бо я прыйшоў у войска пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту”.

“Палітрукі зрабілі зь ім сваю справу”

Цыганкоў: “Яраслаў, ці распавядаў вам брат нешта пра дзедаўшчыну?”

Грышчэня: “Вядома ж, “дзембель” бяз гэтага ня можа жыць. Кажа, што яна была, ёсьць і будзе ўвесь час. Бо гэта ланцуг – калі ты прыходзіш у войска, на цябе пачынаюць ціснуць. А праз год ты пра гэта ўзгадваеш і пачынаеш ціснуць на іншых. Гэта кола, якое ніколі ня спыніцца – толькі пасьля развалу гэтай вайсковай сыстэмы.

Па аднаму дзяды нічога ня могуць зрабіць, але яны зьбіраюцца ў групоўкі, і калі іх 5-7 чалавек, яны пачынаюць “строіць” 10-15 “маладых” і гаварыць ім, што “мы –ўсё, а вы – ніхто”.

Цыганкоў: “Яраслаў, вы казалі, што ваш брат у войску зьмяніўся. Мне, напрыклад, таксама пасьля арміі казалі, што я моцна зьмяніўся, стаў больш памяркоўным, разважлівым. Але я на гэта адказваў, што калі б мяне ў 18 гадоў хоць куды заслалі на два гады – хоць у Афрыку, хоць у Сыбір, я б у любым выпадку зьмяніўся. Можа, тое ж самае і з іншымі людзьмі ў арміі?”

Грышчэня: “У такі бок мой брат бяз войска не зьмяніўся б. Ён да арміі змагаўся супраць рэжыму. Ён быў такім хлопцам, што “пакуль я сам не пераканаюся, ня ўбачу, я не паверу”. Пайшоў у войска, і там іхнія палітрукі і ідэёлягі зрабілі сваю справу. Калі б ён туды не патрапіў, зараз бы быў зусім іншым”.
XS
SM
MD
LG