Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уздоўж Аўгустоўскага каналу: “Памятаю, як пры Польшчы тут хадзіў параход”


Міхал Карневіч, Аўгустоўскі канал Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Рэканструкцыя беларускай часткі Аўгустоўскага каналу завяршылася год таму. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, на яе пайшло каля 40 мільярдаў рублёў.

Плянавалася, што жыхары навакольных вёсак нарэшце атрымаюць працу — пачнуць займацца турыстычным бізнэсам. Праўда, пакуль замежныя турысты на канал ня едуць, а мясцовыя жыхары не зьмянілі ладу жыцьця.

Я на Аўгустоўскім канале.

Падарожжы Свабоды. Аўгустоўскі канал. Аўгустоўскі канал

Першы год, як тут няма памежнай зоны, людзі з гораду знайшлі месцы для адпачынку, а з 1 траўня па канале ходзіць невялічкі параходзік — адмыслова для турыстаў. Збочваю, каб даехаць да вёскі Калеты.

Даўно забытая вясковая цішыня, слабенькі ветрык, цурчыць чыстая рачулка, на горцы невялічкі касьцёл. Людзей на вуліцы не відаць.

Заходжу ў двор да самага старэйшага чалавека ў Калетах — Юзафа Альшэўскага, яму 81 год. Спадар Юзаф кажа, што ў ягонай адрыне прахалодна, там можна паразмаўляць.

Карэспандэнт: “Спадар Юзаф, а чаму ваша вёска называецца Калеты?”

Альшэўскі: “Праяжджаў тут некалі даўно адзін чалавек, і там побач з возерам згубіў манэтку, якую называлі калетка. Ад гэтай манэткі й пайшла назва нашай вёскі”.

Падарожжы Свабоды. Аўгустоўскі канал. Юзаф Альшэўскі — самы стары жыхар вёскі Калеты Юзаф Альшэўскі — самы стары жыхар вёскі Калеты

Карэспандэнт: “Людзей нешта не відаць у вашай вёсцы. Ці ёсьць у вас моладзь?”

Альшэўскі: “Наагул-то маладых зусім мала, у гэтым годзе толькі двое школу скончылі, а так пэнсіянэры, усе старыя засталіся”.

Спадар Юзаф распавядае, што ў іх вёсцы няма нават калгасу, разваліўся пасьля перабудовы, нават каровы ў вёсцы ўжо ніхто не трымае. Няма ў іх і крамы, толькі некалькі разоў на тыдзень прыяжджае аўталаўка.

Да нашай размовы далучаюцца суседзі спадара Юзафа — Зьміцер Садкоўскі й Зыгмунт Драздоўскі, таксама людзі пэнсійнага веку. Яны пабачылі, што каля хаты спынілася незнаёмае аўто, зайшлі пацікавіцца.

Садкоўскі: “Тут амаль усе пэнсіянэры — што тут рабіць? Толькі тры чалавекі зь вёскі працуюць: адзін на канале, прыбірае адна, там дзе была школа, і лясьнік. І ўсё, тут няма людзей”.

Карэспандэнт: “Можа, цяпер ваша жыцьцё зьменіцца, прыедуць турысты на канал?”

Драздоўскі: “Што сюды ехаць... Турыстам патрэбныя гатэлі, рэстараны... А так, што ён — прыедзе й будзе сядзець на гэтых берагах? Пакуль яшчэ тут няма ўмоваў, каб эўрапейскі турыст ехаў”.

Сёлета спаўняецца 180 гадоў, як пачалося будаўніцтва Аўгустоўскага каналу. Ён злучае Віслу й Нёман, мае больш як сто кілямэтраў, зь іх 80 праходзяць па тэрыторыі Польшчы. А на Гарадзеншчыне ён ідзе ўздоўж трох межаў: польскай, літоўскай і нашай. І ва ўсе тры краіны дзякуючы каналу можна патрапіць водным шляхам.

Падарожжы Свабоды. Аўгустоўскі канал. На шлюзе Дамброўка На шлюзе Дамброўка

Гэта сапраўдны помнік гідратэхнічнага будаўніцтва. Яго пачалі будаваць у час Расейскай імпэрыі — Прусія тады прызначыла вялікае мыта, трэба было шукаць новы гандлёвы шлях да Балтыйскага мора.

Праўда, неўзабаве Прусія высокія мытныя зборы скасавала, гандлёвыя перавозкі пачаліся праз чыгунку, але Аўгустоўскі канал усё адно дабудавалі да канца й сталі выкарыстоўваць для гаспадарчых мэтаў.

Садкоўскі: “Я памятаю, як пры Польшчы тут хадзіў параход”.

Карэспандэнт: “І хто сюды прыплываў?”

Садкоўскі: “Хто? З Горадні ці з Друскенікаў, хто ўвечары плыў”.

Карэспандэнт: “І што тут рабілі турысты?”

Садкоўскі: “А ён тут не спыняўся, ён плыў у Аўгустоў. А па канале нашы бацькі толькі лес сплаўлялі, цягалі туды ўгару, у Польшчу ці, можа, у Нямеччыну”.

Карэспандэнт: “Што рабілася ў вашай вёсцы ў верасьні 1939 году, калі сюды прыйшлі бальшавікі. Памятаеце, як яны прыехалі ў вашу вёску?”

Альшэўскі: “Гэта былі людзі, як зьвяры. Першы раз, калі яны прыйшлі ў трыццаць дзявятым годзе, то ні з чым не лічыліся. Паглядзелі — мазалёў няма на руках, значыцца, ты пан, і кулю ў лоб”.

Выявілася, што бальшавікі прабылі ў Калетах толькі два тыдні, а потым пакінулі вёску, і тут мясьціліся нямецкія памежнікі й паліцыянты. Нямецкая ўлада трымалася ў Калетах да 1944 году, пакуль зноў не вярнуліся бальшавікі.

Пасьля вайны ўсё зьмянілася, і нават на могілкі людзей з Калетаў пачалі вазіць у Сапоцкін, а не ў Міклашэвічы, якія былі хоць і бліжэй, але ўжо на польскім баку. Да сваякоў нікога не пускалі. Многія зьехалі жыць у Польшчу. Пра гэта мне кажа Юзаф Альшэўскі.

А я пытаюся: пры якой уладзе ўсё ж жыць было лягчэй?

Альшэўскі: “Пры Брэжневу людзі пажылі добра: кожны меў капейку, кватэру. А ўжо як стаў пераварот, то людзі ўсё пагубілі...”

Карэспандэнт: “А пры Польшчы, пры немцах?”

Альшэўскі: “Пры немцах мала хто меў грошы. Ды й пры Польшчы таксама бедна жылі, заробкаў ня мелі, зямля слабая, людзей шмат. Толькі рыбу лавілі, грыбы зьбіралі, цяжка было пры Польшчы жыць”.

Юзаф Альшэўскі яшчэ паскардзіўся, што атрымлівае малую пэнсію — 190 тысяч, а жонка — 113, хоць усё жыцьцё працавалі. І дадае, што яго нават і гэта мала цікавіць, бо жыцьцё сканчаецца.

А я ўжо з другога боку Аўгустоўскага каналу — вёска Нямнова. Тут знаходзіцца самы вялікі шлюз, і тут канал упадае ў Нёман. Стаю побач са шлюзам — прыгажосьць, на тым баку нехта вывеў папасьвіць каня, а побач скубе траву прывязаная кароўка.

Заходжу ў прыватны музэй Аўгустоўскага каналу, які месьціцца ў былым доме вартаўніка каналу. Гэта невялікі пакойчык з рознымі старымі рэчамі. Мяне праводзіць Аляксандар Зажэцкі, які цяпер жыве ў гэтым доме. Ягоныя дзед і прадзед працавалі на канале, а бацька разам з суседзямі ў 1980-я гады аднаўляў яго.

Карэспандэнт: “Саша, скажыце, хто надумаў зрабіць музэй каналу?”

Зажэцкі: “Тадэвуш Урбанак — гэта наш сусед, быў унукам Івана Лукшы, апошняга вартаўніка каналу. У яго засталіся некаторыя дакумэнты, у прыватнасьці, вадамерныя кніжкі, якія вёў дзед. Быў яшчэ тут Робэрт Сарноўскі з Варшавы, і яны ў 1996-м плавалі па канале й стваралі першыя мапы. Вось бачыце, яны вісяць”.

Падарожжы Свабоды. Аўгустоўскі канал. Аляксандар Зажэцкі — уладальнік прыватнага музэя Аўгустоўскага каналу Аляксандар Зажэцкі — уладальнік прыватнага музэя Аўгустоўскага каналу

Карэспандэнт: “А гэта, напэўна нейкія масянжовыя часткі мэханізму?”

Зажэцкі: “Гэта ад мэханізму варотаў. Вось ёсьць такія масянжовыя ўтулкі, якія яшчэ былі абцягнутыя лямцам, каб дзьверы адчыняліся й не рыпелі. А вось цяпер чамусьці ўтулак такіх не зрабілі, а проста дрэва па мэтале...”

Карэспандэнт: “Гляджу, некаторыя рэчы наўпрост не зьвязаныя з каналам?”

Зажэцкі: “Мы вырашылі ў гэтым музэі яшчэ паказаць быт людзей, якія тут жылі й працавалі. Вось знайшлі калекцыю прасаў, а таксама карбідная лямпа — ёй карысталіся пасьля вайны”.

Спадар Аляксандар апавядае, што апошні вартаўнік на шлюзе Нямнова, Іван Лукша, даглядаў канал нават тады, калі яму за гэта не плацілі, бо канал не выкарыстоўваўся.

А ў сярэдзіне 1980-х Ян Зажэцкі разам зь сябрамі за свае грошы адрамантавалі рэгулятар вады Куркуль, і пра гэта тады паведамлялі беларускія й польскія газэты. Хацелі аднавіць канал цалкам, але ўлады зачынілі іх каапэратыў — спалохаліся, што пачнуць езьдзіць турысты.

Падарожжы Свабоды. Аўгустоўскі канал. Памятны знак на Аўгустоўскім канале. Увечненае імя толькі А.Лукашэнкі, а ня тых, хто яго рэстаўраваў Памятны знак на Аўгустоўскім канале. Увечненае імя толькі А.Лукашэнкі, а ня тых, хто яго рэстаўраваў

Карэспандэнт: “Як, на вашу думку, адрамантавалі канал? Якая ў яго будучыня?”

Зажэцкі: “Першае, Аўгустоўскі канал трэба зрабіць, як плянавалася, — каб ён быў помнікам архітэктуры й трапіў пад ахову ЮНЭСКО. А калі ля помніка зьявіцца інфраструктура, тады час пакажа, што трэба яшчэ. Бо так, як цяпер, людзі прыяжджаюць паглядзець толькі на ваду, ды так было й дваццаць гадоў таму...”

Аляксандар Зажэцкі кажа, што яшчэ ягоны бацька распавядаў, як да 1939 году ў Нямнове амаль кожную нядзелю адбываліся фэсты, граў духавы аркестар, прыяжджала шмат людзей з гораду, нават прадавалі марозіва. А цяпер тут няма дзе набыць нават вады.

Саша, як і ягоны бацька, жыве й працуе ў Горадні, на тым жа прадпрыемстве. На канал яго цягне заўсёды. Пытаюся, ці не хацеў бы ён застацца тут.

Зажэцкі: “Я зь дзяцінства сюды прыяжджаў, паколькі жыву ў горадзе, бачу, што й тут нешта зьмяняецца, але жыць стала, трымаць гаспадарку... Напэўна, ня змог бы. Усё ж у мяне іншае жыцьцё, і працую я ў іншай сфэры”.

Мы стаім з Аляксандрам на вуліцы, і ён прапаноўвае паслухаць некалькі цікавостак, якія адбываліся ў Нямнове ў розныя гады.

Зажэцкі: “У 1918 годзе падчас Першай усясьветнай вайны ў Нямнове кватараваў казацкі полк, і адзін казак, паспрачаўшыся, пераскочыў на кані шлюз”.

А яшчэ Саша распавядаў, як у пачатку Другой усясьветнай вайны перад шлюзам затапілі баржу з кузьняй, якую перавозілі з Аўгустова. Пасьля вайны чырвонаармейцам нехта падказаў, што на гэтым месцы нібыта схавалі зброю. Тыя танкамі выцягвалі баржу, дасталі кузьню й шмат патрэбных для каналу запчастак, але ўсе яны хутка зьніклі, расьцягнулі людзі па хатах.

А вось да нас падыходзіць чалавек. Саша кажа, што гэта адзін зь сябраў ягонага бацькі — Пётра Сяргей, які браў удзел у аднаўленьні канала ў 1980-я. Ён ужо пэнсіянэр, жыве паблізу.

Карэспандэнт: “Спадар Пётра, а як найчасьцей выкарыстоўваўся канал, калі ён дзейнічаў?”

Сяргей: “Баржаў тут шмат не плавала, але вось дрэва бралі ў арэнду й сплаўлялі да Коўна”.

Падарожжы Свабоды. Аўгустоўскі канал. Пётра Сяргей — жыхар вёскі Нямнова Пётра Сяргей — жыхар вёскі Нямнова

Спадар Пётра згадвае, што ў паваенныя гады вёска хутка апусьцела: шмат хто выехаў у Польшчу, а астатнія, каб не ісьці ў калгас, уцякалі ў Горадню. Дый цяпер ён ня бачыць ніякай будучыні для сваёй вёскі — у некалькіх хатках дажываюць пэнсіянэры. А вось пры паляках, згадвае ён, сюды шмат людзей прыяжджала адпачываць.

Сяргей: “Нават алькаголікаў прывозілі сюды са Сьвяцку”.

У былым маёнтку графа Валовіча ў Сьвяцку пасьля Першай усясьветнай вайны й да 1939 году месьцілася адна з самых вядомых у Эўропе клінік, дзе лекавалі ад алькагалізму. Сюды прывозілі пацыентаў з Эўропы. Але што ж яны рабілі, тут гэтыя алькаголікі?

Сяргей: “Ну, што рабілі — гарэлку пілі. А потым пагрузяць іх на падводы дый вязуць назад. А людзі толькі бутэлькі пасьля іх зьбіралі”.

Тут даводзіцца сканчаць размову — пачалася залева. Спадар Пётра пабег, нават не разьвітаўшыся, адвязваць сваю кароўку, а Аляксандар схаваўся ў доме. А я, таксама падмоклы, сядаю ў машыну, еду ўздоўж каналу й вяртаюся ў Горадню.

Падарожжы Свабоды. Аўгустоўскі канал. Параход “Нёман” на Аўгустоўскім канале. Абяцаюць, што некалі ён пойдзе з польскага Аўгустова да літоўскіх Друскенікаў, праз Горадню Параход “Нёман” на Аўгустоўскім канале. Абяцаюць, што некалі ён пойдзе з польскага Аўгустова да літоўскіх Друскенікаў, праз Горадню
XS
SM
MD
LG