Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы: Дашкевіча трымаюць ва ўмовах, параўнальных з катаваньнем


Любоў Лунёва, Менск Праваабаронцы і грамадзкія дзеячы зьвярнуліся ў “Чырвоны крыж”. Яны чакаюць, што гэтая міжнародная арганізацыя высьветліць, у якіх умовах адбывае пакараньне сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Грамадзкія дзеячы зьвяртаюць увагу на тое, што ад моманту арышту Зьмітра трымаюць ва ўмовах, якія можна параўнаць з катаваньнем. Зьміцер Дашкевіч ад 15 верасьня знаходзіцца пад вартай. Яго пакаралі зьняволеньнем на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Пад зваротам у “Чырвоны крыж” падпісаліся прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, вядомыя грамадзкія дзеячы, лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, а таксама бацькі Зьмітра Дашкевіча.

Старшыня “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова патлумачыла “Свабодзе”, што зьвяртаючыся ў “Чырвоны крыж” яны спадзяюцца на дапамогу міжнароднай арганізацыі.
Л.Гразнова: “Зьміцер Дашкевіч сядзеў у камэры, дзе былі ВІЧ-інфікаваныя, хворыя на гепатыт... Трэба нешта рабіць, зьвяртаць на гэта ўвагу міжнародных арганізацыяў”.
“Зьміцер Дашкевіч сядзеў у камэры, дзе былі ВІЧ-інфікаваныя, хворыя на гепатыт... Кожны раз яму робяць сур''ёзныя выпрабаваньні. Мы разумеем, што гэта не ініцыятыва адміністрацыі калёніі. Трэба нешта рабіць, зьвяртаць на гэта ўвагу міжнародных арганізацыяў, і ў першую чаргу "Чырвонага крыжа", бо ён можа ўплываць на гэтае становішча”.

Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла падчас прэсавай канфэрэнцыі, на якую запрасілі бацькоў Зьмітра Дашкевіча, паведаміў, што праваабаронцы павінны зьвяртацца ва ўсе міжнародныя структуры — у тым ліку ў Вэнэцыянскую камісію, каб прымусіць беларускія ўлады прывесьці Крымінальны кодэкс у адпаведнасьць з нормамі Канстытуцыі.

Паганяйла падкрэсьліў, што 193-ты артыкул дае магчымасьць легальнага перасьледу моладзевых актывістаў за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

19 ліпеня пачнецца аўтапрабег салідарнасьці з маладафронтаўцамі

Напярэдадні дня народзінаў Зьмітра Дашкевіча маладафронтаўцы падрыхтавалі яму вялізную паштоўку, у якой усе ахвочыя змаглі напісаць свае віншаваньні.

Менск, 18.07.2007. Паштоўка Зьмітру Дашкевічу

Бацьку Зьмітра Вячаславу Дашкевічу маладафронтаўцы ўручылі кветкі й выказалі словы падтрымкі. Спатканьне з сынам, на якое разьлічвалі бацькі Зьмітра 20 ліпеня, пераносіцца на жнівень.

Менск, 18.07.2007. Бацька Зьмітра Дашкевіча Вячаслаў

Гаворыць Вячаслаў Дашкевіч:

“Яго проста Бог павёў па гэтай дарозе. Я б пажадаў яму трымацца, трымацца і трымацца. І няхай дапаможа яму Бог”.

19 ліпеня пачынаецца аўтапрабег па гарадах, дзе супраць маладафронтаўцаў завялі крымінальныя справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Аб 11-й гадзіне са станцыі Дружная ў бок Баранавічаў накіруюцца сем аўтамабіляў. Яшчэ столькі ж далучацца да іх дарогай.

Гаворыць Наста Палажанка:

“Мы хочам выказаць салідарнасьць з усімі маладафронтаўцамі, з усімі "рызыкоўнымі" гарадамі. Гэта Нясьвіж, Баранавічы, Салігорск, але нагодай зьяўляецца дзень народзінаў Зьмітра Дашкевіча, бо шклоў зьяўляецца канчатковым прыпынкам, дзе маладафронтаўцы будуць імкнуцца перадаць торт, рабіць спатканьне з бацькамі, прасьпяваць, каб Дзіма зразумеў, што мы побач. Наўрад ці ён пачуе, але я думаю, што ён цудоўна разумее, што мы ёсьць, што мы змагаемся, што мы не забываем”.

20 ліпеня, у дзень, калі Зьмітру Дашкевічу споўніцца 26 гадоў, ля шклоўскай турмы ўдзельнікі аўтапрабегу павіншуюць хлопца аўтасыгналамі.

Віншаваньне Зьмітру Дашкевічу, 13.07.2007 Чаму З.Дашкевічу не даюць доўгатэрміновых спатканьняў?, 07.07.2007 Расьце хваля рэпрэсіяў супраць актывістаў моладзевых арганізацыяў, 06.03.2006
XS
SM
MD
LG