Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аршаншчына: былы зьняволены пагражаў узарваць спэцынтэрнат


Радыё Свабода Увечары 17 ліпеня Аршанскі райаддзел міліцыі атрымаў паведамленьне, што ў спэцынтэрнаце ў вёсцы Якаўлевічы, дзе ўтрымліваюцца састарэлыя былыя зьняволеныя, выхаванец пагражае выбухам.

52-гадовы мужчына, які раней ня раз быў пад судом за крадзяжы і хуліганства, заявіў адміністрацыі інтэрнату, што ў ягонай тумбачцы самаробная міна.

Тэрмінова эвакуявалі жыхароў і мэдпэрсанал інтэрнату, а таксама насельніцтва з навакольных дамоў. На месца здарэньня выехалі начальнік Аршанскага райаддзелу ўнутраных справаў са сьледчай апэратыўнай групай, пракурор раёнку і група разьмінаваньня.

У пакоі выхаванца інтэрнату сапраўды знайшлі частку гранаты ад гранатамёта РПГ-7 з прыматанымі да яе батарэйкамі. Адмыслоўцы высьветлілі, што небясьпекі гэтая канструкцыя не ўяўляе.

Тым часам у няўдалага тэрарыста здарыўся сардэчны прыступ. Яго завезьлі ў аршанскую гарадзкую бальніцу №2, дзе ён цяпер знаходзіцца пад вартай.

На яго завялі крымінальную справу за “падманнае паведамленьне аб небясьпецы”. Былога зьняволенага можа чакаць новае пакараньне: штраф або арышт да шасьці месяцаў, або абмежаваньне свабоды да 3 гадоў, або пазбаўленьне волі да 5 гадоў.

Таксама ён мусіць сплаціць выдаткі за дарэмны выезд і працу адмыслоўцаў.

Часткі гранаты забралі на экспэртызу. Ня выключана, што выхаванец знайшоў іх проста на тэрытырыі спэцынтэрнату, які месьціцца ў памяшканьнях былой вайсковай часткі.
XS
SM
MD
LG