Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Напад на Зянона Ломаця: прычына адстаўкі Сухарэнкі ці банальная бойка?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У прэсавай службе Генэральнай пракуратуры Беларусі пацьвердзілі факт нападу на старшыню Дзяжкантролю Беларусі Зянона Ломаця. Дагэтуль невядома, ці быў інцыдэнт з удзелам старшыні Дзяржкантролю зьвязаны з палітыкай.

Пра тое, што ў Генэральнай пракуратуры расьсьледуюць справу аб нападзе на старшыню Дзяржкантролю Зянона Ломаця, паведаміў “Свабодзе” супрацоўнік пракуратуры Ягор Лявай.

“У дадзены момант у Генэральнай пракуратуры сапраўды вядзецца крымінальная справа паводле факту нападу на Зянона Ломаця. Напад сапраўды быў, і падазраваныя затрыманыя. Гэта было ў мінулы чацьвер у Магілёве. Пакуль больш ніякай дадатковай інфармацыі”.

Вэрсія 1: напад – правакацыя мясцовага КДБ?

Тым часам недзяржаўныя крыніцы паведамляюць, што супраць Зянона Ломаця ў Магілёве ўчынілі правакацыю супрацоўнікі мясцовага КДБ.

Паводле гэтай вэрсіі, некалькі чалавек, якія назваліся міліцыянтамі, ужылі сілу адносна старшыні Дзяржкантролю.

Пасьля гэтага міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў нібыта накіраваў у Магілёў для праверкі апэратыўную групу, якая высьветліла, што насамрэч супраць Зянона Ломаця дзейнічалі сем супрацоўнікаў КДБ і адзін супрацоўнік Савету бясьпекі.

Пра гэта пішуць і некаторыя расейскія выданьні, у прыватнасьці, “КоммерсантЪ”.

Вэрсія 2: ахоўнікі гатэлю “перастараліся”

Аднак пацьверджаньняў таго, што на Зянона Ломаця ў Магілёве напалі супрацоўнікі КДБ, пакуль няма. У КДБ гэтых зьвестак не камэнтуюць.

Кіраўнічка прэсавай службы Дзяржкантролю Ірына Войцік кажа, што ў яе “інфармацыі для камэнтару няма”. Паводле спадарыні Войцік, зьвярнуцца па камэнтар да Зянона Ломаця яна ня мае магчымасьці:

“Я ня бачыла яго ўжо некалькі дзён. Яго няма ў Менску, ён у камандзіроўцы”.

Тым часам да менскіх журналістаў дайшлі зьвесткі, што ў Магілёве Зянона Ломаця нібыта ўдарылі ў нос і падбілі вока.

Паводле іншых крыніцаў, інцыдэнт у Магілёве зусім ня быў зьвязаны з палітыкай. Нібыта супрацоўнікі Дзяржкантролю, у тым ліку Зянон Ломаць, заседзеліся за сталом да ночы ў пакоі магілёўскага гатэлю. Суседзі выклікалі ахоўнікаў, каб сьцішыць вясёлую кампанію, але ахоўнікі “перастараліся”.

Так гэта ці не, праверыць пакуль не ўдаецца. З васьмі магілёўскіх гатэляў, якія я абзваніў, толькі ў адным сказалі, што чулі пра нейкі канфлікт міліцыянтаў з гасьцямі. У магілёўскай міліцыі інцыдэнту не камэнтуюць.

Ніткі вядуць да Сухарэнкі?

Некаторыя назіральнікі ў Беларусі не выключаюць, што напад на Зянона Ломаця спрычыніўся да тэрміновай адстаўкі былога старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі.

Паводле гэтай вэрсіі, Сьцяпан Сухарэнка ёсьць сябрам былога старшыні Менскага аблвыканкаму Мікалая Дамашкевіча, да чыёй адстаўкі нібыта меў дачыненьне галоўны кантралёр краіны Зянон Ломаць.

Генэральная пракуратура: “Напад на Зянона Ломаця сапраўды быў”, 18.07.2007 Перастаноўкі ў КДБ: камэнтары, аналітыка, 17.07.2007
XS
SM
MD
LG