Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У “Доме літаратара” Радзім Гарэцкі, Марыйка Мартысевіч, Ала Сямёнава


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Ала Сямёнава (эфір 14 ліпеня). Рэдактар: Сяргей Абламейка

ЛІТПРАЦЭС

МАРЫЙКА МАРТЫСЕВІЧ: “MAGNUS DUKATUS POESIS – ГЭТА НЕ ПАСПАЛІТЫ ПРАЕКТ”

“Magnus Dukatus Poesis” – так называецца том выбраных вершаў трынаццаці паэтаў пяці памежных краінаў. Кніга ўяўляе зь сябе адмысловую справаздачу аднайменнага паэтычнага фэсту, які адбыўся летась у Менску пад патранажам амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі. Творы ўдзельнікаў фэсту надрукаваныя ў арыгінале і ў перакладах на мовы аўтараў зь іншых краінаў-удзельніц – Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі і Беларусі. Гэты таўшчэзны фаліянт выдадзены ў Вільні пры ўрадавай падтрымцы і з прадмоваю прэзыдэнта Літоўскай Рэспублікі Валдаса Адамкуса. З самай маладой удзельніцай фэсту, беларускай паэткай і перакладчыцай Марыйкай Мартысевіч гутарыць наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадарыня Марыйка, у фэсьце паэтаў краінаў, землі якіх некалі ўваходзілі ў сярэднявечную краіну Вялікае Княства Літоўскае, удзельнічалі ўкраінец Юры Андруховіч, літовец Карнэліюс Платэліс, расеец Георгі Яфрэмаў, беларус Андрэй Хадановіч і іншыя паэты з шырокай вядомасьцю за межамі сваіх краінаў. Як вам пачуваецца ў такой паважнай кампаніі?”

Марыйка Мартысевіч: “Справа ў тым, што калі глядзіш на сьпіс аўтараў, пачуваесься інакш, чым калі ўдзельнічаеш у гэтым. Таму што, да прыкладу, украінец Юры Андруховіч удзельнічаў у праекце толькі віртуальна. Ён у сьпісе аўтараў, але сярод людзей, якія гэта рабілі, яго не было. Андрэй Хадановіч – гэта мой вельмі даўні сябар і настаўнік. У гэтай анталёгіі ён быў, скажам так, старэйшым на беларускім падрадзе, і таму я ва ўсім раілася зь ім. А што да літоўцаў, то вось акурат літоўскія паэты мне здаліся людзьмі вельмі дзіўнага спалучэньня. Гэта адначасова вельмі добрыя паэты, паэты эўрапейскага ўзроўню, паэты, якія, з аднаго боку арыентаваныя на Эўропу, прычым вельмі даўно, зь іншага боку – гэта такія вялікія дзеці. Гэта людзі, для якіх паэзія – гэта радасьць, гэта гульня, выхад кніжкі – гэта падзея. Тое, як менавіта літоўцы ўспрынялі гэты праект, для мяне было вельмі паказальна, таму што яны вучылі проста інакш ставіцца да творчасьці”.

Аксак: “У гэтай “ВэКээЛаўскай”, так бы мовіць, кампаніі і кнізе вы – аўтарка, якая асучасьніла адну з самых цікавых і загадкавых асобаў ВКЛ – Барбару Радзівіл, напісалі нібыта яе паэтычны інтэрнэт-дзёньнік, колькі ўрыўкаў зь якога тут надрукавана. Цікавы творчы прыём. Раскажыце пра яго больш падрабязна – чаму, як і навошта?”

Мартысевіч: “Гэты твор для мяне – ужо пройдзены этап. І цяпер Барбара – гэта такі мой цяжкі крыж, таму што да гэтага тэксту я ўжо так прызвычаілася, што ён ужо мне і абрыд крыху, а ён усё паўстае і паўстае. А людзі, якія бачаць яго ўпершыню, то, напраўду, ён іх уражвае. Думаю, што ў прынцыпе ён таму трапіў у гэтую анталёгію, што гэта была вельмі жывая прывязка да тэмы Вялікага Княства. Больш за тое, Барбара Радзівіл – гэта постаць, якая паядноўвае беларусаў, украінцаў і літоўцаў”.

Аксак: “Вы багата каго пераклалі для гэтага фэсту і кнігі. Вас таксама перакладалі іншыя ўдзельнікі фэсту. Што для вас пераклад? Ці заўсёды вы задаволеныя тым, як вас перакладаюць? Ці не губляюць пераклады нейкі няўлоўны водар арыгіналу?”

Мартысевіч: “Напэўна, няправільна казаць, што для мяне няважна, што мяне перакладаюць на іншыя мовы, бо “Барбара Радзівіл” ужо зьявілася пяцьцю мовамі: у гэтай анталёгіі прадстаўлены чатыры і яшчэ ёсьць славацкі пераклад. Але рэч у тым, што аказалася, што калі ты перакладаеш сам, то ты вельмі патрабавальны да сябе, да сваёй працы, ты адчуваеш вялікую адказнасьць перад арыгіналам, а калі перакладаюць цябе, то атрымліваецца, што гэтая патрабавальнасьць заніжаная. Прынамсі, у мяне, то бок калі я бачу пераклады, я радуюся, цешуся.

Праўда, трэба яшчэ адзначыць, што з польскім і ўкраінскім перакладчыкамі мне пашанцавала. Што да перакладу літоўскага, то, на жаль, я не магу яго ацаніць, бо не разумею гэтай мовы. Што да расейскага перакладу, які, дарэчы, могуць ацаніць і чытачы гэтай анталёгіі, то тут такі невялікі сакрэт: я не хацела, каб маё імя зьяўлялася ў подпісе, але ўкладальнік анталёгіі выдаў гэтую таямніцу. Пераклад напалову аўтарызаваны. Я, напраўду, проста яго перапісала, таму што расейскі паэт Георгі Яфрэмаў, які перакладаў, ён абсалютна не ў кантэксьце гэтых маіх “барбарыянскіх” штук, і ён многія рэчы проста не зразумеў. Не зразумеў не таму, што ён не зразумеў беларускае мовы, а таму, што ён не зразумеў кантэксту, і давялося мне акцэнты расстаўляць самастойна, папраўляць нешта”.

Аксак: “Хацелася б вярнуцца да самога фэсту. Прэзэнтацыя кніжкі і другі, так бы мовіць тур, фэсту “Magnus Dukatus Poesis” адбыліся тыдзень таму ў Вільні. А першы тур фэсту быў летась у амбасадзе Літвы ў Менску. У абодвух выпадках не было пра імпрэзы аніякае шырокае рэклямы, і слухацкая аўдыторыя на іх была даволі нешматлікай. Гэткая камэрнасьць ці не супярэчыць, на вашу думку, глябальнай ідэі фэсту паэтаў краінаў – наступніцаў колішніх земляў ВКЛ?”

Мартысевіч: “На мой погляд, яна не супярэчыць, яна лягічна вынікае, скажам так, з таго, што вось гэты праект узяў на сябе такую авантурную сьмеласьць, зь нейкім такім куражом абвясьціў сябе спадчыньнікам Вялікага Княства Літоўскага. Наадварот гэты праект разьлічаны крыху на такую міжсабойнасьць. Не назаву гэта элітарнасьцю ні ў якім разе, але гэта не паспаліты праект.

Найперш кідаецца ў вочы тое, што гэты праект падтрыманы літоўскім урадам. І гэта не выпадковасьць, таму што па маіх назіраньнях літоўскія чыноўнікі, літоўскія дыпляматы – гэта самыя адукаваныя людзі з такога чынавенства, якое я бачыла ўвогуле з усіх краінаў, у якіх бывала. І я лічу, што гэта не дыпляматычныя жэсты, а творчыя жэсты людзей, якія шануюць мастацтва і разумеюць яго. І тое, што Пятрас Вайцякунас падтрымаў гэты праект, калі быў паслом у Менску , вельмі паказальна. Ён жа адчыняў імпрэзу ў Вільні ўжо як міністар замежных справаў. І тое, што гэтая анталёгія падтрыманая менавіта літоўскім урадам, гэта таксама вельмі паказальна”.

АЎТАР І ТВОР

РАДЗІМ ГАРЭЦКІ: “У САЮЗ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ Я ЎСТУПІЎ “НА ЗЛОСЬЦЬ ПЫХЛІВАМУ СУСЕДУ”

“Працы па геалёгіі акадэміка Радзіма Гарэцкага вядомыя ў сьвеце, ён адзін са стваральнікаў тэктанічнай мапы Эўразіі, замежны сябра Амэрыканскага геафізычнага саюзу і Расейскай Акадэміі навук. Некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў названыя ягоным імем. Але славуты геоляг займаецца й літаратурнай творчасьцю, а летась стаў паўнапраўным сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Жанр сваіх твораў ён вызначае геалягічным тэрмінам – “мэлянж”. Што гэта такое – Радзім Гарэцкі распавёў у гутарцы з Міхасём Скоблам.

Міхась Скобла: “Спадар Радзім, а ці памятаеце, калі вы напісалі свой першы літаратурны твор? Не манаграфію па геалёгіі, не даклад па тэктоніцы зямной кары, а першы літаратурны абразок?”

Радзім Гарэцкі: “Да пісаньня мяне цягнула з маладосьці. І першыя мае літаратурныя спробы адносяцца да пачатку 1960-х гадоў, калі я жыў у Маскве. Памятаю, запісваў свае назіраньні над маленькай дачкой, якая радасна скакала па сьнежных сумётах... Пісаў я тады па-расейску, паколькі сорак гадоў жыў у Расеі. А калі пераехаў жыць у Менск, натуральна, вярнуўся да сваёй роднай беларускай мовы”.

Скобла: “Вы – акадэмік дзьвюх акадэмій, доктар навук, прафэсар, ляўрэат дзяржаўных прэмій Беларусі й Савецкага Саюзу. Летась вы ўступілі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Зразумела, што пры ўсіх вашых рэгаліях ня дзеля прэстыжу. А дзеля чаго?”

Гарэцкі: “Можа, мне нялоўка пра гэта гаварыць... У сваім узросьце й пры тых рэгаліях, пра якія вы кажаце, я, магчыма, і не ўступаў бы ў пісьменьніцкую арганізацыю. Але мяне моцна ўзрушыла, зь якім нахабствам улада ўтварыла новы пісьменьніцкі саюз на чале з Чаргінцом. Я, безумоўна падтрымліваю стары саюз, у якім былі Купала, Колас, Максім Танк, Янка Брыль, Васіль Быкаў, другія нашы выдатныя пісьменьнікі. Можна сказаць, што я ўступіў у Саюз беларускіх пісьменьнікаў “на злосьць пыхліваму суседу”. Бо маім суседам па дачы доўгі час быў акурат Чаргінец. Дык я й падумаў: “Ах, раз ты так зрабіў, то я ўступлю ня ў твой саюз, а ў той, перасьледаваны ўладай”. Гэтым крокам я выказаў ганьбу чаргінцоўскаму саюзу і, наадварот, падтрымку Саюзу беларускіх пісьменьнікаў”.

Скобла: “Першым параўнаў літаратуру й геалёгію хіба Маякоўскі. Памятаеце? “Изводишь единого слова ради тысячи тонн словесной руды”. А што лягчэй знайсьці – карысны выкапень ці патрэбнае слова?”

Гарэцкі: “Калі пішаш працу па геалёгіі, то гэта таксама творчасьць. Ня так проста напісаць і разумна, і даходліва, і каб выглядала па-навуковаму сур’ёзна. Але пісьменьніцкая творчасьць, мабыць, яшчэ больш складаная. Знайсьці слова, якое дойдзе да людзкіх сэрцаў, вельмі цяжка. Магчыма, больш цяжка, чым зрабіць адкрыцьцё ў геалёгіі”.

Скобла: “Вы шмат зрабілі дзеля ўшанаваньня памяці братоў Гарэцкіх: і Гаўрылы – свайго бацькі, і Максіма – свайго дзядзькі. Гадоў пятнаццаць таму вы стварылі Фонд братоў Гарэцкіх. Які яго лёс?”

Гарэцкі: “Дзякуй Богу, да гэтага часу Фонд жыве й дзейнічае. Гэта не камэрцыйная арганізацыя. Штогод мы праводзім Гарэцкія чытаньні й выдаем пасьля навуковы зборнік. У чытаньнях, як правіла, бяруць удзел навукоўцы, літаратары, літаратуразнаўцы. Нядаўна прайшлі 15-я чытаньні. А ў наступным годзе наш Фонд рыхтуецца адзначыць 115-я ўгодкі Максіма Гарэцкага”.

Скобла: “Творчасьць Максіма Гарэцкага цалкам прыйшла да нас гадоў дваццаць таму, калі былі зьнятыя цэнзурныя забароны. А ці чыталі вы да гэтага, прыкладам, дзядзькаву аповесьць “Дзьве душы” ці іншыя творы, забароненыя ў савецкі час?”

Гарэцкі: “На жаль, мушу прызнацца, што не чытаў. У нас у хаце, у сям’і брата пісьменьніка, а майго бацькі Гаўрылы Гарэцкага, не захавалася амаль ніякіх твораў. Вы ведаеце няпросты лёс нашай сям’і... Так што забароненыя раней творы Максіма Гарэцкага я адкрываў разам з усімі – у 1980-я гады”.

Скобла: “Хто зь беларускіх пісьменьнікаў блізкі вам як творца?”

Гарэцкі: “Найбольш блізкі мне па духу Янка Брыль. Мы зь ім добра сябравалі, асабліва ў апошнія гады. Яго кнігі я заўсёды чытаю й перачытваю з прыемнасьцю й замілаваньнем. Лічу, што ў беларускай літаратуры Брыль быў самы вялікі майстар слова. Ён так адпрацоўваў, адшліфоўваў свае мініятуры, што туды нельга другога слова ўставіць. Ну, і мне вельмі падабаецца творчасьць Васіля Быкава. Я з пашанай і хваляваньнем адношуся да беларускай паэзіі, але ўсё ж больш чытаю прозу”.

Скобла: “Не магу не задаць вам і адно “геалягічнае” пытаньне. У свой час у Карэліі мне даводзілася бачыць глыбачэзныя азёры й нават купацца ў іх. Мясцовыя жыхары расказвалі, што ўзьніклі яны на месцы тэктанічных разломаў зямной кары. А ці моцная зямная кара пад Беларусьсю?”

Гарэцкі: “Зямная кара пад Беларусьсю моцная, але нельга сказаць, што яна нерухомая. Ёсьць рухі й земляўздрыгі, і часам яны даходзяць да 5-6 балаў. Таму абавязкова пры выбары месца пад адказнае будаўніцтва (прыкладам, пад АЭС) трэба ўлічваць сэйсматэктоніку Беларусі. Каб ня трапіць на разлом, якіх у нас таксама хапае. Пры насоўваньні аднаго блёку зямной кары на другі яны пераціраюцца, і ўзьнікае стракатая, каляровая парода – мэлянж, што па-француску азначае “сумесь”. І я падумаў, што гэта добрая назва для маіх карацелек”.

РАДЗІМ ГАРЭЦКІ. ЖЫЦЬЦЁВЫ МЭЛЯНЖ

* * *

Аднойчы я трапіў на прыём да аднаго з кіраўнікоў Прэзыдыюму Акадэміі навук Беларусі. Гэта быў салідны чалавек і вядомы пісьменьнік, дэпутат Вярхоўнага Савету, дзе займаў пачэсную пасаду. Ён сядзеў у важнай позе і паблажліва слухаў мяне. Зазваніў тэлефон. Пачуўшы голас, гаспадар кабінэту раптам ускочыў па стойцы “сьмірна”, слухаў уважліва і пэрыядычна адказваў: “Добра, будзе зроблена!” Паклаўшы трубку, сеў і з палёгкай прамармытаў: “Званілі з ЦК КПБ – інструктар”.

Большасьць беларусаў ня толькі вельмі паслухмяныя, але і баяцца начальства, нават калі яно й зусім нязначнае.

* * *

Бюро Прэзыдыюму АН Беларусі ў 1994 годзе вырашыла абраць ганаровых акадэмікаў. Апошнія такія выбары былі 35 гадоў таму. Я, як віцэ-прэзыдэнт, курыраваў аддзяленьне хімічных навук, навук аб зямлі і аддзяленьне гуманітарных навук, таму з магчымымі кандыдатамі гэтых навуковых напрамкаў мне давялося весьці перамовы.

Пазваніў Васілю Быкаву. Той папрасіў падумаць, а на наступны дзень катэгарычна адмовіўся: “Не хачу ніякай ласкі ад сучасных уладаў, у тым ліку і ад акадэміі. Я ў такой акадэміі нават ганаровым быць не хачу, бо яна цалкам савецкая. Я з прыемнасьцю адмовіўся б і ад мінулых узнагародаў, бо яны мне перашкаджаюць жыць”.

Зь Нілам Гілевічам вёў доўгія перамовы, бо ён хістаўся – хацеў быць не ганаровым, а правадзейным акадэмікам. Так і адмовіўся ўдзельнічаць у выбары ганаровых.

Янка Брыль і Пімен Панчанка далі згоду і сталі першымі ганаровымі акадэмікамі постсавецкай АН Беларусі. Асабліва быў задаволены ўжо зусім хворы Панчанка. Мы ж былі рады, што падтрымалі дух славутага паэта (праз год ён памёр).

Я зрабіў так многа намаганьняў, каб гэтыя выбары адбыліся, бо лічыў іх першым крокам да аб’яднаньня беларускай інтэлігенцыі на шляху нацыянальнага адраджэньня. Адна прысутнасьць на агульных сходах Акадэміі навук такіх постацяў, як Максім Танк, Янка Брыль, Пімен Панчанка рабіла іх больш нацыянальнымі, чаго заўсёды так не хапала нашай акадэміі.

* * *

На адкрыцьці помніка Алесю Адамовічу на могілках у Глушы жалобны мітынг вёў Янка Брыль, які першым сказаў цёплыя, усхваляваныя словы пра пісьменьніка. Увесь час запісвала прамовы, здымала камэрай група супрацоўнікаў Беларускага тэлебачаньня. Праз некаторы час да Брыля падыходзіць чалавек з мікрафонам і просіць сказаць для тэлебачаньня “пару словаў”. “Дык што вам сказаць? Я ж толькі што выступаў”, – адказвае Іван Антонавіч. “А вы паўтарыце тое, што казалі на могілках”. – “Прабачце, але я не папугай, каб паўтараць адно і тое ж.” Увечары ў “Панараме” дыктар пры паказе помніка на магіле Алеся Адамовіча пералічвае народных пісьменьнікаў, якія там прысутнічалі: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Янка… Маўр… Вось яна, “высокая культура” нашага тэлебачаньня!

* * *

Кіраўнік дзяржавы ўсё будуе лядовыя палацы. Наш аэрапорт таксама стаў, як “лядовы палац”. Асабліва адчуваеш гэта пасьля прылёту зь іншых аэрапортаў Эўропы, у якіх жыцьцё кіпіць. У нас жа ўсё замарожана: гук самалёта чуеш рэдка, людзей амаль няма, а калі сустракаюцца, дык нейкія замаруджаныя. Ходзіш па пустых вялікіх мармуровых залях, як па лядовых пячорах… Гэтак адгукаецца на жыцьці аэрапорта палітычная сытуацыя ў краіне.

КРЫТЫКА

АЛА СЯМЁНАВА. НА ТЭРЫТОРЫІ ПАЭЗІІ

Уладзімер Арлоў. Паром празь Ля-Манш. Вершы. Логвінаў, 2006

“Таямніца не зьяўляецца ў створаным вобразе сьвету, яна ўжо існуе і пульсуе ў ім”. Гэта словы мастацтвазнаўцы Франца Ротха, якому належыць аўтарства тэрміну “магічны рэалізм”. І прыгадаліся словы менавіта ў сувязі з тым вызначэньнем. Бо Ўладзімер Арлоў (размова пра яго) заўсёды падкрэсьлівае сваю прыхільнасьць да лацінаамэрыканскай школы пісьма. Не толькі да яе, вядома... Тым больш калі размова – пра вершы пісьменьніка, яго кнігу паэзіі “Паром празь Ля-Манш”.

Таямніца – тое, ад чаго любіць адштурхоўвацца пісьменьнік у сваіх творах. Недзе гэта глыбінная сутнасьць зьяў, што трапляюць у поле мастакоўскай вызначанасьці аўтара, недзе – гэта код рэальнасьці, што вызнаецца як повязь часоў, як знакавая сувязь сучаснага, як чаргаваньне самарэфлексій, звычак, ушчыльненасьці фантазій… Гэта і магія рэальнасьці ў яе прасьвятленьнях і дакладнасьцях, прадвызначанасьці і непрадказальнасьці… Сутыкненьне высокага і зямнога, часам нават знарокава прыземленага, адстаронена-эзатэрычнага і будзённа-канкрэтнага, узвышанага і іранічнага…

Кантрастнасьць адчуваньняў, маштабна-сацыяльнае і лірычна-інтымнае… Магчыма, нешта ад таго, што некалі Фэдэрыка Гарсія Лорка згадваў, як “пыл, перац і соль”. Пыл стагодзьдзяў, тысячагодзьдзяў, пыл шляхоў, вандровак, зорны пыл – недзе там , на ўскрайку бясконцасьці, як іранічна пазначыць Уладзімер Арлоў, “шэрая чапля вечнасьці”. І задумаецца: “Нешта дзеецца з часам: стагодзьдзі набываюць розную прыцягальнасьць і шчыльнасьць і, што самае небясьпечнае, пачынаюць дыфузаваць, у выніку чаго твой 1994-ты можа апынуцца дзе-небудзь паміж Вялікай францускай рэвалюцыяй і Люі Філіпам…”

“Перац і соль…” Некалі ў дыялёгу з адным празаікам Уладзімер Арлоў даводзіў: “… дамінантай гэтага сьвету зьяўляецца хаос. Але я ведаю, прынамсі, два сродкі змаганьня з гэтым хаосам і абсурдам: каханьне і творчасьць”. Мне здаецца, ратунак свой Уладзімер Арлоў знаходзіць і ў вандроўках, і ў занятках, неад’емных ад яго творчасьці, калі чытае-гартае тэксты “на ломкіх аркушах in folio, і ў “сьціплых томіках in quatro”, і ў экспэдыцыях паводле матэрыялізаваных жыцьцёвых даброт, менавіта ў яго, канкрэтызаваным успрыманьні: “пара пляшак чырвонага і порцыя здаровага цынізму”, А часам той “здаровы цынізм”, той “перац з сольлю” ператвараюцца ў бунтоўны лірычны пасыл, у лёгіку алягізму, у нематэрыяльнасьць матэрыяльнага: нечаканы “кактэйль” – “шампанскае зь сьвітаньнем, часам з дажджом”.

Што заўсёды прысутнічае ў Арлова-празаіка, гісторыка, паэта – краіна Беларусь. Яе Свабода. І – Яна. Жанчына. І мроя, і летуценьне, і канкрэтная жывая істота. Як бы тут вызначыць? Так бы мовіць, паводле сваёй літаратурнай генэалёгіі, яна – пэўна ж, не ад Лаўры, не ад Бэатрычэ, не ад брунатнай дамы санэтаў… “Вэнера Ільская з маёй падлеткавай галюцынацыі”, – чытаем мы. Ня тое каб у лірычнага героя вершаў Уладзімера Арлова неверагодна пазначаўся вакхічна-юрлівы пачатак яго мрояў і ўспамінаў, але ж і анахарэта-аскета ў ім, ну, аніяк не пабачым.

Відавочна, яму, герою Арлова, як і аўтару кнігі, паводле ягоных сьведчаньняў, блізкія літаратурныя пэрсанажы (і архэтыпы) Генры Мілера і Мілана Кундэры… Як увогуле мастацкае слова гэтых пісьменьнікаў. Ня толькі іх. Найперш, як сьведчыць Уладзімер Арлоў, імёны пазначаных ужо лацінаамэрыканцаў: Хуліо Картасара, Хорхе Луіса Борхеса, Габрыэля Гарсія Маркеса… Нашых – Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча…Таго, каго сёньня лічаць клясыкам сучаснасьці многія – Міхаіла Булгакава…

Мастацкае слова… Да яго з найвялікшай увагай ставіцца Ўладзімер Арлоў. Чытаем: “Над горадам зь сярэднявечнае гравюры, які ўтульна паколвае аблокі цацачнымі сьпічакамі”… І яшчэ: “Вецер прыносіць зь зялёных яроў пахі чужога жыцьця, узброеныя адлянсаванымі кіпцюрамі”. Чуеце? “Утульна паколвае аблокі”, “насьцярожаныя пахі чужога жыцьця”. Словы? Але гэта ня тое, што: “Words, words,words“ – “Словы, словы, словы”. Словы моўленыя. І як! І мы чытаем іх з добрым адчуваньнем таго, што недзе тут, дзе палоніць сваім водарам шыпшына, або недзе там, “на Penn Road , дзе ўчора зацьвілі магноліі”, або дзе-небудзь яшчэ на скрыжаваньнях сусьвету, паміж бібліятэкай Францыска Скарыны і пралівам Ля-Манш, паміж Полацкам і штатам Пэнсыльванія, паміж Шатляндыяй і Нараччу – Уладзімер Арлоў паўтарае: “У гэтым стагодзьдзі паўсюль – дзень пры дні – сачу твае знакі, Свабода”.

На тэрыторыі Terra Parens (маці Зямлі), на тэрыторыі Сьвядомасьці, на тэрыторыі паэзіі. Што падуладная яму, як і проза. Са сваімі лябірынтамі, вечнымі таямніцамі, загадкамі і прадчуваньнямі.
XS
SM
MD
LG