Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал В.Паўлаў: “Беларускі КДБ займаецца толькі апазыцыяй”


Радыё Свабода Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, тагачасны кіраўнік управы грамадзкай бясьпекі, абароны і барацьбы са злачынствамі Савету Міністраў генэрал Валеры Паўлаў у інтэрвію “Свабодзе” сказаў, што дванаццаць гадоў таму цяперашні кіраўнік КДБ Юры Жадобін працаваў у сыстэме грамадзянскай абароны.

“Ён быў вельмі грунтоўны чалавек. Не пасьпешлівы, не крыкун. Ён моўчкі атрымліваў задачу, выконваў яе, раіўся, дакладаў. Тады ён мне вельмі падабаўся. Цяпер мне цяжка нешта сказаць, бо дванаццаць гадоў, якія ўжо прайшлі, гэта шмат часу”.

Аднак нават з прыходам да кіраўніцтва КДБ Беларусі Юр’я Жадобіна ў рэфармаваньне гэтай установы генэрал Паўлаў ня верыць:

“Таму што за гэты час разагналі кадры — людзі, якія шмат што ўмелі, ведалі, сышлі. А самае галоўнае ў паляпшэньні працы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі было б тое, калі б ён сапраўды займаўся бясьпекай. Менавіта тым, чым яму трэба займацца.

А пакуль вельмі многа часу траціцца на разборкі, праслухоўваньне, сачэньне за апазыцыяй. Улады кажуць, што ў Беларусі той апазыцыі — як кот наплакаў. А насамрэч — што адбываецца. Ёдзе адзін з апазыцыйных лідэраў на нейкую сустрэчу, і адразу ўключаецца цэлая сыстэма адсочваньня. Дзясяткі людзей задзейнічаныя, аўтатранспарт.

Глупства ўсё гэта. Бо ёсьць вельмі важныя праблемы для Беларусі — унутраная й зьнешняя мяжа, празь якую вязуць усё і ў адзін бок, і ў другі. Гэта нанатэхналёгіі, якімі цяпер займаюцца ва ўсім сьвеце.

Беларусь мае што абараняць. І ёсьць неабходнасьць атрыманьня інфармацыі, каб не адстаць. А карупцыя! Там жа бязьмежжа. І ўсім гэтым трэба займацца. А ў нас займаюцца толькі апазыцыяй пад сьцягам абароны канстытуцыйнага ладу”.

Генэрал Фралоў: “Жадобін пабыў каля Лукашэнкі, і ведае — хто, з кім, чаму”, 18.07.2007 Перастаноўкі ў КДБ: камэнтары, аналітыка, 17.07.2007
XS
SM
MD
LG