Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дойдзе фосфарнае воблака з Украіны да Беларусі?


Ігар Карней, Менск Эколягі папярэджваюць: другі раз пасьля чарнобыльскай катастрофы Беларусі пагражаюць рэальныя наступствы тэхнагеннай катастрофы, што здарылася ва Ўкраіне. Фосфарнае воблака, што ўтварылася 16 ліпеня ў выніку аварыі грузавога цягніка ў Львоўскай вобласьці, які перавозіў атрутнае рэчыва, рухаецца ў бок Беларусі. Як прагназуюць у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў, воблака можа выпасьці кіслотным дажджом яшчэ да беларускай мяжы альбо зьнікне само.

16 ліпеня ў Львоўскай вобласьці сышлі з рэйкаў і загарэліся пятнаццаць вагонаў грузавога цягніка, які перавозіў атрутнае рэчыва, — жоўты фосфар. Падчас лякалізацыі пажару ўзьнікла воблака з прадуктаў гарэньня, а зона паражэньня склала каля ста квадратных кілямэтраў. Эвакуявалі каля тысячы чалавек.

Мінпрыроды: фосфарнай пагрозы няма

Намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Апацкі ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што ад моманту аварыі вядзецца штосуткавы адбор пробаў паветра на тэрыторыі, прылеглай да беларускіх межаў.

Гэтыя пробы, паводле чыноўніка, паказваюць: ніякіх зьменаў няма, пагрозы для здароўя беларусаў — гэтаксама.

“Мы ажыцьцяўляем кантроль, маніторынг, ажно да паветранага. Рэальнай пагрозы на гэты момант ніякай няма. Ніхто не дае нам іншай інфармацыі — ні Ўкраіна не пацьвярджае, што нейкая рэальная ёсьць пагроза, ні нашы службы, якія працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.

У нас на пастах наладжанае пастаянна назіраньне. Гэтаксама на пастах, дзе мы палічылі магчымую верагоднасьць небясьпекі, нават пры самых нэгатыўных фактарах. Але мы распрацоўваем цягам трох гадзін спэцыяльныя мадэлі прагназаваньня, якія паказваюць: пакуль няма ніякай рэальнай пагрозы. Але вядзем узмоцнены маніторынг. Дзеля гэтага ёсьць сілы і сродкі. Усе службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме”, — паведаміў Аляксандар Апацкі.

Спадар Апацкі перакананы, што параўноўваць цяперашнюю сытуацыю з Чарнобылем ня варта:

“Гэта больш дзеля эфэкту кажуць. Бо з Чарнобылем гэта ня тое што несувымерна, нават казаць такое некарэктна. Спасылаюцца на тое, што аварыя сур’ёзная, хоць і рэгіянальны характар пакуль носіць. А што там будзе?”

У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Беларусі гэтаксама ня схільныя драматызаваць сытуацыю. Там патлумачылі: паводле разьлікаў, фосфарнае воблака можа ссунуцца на поўнач дзесьці на 70—80 кілямэтраў. У той час, як ад месца чыгуначнай катастрофы ў Львоўскай вобласьці да беларускай мяжы адлегласьць утрая большая.

Фосфар — адзін з бомбавых кампанэнтаў

Як удакладнілі ў НДІ агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай Акадэміі навук, жоўты фосфар у сучасным сьвеце ўжываецца надзвычай шырока — ад мэталюргіі й вытворчасьці мінэральных угнаеньняў да ваеннай галіны, перадусім, для вырабаў так званых фосфарных бомбаў.

Запатрабаванасьць рэчыва абумоўленая ягонымі гаручымі якасьцямі: загараючыся на паветры, ён ўмомант дасягае тэмпэратуры 2,5 тысячы градусаў.

Адмыслоўцы хімічнай галіны пацьвярджаюць, што жоўты фосфар ёсьць атрутным рэчывам: сьмяротная доза для чалавека складае 0,05—0,15 грама. Атручаны спачатку траціць апэтыт, адчувае стому, у яго зьяўляюцца прыкметы жаўтухі. Рэчыва выклікае паражэньне касьцей, мозгу, нэкроз пячонкі.

Але ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў настойваюць, што няма неабходнасьці перабольшваць наступствы аварыі.

Гаворыць намесьнік міністра Аляксандар Апацкі:

“Асноўнае, што трэба ведаць: былі прадукты гарэньня падчас тушэньня пажару, яны падняліся, ахалодзіліся й выпалі на тэрыторыі 90 квадратных кілямэтраў, што афіцыйна пацьвярджае ўкраінскі бок. Пад гэтае воблака трапілі некалькі населеных пунктаў.

Так, пацярпелі людзі, але болей пацярпелі тыя, хто непасрэдна знаходзіўся ў зоне аварыі: пажарныя, міліцыянты, вайскоўцы. Канечне, цывільныя асобы. Паводле розных ацэнак, ад 20 да 30 чалавек, можа, крыху болей. Але гэта, хутчэй за ўсё, праз неўжываньне сродкаў індывідуальнай абароны. То бок, трапляньне атруты ў дыхальныя шляхі”.

Шэраг эўрапейскіх краінаў у зьвязку з аварыяй ва Ўкраіне абвясьцілі падвышаную баявую гатоўнасьць. Гэта Румынія, Польшча і Вугоршчына.

Аднак пры гэтым канстатуецца: гэтыя дзяржавы не ўваходзяць ў непасрэдную зону небясьпекі, бо хмара накіравалася на паўночны ўсход, на Беларусь. Эўракамісія пакуль не атрымлівала просьбы наконт дапамогі з боку Ўкраіны і Беларусі.
XS
SM
MD
LG