Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Васіль Ліцьвінка


Валянціна Аксак, Менск На 66-м годзе жыцьця раптоўна памёр знаны беларускі фальклярыст Васіль Ліцьвінка.

Дзякуючы аўтарскай праграме “Запрашаем на вячоркі”, якую ён вёў з 1987 да 2003 году на Беларускім тэлебачаньні, яго ведалі прыхільнікі народнай песьні ва ўсіх рэгіёнах краіны. А землякі-палешукі прымалі яго як роднага ў часе ягоных бясконцых навуковых экспэдыцыяў па Палесьсі.

Васіль Ліцьвінка нарадзіўся 7 сьнежня 1941 году ў вёсцы Верхні Церабяжоў, што месьціцца на Століншчыне на самай мяжы з Украінай.

Пасьля заканчэньня сярэдняй школы год выкладаў беларускую мову, літаратуру і сьпевы ў сямігодцы вёскі Лука там жа на Століншчыне. Пасьля была служба ў ваенна-марскім флёце СССР, вучоба на філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту і больш за трыццаць гадоў апантанай дасьледчыцкай працы, неперапыннага збору і нястомнае прапаганды беларускага сьпеўнага фальклёру.

Дасьледчык народнай культуры Алесь Лозка гаворыць, што ўклад Васіля Ліцьвінкі ў беларускую фальклярыстыку немагчыма пераацаніць.

“У яго больш дзьвюхсот вялікіх друкаваных прац. Гэта кнігі “Зімовыя сьвяткі”, “Веснавыя сьвяты і абрады”, “Калыханкі і забаўлянкі”, “Дзіцячы сьпеўнік”і іншыя. А вось кніга “Сьвяты і абрады беларусаў” за кароткі час вытрымала аж тры перавыданьні ў выдавецтве “Беларусь”, — апавёў Алесь Лозка.

У 1981 годзе Васіль Ліцьвінка разам з калегамі дамогся стварэньня на філялягічным факультэце БДУ навукова-дасьледчай лябараторыі беларускага фальклёру, якой кіраваў да выхаду на пэнсію.

Гэтыя гады, гаварыць ягоны сябра і калега Мікола Антропаў, былі самымі плённымі ў жыцьці спадара Ліцьвінкі. “Былі наладжаныя, і гэта самае галоўнае, зьбіральніцкія экспэдыцыі. Ён мне заўсёды гаварыў: “Ведаеш, Мікола, яшчэ тэарэтычныя працы напішуцца. Трэба сабраць фальклёр, бо зьнікне і ня будзе”.

Разам са студэнтамі Васіль Ліцьвінка наладзіў штогадовыя экспэдыцыі пераважна па Палесьсі, вынікам чаго стаў багаты архіў лябараторыі, які ўключаны ЮНЭСКО ва ўсясьветную культурную спадчыну.

Адна з тых студэнтак — Тацяна Марозава, якая з тых вандровак стала такой жа апантанай, як і кіраўнік, фальклярысткай. Цяпер яна кіруе створанай Васілём Ліцьвінкам лябараторыяй. Жаль страты паважанага настаўніка ў яе асаблівы.

“Захапленьне народнай песьняй ён перадаў і мне. І Васіль Дзьмітравіч рэкамэндаваў мяне як захавальніцу фальклёрных скарбаў нашага ўнівэрсытэту. І, канечне, вось гэтая заўчасная сьмерць — яна перапыніла ўсе нашы меркаваньні, усе нашы думкі. А было некалькі праектаў, якія можна было прапанаваць для разьвіцьця нашай нацыянальнай культуры, адраджэньня нацыянальнай песьні”, — сказала Тацяна Марозава.

Адзін з такіх перапыненых сьмерцю праектаў — стварэньне ў роднай вёсцы цэнтру рэгіянальнага фальклёру Століншчыны. Там, у вёсцы Верхні Церабяжоў Васіля Ліцьвінку 14 ліпеня пахавалі. У яго засталіся жонка, два сыны і ўнук.
XS
SM
MD
LG