Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Будаўніцтва праваслаўнага храму на Магілёўскім замчышчы прыпынілі


Радыё Свабода Будаўніцтва праваслаўнага храму-помніка пакутнікам і воінам, што загінулі за айчыну ў XX стагодзьдзі, прыпынілі. Гэтага запатрабавала ўправа аховы культурна-гістарычнай спадчыны. Паводле гісторыка Ігара Марзалюка, усе дакумэнты пра зьнішчэньне культурнага слою на тэрыторыі помніка археалёгіі перадалі ў генэральную пракуратуру Беларусі.

Па аднаўленьні будаўніцтва храму-помніка яшчэ 19 чэрвеня Ігар Марзалюк склаў акт пра зьнішчэньне культурнага слою. Пад актам падпісаліся дырэктар музэю гісторыі Магілёва ды галоўны спэцыяліст управы культуры Магілёўскага гарвыканкаму.

Дакумэнт накіравалі ва ўправу аховы культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі. Тая пераслала яго ў генэральную пракуратуру. Акрамя таго, яна запатрабавала ад замоўцы, праваслаўнага прыходу сьвятых царскіх пакутнікаў і праведнікаў ХХ стагодзьдзя, неадкладна спыніць будаўніцтва.

Гаворыць Ігар Марзалюк:

“Яны павінны былі спыніць усе віды работаў ды паставіць ахоўную дошку. Тое, што ўсе віды работаў спыненыя, я ведаю дакладна, бо ўчора мне ўжо тэлефанавалі. Я ім растлумачыў, што цяпер трэба зьвяртацца ў Акадэмію навук, Інстытут гісторыі, узгадняць кожную яміну, падпісваць дамовы”.

Паводле Ігара Марзалюка, прыход парушыў цэнтралізаваную працэдуру выдачы нарматыўных дакумэнтаў на работы ў ахоўных месцах. За гэтае парушэньне прыход могуць аштрафаваць на суму ад 9 да 19 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, парушэньне можа пацягнуць скасаваньне ліцэнзіі на будаўніцтва.

Будаўніцтва храму-помніка, якое спынілі ў 2002 годзе, аднавілася 19 чэрвеня. Без узгадненьня з археолягамі й іхнага нагляду прыход самавольна павялічыў плошчу будаўніцтва амаль удвая. Культурны слой з замчышча зьвезьлі на сьметнік.

Цягам тыдня студэнты ўнівэрсытэту імя Куляшова і актывісты Таварыства беларускай мовы шукалі ў адвалах сьведчаньні мінулага. За гэты час яны пазнаходзілі манэты, ганчарныя вырабы, шкло, каваныя цьвікі ды чалавечыя косткі.

У кастрычніку Ігар Марзалюк зьбіраецца прэзэнтаваць магілёўскай грамадзкасьці знаходкі з культурнага слою замчышча.

“У выстаўнай залі ўнівэрсытэту мы будзем праводзіць, па-першае, другія Капыценскія чытаньні — студэнцкую канфэрэнцыю для маладых археолягаў-пачаткоўцаў. Па-другое, мы зробім выставу “Выратаваныя каштоўнасьці”. Там будуць і бульдозэры сфатаграфаваныя, і знаходкі, і рэчы, якія мы знайшлі падчас выратавальных раскопак, а таксама курганоў. А яны там будуць адным з буйных эпізодаў”, — зазначыў Ігар Марзалюк.

24 чэрвеня праваслаўнае духавенства дабраславіла будаўніцтва помніка-храму. Чын асьвячэньня адбыўся ў прысутнасьці шматлікай грамады праваслаўных вернікаў. Прадстаўнікоў магілёўскай улады сярод іх не было. Пра будаўніцтва храму-помніка дагэтуль ня згадвала ніводная мясцовая газэта.



На здымку: Культурны слой замчышча

• Ігар Марзалюк: “Яны за свае заказы гатовыя вырабляць з помнікамі архітэктуры што заўгодна”, 22.06.2007

• Магілёўскае замчышча стала праваслаўным,”, 24.06.2007
XS
SM
MD
LG