Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Няма неабходнасьці ў атамнай энэргетыцы”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 18 ліпеня, серада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Шукалава Ларыса Ўладзімераўна, Магілёў: “Пра набалелую праблему. Пытаньне пра энэргарэсурсы востра стаіць у нашай рэспубліцы. Усім вядома, што ўрад вырашыў пабудаваць атамную электрастанцыю і такім чынам вырашыць даўнюю праблему. Аднак сродкаў на такую будоўлю няма, то бок зьняцьце ільготаў з грамадзянаў Беларусі сьведчыць пра недахоп фінансаў. Акрамя гэтага плян пра будаўніцтва атамнай станцыі цягам 2-3 год наводзіць на думкі пра якасьць гэтага будучага будаўніцтва. У розных краінах такія будоўлі займалі 10-12, а то і 15 гадоў. Пры “ўдарных” тэмпах існуе верагоднасьць паўтору Чарнобыльскай трагедыі. Таму асноўная маса насельніцтва супраць такога будаўніцтва. Наш народ меў вялізныя страты ад мірнага атаму, і нельга дапусьціць новыя выпрабаваньні і пакуты. Для вырашэньня праблемы энэргазабесьпячэньня неабходна перагледзець выкарыстаньне мясцовых крыніцаў паліва. Так, паводле навукоўцаў, запасы нафты ў Беларусі дастатковыя для забесьпячэньня нашай краіны, толькі трэба пракантраляваць, куды і як ідуць гэтыя рэсурсы. Газ, які атрымліваецца пры здабычы нафты, наогул толькі забруджвае паветра, а не выкарыстоўваецца па прызначэньні. Варта нагадаць і пра тое, што наша рэспубліка адна з найбольш багатых краінаў ня толькі ляснымі рэсурсамі, але і воднымі запасамі. Але на прылаўках нашых крамаў знаходзяцца толькі прывазныя рыбныя прадукты. А пра існаваньне рачнога транспарту мы і ня чуем. Будаўніцтва гідраэлектрастанцыяў дапаможа вырашыць праблему энэргазабесьпячэньня і абараніць насельніцтва ад новых чарнобыльскіх выпрабаваньняў, а таксама дапаможа адрадзіць рачны транспарт. Акрамя гэтага, гідраэлектрастанцыі, іх будаўніцтва, а таксама будаўніцтва вадасховішчаў зьверне ўвагу на рыбныя рэсурсы нашай краіны. Ёсьць у Беларусі і досьвед будаўніцтва ветравых электрастанцый. Таму няма неабходнасьці ў атамнай энэргетыцы”.

Слухач: “Ёсьць у нас такія дзяржаўныя натарыяльныя канторы. Лукашэнка выдаў указ ці што там пра дэбюракратызацыю. А паспрабуйце Вы там атрымаць нейкую даведку. Пазваніце туды і спытайце: “Скажыце, калі ласка, перад тым, як вырашыць пытаньне з Вамі, якія я павінен узяць дакумэнты?” Адказвае памочнік натарыюса: “Зараз спытаю”. І пайшло і паехала. Недаступныя! Потым кажа: “Ня трэба Вам зьбіраць. Вы прыходзьце да нас. Мы, як сказаў вялікі Лукашэнка, мы ў адно вакно будзем рабіць”. Дык я пытаюся, колькі гэта будзе каштаваць? Дык я без штаноў, галодны буду хадзіць, бо я пэнсіянэр, стары чалавек”. “Ну тады падыдзіце, мы на Вас паглядзім”. А што на мяне глядзець? Хіба я сьпявак, артыст ці яшчэ што? Што на мяне глядзець? Скажыце, калі ласка, якія дакумэнты мне трэба прынесьці, каб вырашыць пытаньне? Чаму Вам тэлефануем, таму што нікуды больш не праб’есься. Няма куды пазваніць...”

Слухач: “Вось тэлефанаваў Вам адзін чалавек і спрабаваў растлумачыць, чаму галасуюць за Лукашэнку. Я Вам патлумачу. Тады, калі разваліўся Савецкі Саюз, прыйшлі да кіраўніцтва Шушкевіч і астатнія, што рабілася ў рэспубліцы?! За 200 грамаў масла трэба было зь вечара чаргу займаць. Сталі зьнікаць усе прадукты, пачалі галадаць некаторыя катэгорыі насельніцтва. Пэнсіяў хапала на адзін-два дні. Трэба карміць дзяцей, вучыць іх. Для гэтага патрэбныя ўмовы. І яны насталі. У крамах усё ёсьць цяпер. Толькі б былі грошы. Вось чаго баяцца людзі. А Вы і апазыцыя гэтага зразумець ня можаце”.

Спадар: “Добрай ночы, “Свабода”. Ня часта прыходзіцца сядзець так позна, звычайна ўжо сплю. Ды вось пацікавіўся, што Вы перадаеце ў гэтай так званай “Начной Свабодзе”. Вось зь цяжкасьцю даслухаў урыўкі з гэтай … “Сапсаваныя” лялькі”. Звычайная балбатня! На ўзроўні, можа, 4-5 клясы. Дзеці б напісалі такое. Канечне, там свая “закваска” ёсьць, але гэта звычайная балбатня. Вось некалі запрашаў людзей, а Вы і абвестку не зрабілі, ну, можа, адзін раз, каб напісалі добрую песьню накшталт гімну, каб людзі зьбіраліся на плошчы і нешта аб’яднальнае сьпявалі. І дагэтуль нічога не сьпяваць. Вось Аляксандр Памідораў, зноў гэты грукат. Магу слухаўку паднесьці да прыймача, паслухалі б самі. Ня ведаю, ці слухае Вас хто-небудзь у гэты час. Не было водгукаў на гэту начную Вашу перадачу. Увогуле, мне здаецца, што Вы шмат часу аддаеце гэтай пустой балбатні. Дзякуй за ўвагу”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Атрымаў сёньня ад Вас дыск “Начная чытанка”. Вялікі дзякуй. Некаторых пісьменьнікаў я ўжо паслухаў яшчэ раз. Бліжэйшымі днямі паслухаю ўвесь дыск у фірмовых навушніках. Апошні разьдзел “Начная каманда не разьвітваецца” не адкрыўся. Магчыма, ён і не павінен адкрывацца. А з асабістых выказваньняў чальцоў каманды выступ Ягора Маёрчыка даволі дасьціпны: пісьменьнікі, аказваецца. звычайныя людзі, а зусім не жыхары нябёсаў. Як успрымаецца дыск іншымі людзьмі, якія ня слухаюць “Свабоду,” я не магу сказаць, бо ні зь кім асабліва не кантактую. А вось параду даць магу. Парада мая такая: трэба выдаць дыск перадачаў Аляксандра Памідорава “Гукапіс”, калі музыкі ня будуць асабліва адстойваць свае аўтарскія правы”.
XS
SM
MD
LG