Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Г.Таразевіч — чалавек, які здолеў радыкальна зьмяніць жыцьцё


Уладзімер Глод, Менск 17 ліпеня беларускаму палітыку і грамадзкаму дзеячу Георгію Станіслававічу Таразевічу споўнілася б 70 гадоў. Ён быў старшынём Менскага гарвыканкаму й першым сакратаром сталічнага гаркаму КПБ, старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР і намесьнікам старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР. Георгі Таразевіч — адзін зь нямногіх былых намэнклятурнікаў, хто адкрыта выступіў у падтрымку беларускай мовы і нацыянальнай сымболікі напярэдадні рэфэрэндуму 1995 году. Гэта каштавала яму пасады амбасадара Беларусі ў Польшчы.

Генадзь Бураўкін, які добра ведаў Георгія Таразевіча, вылучае наступныя ягоныя якасьці:

“Георгі Станіслававіч якраз быў з тых людзей, у якіх — можа быць, нават неўсьвядомлена — вельмі глыбока жыло пачуцьцё прыналежнасьці да Беларусі, да беларускага народу, да беларускай гісторыі. І яшчэ ў яго, як у чалавека, які прыйшоў ва ўладныя структуры дастаткова маладым, было адчуваньне неабходнасьці зьмен”.

Генадзь Бураўкін гаворыць: іхныя сустрэчы і шчырыя размовы, асабліва ў час перабудовы, даюць падставу бачыць у Таразевічу наступнае:

“Па-першае, чалавека дэмакратычных настрояў. А па-другое, чалавека рэальнага, які многае бачыў, але з многім, на жаль, вымушаны быў мірыцца. Ён жыў рэальным жыцьцём.

І якраз яго выступы, яго непасрэдны ўдзел у падзеях, якія адбываліся ў тыя дні, калі вырашаўся лёс незалежнай нашай Рэспублікі Беларусь, адыгралі сваю ролю. Пра гэта сьведчаць вельмі многія людзі.

Таму што ён выступіў і за старажытныя беларускія сымбалы, якія станавіліся дзяржаўнымі, і выступаў за незалежную, самастойную палітыку Беларусі, будучы, між іншым, даволі высокага рангу савецкім чыноўнікам”.

Георгі Таразевіч стаў у шэрагі апанэнтаў уладзе. Але чаму так мала іншых намэнклятурнікаў далучыліся да нацыянальна-дэмакратычнага руху? Публіцыст, журналіст Алесь Гібок-Гібкоўскі, які дасьледуе жыцьцё Таразевіча, сьведчыць:

“Галоўнае тое, што не сасьпеў у нас так званы нацыянал-камунізм. Ён ня высьпеў. Для яго не хапіла глебы, бо яна аказалася вельмі разрэджанай.

У тых жа суседзяў-украінцаў інэрцыя гэтай масы была значана большай. І там гэтую глебу не змаглі зьнішчыць ні бальшавікі, ні камуністы, ніхто. А ў Беларусі першыя парасткі пачалі толькі прабівацца.

Але ў дваццатых гадах база для нацыянал-камунізму была выкарчаваная з карнямі. Таму да сярэдзіны 1980-х — пачатку 1990-х намэнкулятурнікі ўжо мала цікавіліся нацыянальным. Мэтадам сэлекцыі вырасьцілі такую кагорту, у якой нацыянальнага практычна не засталося”.



• Імёны Свабоды: Георгі Таразевіч (17.7.1937 — 21.03.2003), 20.07.2006 • С.Шушкевіч: “Гэта спрыяла адраджэньню беларускасьці”, 19.09.2006
XS
SM
MD
LG