Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульцы шатляндзкага Hearts крытыкуюць Малафеева


Радыё Свабода “Нармальнай падрыхтоўцы Hearts да новага сэзону перашкаджае канфлікт футбалістаў з Эдуардам Малафеевым”, -- лічыць капітан каманды Крэг Гордан. Гордан таксама заявіў кіраўніцтву клюбу, што футбалісты знаходзяцца ў дрэннай фізычнай форме і адстаюць ад сваіх канкурэнтаў.

Як падае шатляндзкае выданьне Scotsman, набліжаны да ўладальніка клюбу Ўладзімера Раманава Малафееў меў ўжо ў мінулым сэзоне некаторы досьвед кіраваньня камандай, калі часова займаў пасаду галоўнага трэнэра Hearts. Гэты пэрыяд быў найгоршым у гісторыі клюбу, бо з шасьці гульняў, у якіх камандай кіраваў Малафееў, Hearts не перамог ні разу. Гордан сьведчыць, што ў часе нядаўніх збораў каманды ў Нямеччыне і Аўстрыі, на трэніроўках і гульнях Малафееў рэгулярна крычаў на футбалістаў. Ягоныя трэніроўкі былі адрозныя ад тых, да якіх прызвычаіліся гульцы. Шмат практыкаваньняў Малафеева, якія накіраваныя на паляпшэньне фізычнага ўзроўню гульцоў, выглядалі архаічнымі. Разам з капітанам Крэгам Горданам крытыку на адрас палітыкі клюбу адкрыта выказалі некаторыя іншыя гульцы Hearts. Паводле спартоўцаў, іхнай камандзе “трэба вяртацца ў эўрапейскі футбол”. “Тыя клюбы, супраць якіх мы цяпер гулялі, нават зь ніжэйшай лігі, былі больш мабільныя за нас. Такі фізычны ўзровень ёсьць вынікам нашых трэніровак”, -- дадае Крэг Гордан. Супраць Малафеева як трэнэра, які ня здолеў атрымаць ніводнай перамогі ў шасьці гульнях, рэзка настроеныя таксама і заўзятары каманды. На афіцыйным сайце Hearts пра былога форварда і трэнэра зборнай СССР напісана, што Малафееў зьяўляецца “дарадцам кіраўніцтва ў спартыўных справах”. Малафееў у студзені вярнуўся ў Беларусь, каб узначаліць яшчэ адзін раманаўскі клюб MTЗ РІПО, аднак у хуткім часе пакінуў пасаду. Цяпер Малафееў зьяўляецца спартовым дырэктарам яшчэ аднаго клюбу Раманава -- Kaunas. Паводле ягонага колішняга калегі Валдаса Іванаўскаса, у функцыі беларускага трэнэра ў Менску ўваходзіў пошук лепшых беларускіх гульцоў, а таксама запрашэньне іх у Hearts.
XS
SM
MD
LG