Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэгіянальная газэта” надрукавала імёны самагоншчыкаў


Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы

“Бобруйский курьер» абвяргае чуткі пра тое, што мясцовае акцыянэрнае таварыства “Люстэрка” дайшло да банкруцтва, а таму вымушанае было выправіць сваіх супрацоўнікаў у адпачынак. Дырэктар прадпрыемства Дзьмітры Ажгірэй паведаміў газэце, што цяпер фабрыка разьлічваецца па падатках; ёсьць толькі невялікія завінавачанасьці па заробках ды пэнсійным фондзе, аднак, мяркуецца, што да восені гэтыя завінавачанасьці закрыюць. Тым часам падатковыя службы лічаць, што калі прадпрыемства дагэтуль ня выйшла на прыбыткі, яго трэба ліквідаваць. Дырэктар фабрыкі спасылаецца на іншае: ён пачаў працаваць толькі мінулай восеньню, у праблемах вінаватае ранейшае кіраўніцтва, а таксама неспрыяльная кан’юнктура рынку.

У Віцебску супрацоўнік міліцыі згубіў пісталет, піша “Комсомольская правда в Белоруссии». Пры якіх абставінах у апэратыўнага супрацоўніка міліцыі Віцебскага раёну зьнік пісталет Макарава, афіцыйна не паведамляецца, па факце зьнікненьня табэльнай зброі вядзецца праверка. “Чуткі ж ходзяць такія: старэйшы лейтэнант заступіў на дзяжурства, і толькі калі надышоў час абедаць, заўважыў, што некуды падзеліся пісталет, кабура й рэмень, на які ўсё гэта мацавалася. Таму, хто знойдзе табэльную зброю, абяцаюць узнагароду ў два мільёны рублёў”.

“Рэгіянальная газэта” на сваіх старонках зьмясьціла больш за 40 імёнаў, прозьвішчаў і месцаў жыхарства людзей, якія займаюцца продажам самагону. Дакладныя адрасы не падаюцца, каб не рабіць прадаўцам брагі рэкляму. Калі правапарушальнік жыве ў шматкватэрным доме, дык называюць толькі нумар дому, калі ў прыватным доме – называюць толькі вуліцу, а калі ў вёсцы, дзе адна вуліца, тады падаюць толькі назву вёскі. Такая незвычайная публікацыя зьявілася на просьбу маладэчанскай міліцыі. Міліцыянты лічаць, што народ занадта моцна спойваецца ды ніякія адміністрацыйныя пакараньні становішча не выпраўляюць. Такім чынам, супрацоўнікі праваахоўных органаў апэлююць да сумленьня самагоншчыкаў: “Калі ўсе будуць ведаць, што твой дабрабыт пабудаваны на сьлязох і горы іншых людзей, то магчыма яны апамятаюцца”, -- спадзяюцца ў міліцыі.
XS
SM
MD
LG