Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На раскопкі архэолягам раяць браць сяброў БРСМ


Іна Студзінская, Менск Сярэдзіна лета – самы разгар археалягічных раскопаў. Праўда, навукоўцы сёлета скардзяцца на працяглыя дажджы. Дзе якія раскопы адбываюцца, што ўжо знайшлі археолягі?

Перад самым пачаткам сэзону археолягі сутыкнуліся зь цяжкасьцямі пры наборы валянтэраў, якія звычайна дапамагаюць навукоўцам менавіта капаць. Кіраўніцтва Інстытуту гісторыі параіла браць у экспэдыцыі толькі сябраў БРСМ. Распавядае археоляг Людміла Дучыц:

“У “Нашай Ніве” была абвестка прафэсара тэхналягічнага ўнівэрсытэту Сяргея Рассадзіна, які зьбіраў валянтэраў на раскопкі горада Казіміра ў Сьветлагорскім раёне. І другая аб’ява – Таварыства беларускай мовы запрашае на раскопкі ў раёне вёскі Адрубы, таксама ў Сьветлагорскім раёне. У сувязі з гэтым такі шум пайшоў, дырэктар забараніў браць на раскопкі пабочных, толькі так званыя “камсамольцы”, БРСМаўцы могуць езьдзіць”.

Археоляг Вадзім Шадыра дзявяты год запар праводзіць раскопкі на высьпе возера Сялява, што ў Крупскім раёне. Заўсёды яму дапамагалі скаўты.

“Сёлета цяжкасьці ў нас менавіта з працоўнай сілай, – распавядае спадар Шадыра. – Не дазволілі намётавы лягер скаўтаў разьбіць. Начальства раённае не дазволіла. Сымболіка ім не спадабалася, там такі чырвоны крыж на белым полі. Нагадвае ім нешта бел-чырвона-белае, мусіць”.

Гісторык Лявон Калядзінскі скардзіцца, што ўжо два гады ў Менскім пэдунівэрсытэце няма археалягічнай практыкі, таму ён са студэнтамі працуе, як кажуць, на голым энтузіязьме:

“Прама на раскопе сяджу, у Капылі. Побач мой студэнт з 4 курса Ўладзімер Мароз. Да гэтага былі яшчэ два студэнты. Людзі за свае грошы прыяжджалі, адзін з Гомеля, другі з Крупак. Наколькі грошай хапіла, столькі і пабылі са мной”.

Карэспандэнтка: “А што цікавага раскапалі?”

“На тэрыторыі ніжняга замку сустракаецца кераміка ад раньняга жалезнага веку да эпохі сярэднявечча. Знойдзены фрагмэнт амфары ХІ стагодзьдзя, які дазваляе сьцьвярджаць, што гэтая тэрыторыя ў ХІ стагодзьдзі была ўжо засвоеная. Дзьве манэты – Рэчы Паспалітай (солід) і расейская пачатку ХУШ стагодзьдзя”.

Сёлета працягваюцца раскопы ў вёсцы Каралеўская Слабада Сьветлагорскага раёну, дзе летась навукоўцы знайшлі доказы таго, што на гэтым месцы ў 17 стагодзьдзі быў горад Казімір, які зьнік 350 гадоў таму. Якія сэнсацыі чакаюць беларускіх археолягаў сёлета, пакуль цяжка праказаць, кажа малады навуковец Максім Чарняўскі:

“Раскопы самыя цікавыя у мяне будуць праз два тыдні, на тарфянікавым паселішчы пад Бешанковічамі. Там унікальны помнік – другога тысячагодзьдзя да нашай эры. Там у торфе захаваліся і костка, і дрэвы, і бурштын. Летась медны выраб там быў знойдзены. А для Віцебшчыны медны выраб бронзавага веку – вельмі рарытэтны (трэці выпадак за ўсю гісторыю дасьледаваньняў). Пакуль нічога экстрасэнсацыйнага. І цяжка прагназаваць: можа, знайду штосьці цікавае і буду на сёмым небе ад шчасьця, а можа быць і бедна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG