Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Якой была кар’ера Сухарэнкі?</B>


Алесь Дашчынскі, Менск Сьцяпан Сухарэнка быў прызначаны на пасаду старшыні КДБ у 2005 годзе. Тры месяцы ён выконваў абавязкі шэфа КДБ пасьля адстаўкі Леаніда Ерына.

Аднак Сухарэнка пратрымаўся на сваёй пасадзе значна менш, чым Леанід Ерын ці Ўладзімер Мацкевіч.

Сваёй кар’ерай Сьцяпан Сухарэнка ў многім абавязаны старшыню Савету бясьпекі Віктару Шэйману. Яшчэ ў лістападзе 1994 году спадар Сухарэнка трапіў у апарат Савету бясьпекі. Там ён узначальваў аддзел барацьбы з карупцыяй.

У 1997 годзе Аляксандар Лукашэнка прызначыў яго намесьнікам старшыні КДБ у пытаньнях барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Менш чым праз год Аляксандар Лукашэнка прызначыў палкоўніка Сухарэнку кіраваць Упраўленьнем КДБ па Менску і Менскай вобласьці.

Якраз пасьля таго, як Віктара Шэймана прызначылі кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта, Сухарэнка і ўзначаліў КДБ.

Пра Сьцяпана Сухарэнку шмат пісалі журналісты пасьля таго, як ён выказаўся супраць падрыхтоўкі назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году. Ён зьвінаваціў назіральнікаў у вэрбоўцы агентаў.

Сухарэнка стаў на чале КДБ за паўтара году да прэзыдэнцкіх выбараў. За год да выбараў шэф КДБ патрымаў заяву дырэктара ФСБ Расеі Мікалая Патрушава пра тое, што ў Беларусі рыхтуецца аксамітная рэвалюцыя.

У лістападзе 2005 году Сухарэнка прапанаваў дэпутатам дадаць у Крымінальны кодэкс палажэньне аб крымінальнай адказнасьці за зварот да іншаземнай дзяржавы з заклікам гвалтоўнага ўмяшальніцтва альбо эканамічнай блякады.

Таксама ён прапанваў дапоўніць Крымінальны кодэкс Беларусі новым артыкулам — аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

У 2005 годзе шэф КДБ заявіў, што ў Беларусі дзейнічала некалькі лягераў для падрыхтоўкі баевікоў. Паводле спадара Сухарэнкі, “гэтыя лягеры рыхтавалі баевікоў для ўдзелу ў масавых беспарадках падчас прэзыдэнцкіх выбараў у наступным годзе”.

Перад выбарамі 2006 году ён заявіў, што апазыцыя заплянавала шэраг правакацыяў на 19 сакавіка.

Напачатку сакавіка 2006 году старшыня КДБ Беларусі Сьцяпан Сухарэнка паведаміў, што камітэт раскрыў сцэнар сілавога захопу ўлады радыкальнай апазыцыяй пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле Сухарэнкі, пунктам адліку павінна была стаць правакацыйная заява кіраўнікоў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якая нібыта ажыцьцяўляла паралельнае назіраньне за выбарамі.

Паводле Сухарэнкі, сцэнар апазыцыі прадугледжваў арганізацыю ў цэнтры Менску шматтысячнага мітынгу пасьля выбараў, падчас якога “ў натоўпе плянавалі ўзарваць выбуховае прыстасаваньне”.

Перад выбарамі шэф КДБ папярэдіў тых, хто зьбіраецца ўзяць актыўны ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка. Ён сказаў, што паводле артыкулу аб тэрарызьме адказваць будуць усе, хто актыўна паўдзельнічае ў дэстабілізацыі сытуацыі. Тады Сухарэнка нагадаў, што максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротная кара.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі Сухарэнка спаслаўся на паказаньні нейкіх сьведак — нібыта ў сакрэтным лягеры баевікоў навучалі атручваць ваду ў водаправодзе з дапамогай пацукоў. Аднак тая справа так і не атрымала працягу.

Менавіта КДБ пры Сухарэнку стала актыўна перасьледаваць актывістаў апазыцыі. Самымі вядомымі сталі крымінальныя справы супраць актывістаў “Партнэрства” і “Маладога фронту”.

• М.Статкевіч: “Сухарэнка не блішчэў інтэлектам”, 17.07.2007 • П.Севярынец: “Сухарэнку звольнілі за прафнепрыдатнасьць”, 17.07.2007 • У чым прычына адставак у КДБ?, 17.07.2007 • Зьнятыя з пасады два вышэйшыя кіраўнікі беларускага КДБ, 17.07.2007 • Лукашэнка прызначыў новага шэфа КДБ, 20.01.2005
XS
SM
MD
LG