Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што знаходзяць на раскопках у Менску?


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску вядуцца раскопкі толькі ў адным месцы – на вуліцы Кірыла і Мятода. Менавіта тут з 1624 года знаходзіўся гаспадарчы двор кляштара бэрнардзінаў.

Двор па вуліцы Кірыла і Мятода, 8. Тут раней былі кляштарныя стайні і бровар. Археолягі раскапалі пакуль траціну ад усёй плошчы. Потым яны пяройдуць непасрэдна на тэрыторыю кляштару, па вуліцы Кірыла і Мятода, 6. Археоляг Юры Каласоўскі кажа:

“У выніку гэтых раскопаў нам, відаць, удалося знайсьці той будынак, зь якога і пачынаецца кляштар. Захавалася частка падлогі гэтай пабудовы. Захаваўся падмурак печкі, які адносіцца да 17 стагодзьдзя”.

На гэтай тэрыторыі ўлады хочуць пабудаваць культурна-забаўляльны цэнтар. І пакуль ня пройдуць археолягі, гэтая будоўля не пачнецца. Археоляг Юры Каласоўкі працягвае:

“Другое цікавае збудаваньне намі знойдзена – гэта рэшткі драўлянай пабудовы 12-13 стагодзьдзя. Ёсьць надзея, што ў выніку раскопаў пабудову ўдасца поўнасьцю ўскрыць”.

Знаходкі тут ад 12 стагодзьдзя да вайны 1812 года. У часе вайны тут месьціліся склады францускай арміі. Тут знайшлі фрагмэнт касьцянога грэбню, бронзавыя гузікі і кераміку. А таксама бутэлькі, люлькі, у тым ліку і турэцкія. Соліды, сярод іх срэбныя, Вялікага княства Літоўскага. Фрагмэнт францускай кукарды і ад’ютанцкіх аксэльбантаў.

Падчас нашай размовы студэнт Аляксей прынёс новую знаходку.

Карэспандэнт: Што вам прынесьлі зараз?

Каласоўскі: Гузік 17-га стагодзьдзя. Бронзавы, унутры пусты.

Карэспандэнт: А што вы яшчэ знайшлі цікавага?

Аляксей: Манеткі, крыжы, падвескі, плёмбачкі.

Карэспандэнт: А што за крыжы былі – каталіцкія ці праваслаўныя?

Аляксей: Не, паганскія.

Студэнт гістфаку БДУ Ўладзімер Лічко кажа, што беларускамоўныя студэнты будуць працаваць яшчэ пару тыдняў. Гутару зь ім.

Лічко: Я знайшоў кафлю пачатку 17 стагодзьдзя з выявай жаночай сукенкі. Даволі рэдкая, прыгожая і не пабітая.

Карэспандэнт: Чым адметныя гэтыя раскопы?

Лічко: Гэта гістарычны цэнтар Менску. І шкада вельмі, што тут паўстане нейкі гатэль, і як звычайна гістарычны цэнтар Менску будзе перабудаваны. І зусім несумяшчальныя рэчы будуць тут пабудаваны... Прымусова нас сюды прывялі, але, вядома, нам цікава.

Карэспандэнт: Чаму прымусова?

Лічко: Кожны студэнт адпрацоўвае практыку. Ніякай дапамогі тут няма – ня кормяць, грошай не даюць, вядома ж. Бясплатна і шэсьць гадзін на дзень.
XS
SM
MD
LG