Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У чым прычына адставак у КДБ?</B>


Юры Дракахруст, Прага Чаму звольненыя кіраўнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка і ягоны першы намесьнік Васіль Дземянцей? Як паўплываюць гэтыя кадравыя рашэньні на палітычную сытуацыю ў краіне ў цэлым? Фрагмэнт “Экспэртызы Свабоды” з удзелам шэф-рэдактара “Народнай волі” Сьвятланы Калінкінай і рэдактара Інтэрнэт-выданьня “Ежедневник” Сяргея Сацука.

Дракахруст: У чым прычына сёньняшніх адставак у КДБ? Незалежныя выданьні – у тым ліку і вашы – пісалі пра вайну кланаў ва ўладнай эліце, пра жорсткія сутыкненьні паміж КДБ і МУС. Але звычайна ў сыстэмах, падобных на беларускую, вышэйшы кіраўнік захоўвае балянс паміж групоўкамі ў сваім атачэньні, а не ахвяруе адной зь іх.

Калінкіна: Я думаю, што прычыны ў комплексе: і ў тым, што нарадзіліся пляны па ўзмацненьню КДБ, па падпарадкаваньню менавіта Камітэту дзяржбясьпекі шэрагу сілавых структур – з памежных войскаў, са службы бясьпекі прэзыдэнта; і ў барацьбе паміж кланамі, у якой заўсёды на нейкім этапе перамогу атрымліваюць то адны, то другія. Я б не сказала, што Лукашэнка сёньня, падпісаўшы ўказы аб адстаўцы Сухарэнкі і Дземяньцея, ахвяраваў імі, але на дадзены момант, верагодна, усё ж міністар унутраных спраў Навумаў узяў верх.

Сацук: Я згодны, што адказ трэба шукаць у комплексе прычынаў – нельга казаць, што гэта толькі барацьба клянаў. Але на маю думку, сярод галоўных прычынаў – тое, што КДБ пад кіраўніцтвам Сухарэнкі было пазбаўленае гнуткасьці. Сухарэнка дзейнічаў як салдат: грымела шмат, а толку было мала. Таму ніякіх заслуг Сухарэнкі за апошні час назваць нельга.

Апрэч таго, варта сказаць, што адстаўка Сухарэнкі – шмат у чым працяг адстаўкі Дамашкевіча. Паколькі вядома, што Дамашкевіч з Сухарэнкам былі сябрамі, і Сухарэнка шмат у чым ахвяраваў дзяржаўнымі інтарэсамі, абараняючы інтарэсы свае і Дамашкевіча. І гэта таксама адна з прычынаў: калі чыноўнік такога рангу свае інтарэсы ставіць вышэй за дзяржаўныя. А прэзыдэнт гэтага вельмі ня любіць.
”Сухарэнка дзейнічаў як салдат: грымела шмат, а толку было мала.”
Дракахруст: А ці не было ў гэтых адстаўках палітычнай подбіўкі, як гэта было ў свой час з адстаўкай Мацкевіча? Адносіны з Расеяй цяпер кепскія, справы ў эканоміцы так сабе, і хто ведае, якія думкі лунаюць пад генэральскімі фуражкамі? Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ў адстаўку адпраўлены ня толькі кіраўнік КДБ, а і ягоны першы намесьнік. І пастаўлены на КДБ чалавек, які да сёньняшняга дня ня быў у структуры Камітэту. Гэта такая форма выражэньня недаверу ўсяму КДБ?

Сацук: КДБ дае таму ж МЗС, той жа адміністрацыі прэзыдэнта факты, матар''ял для працы ў зьнешняй палітыцы. Той факт, што КДБ абвясьціла пра затрыманьне шпіёнаў, што Польшча афіцыйна прызнала, што затрымалі беларускага шпіёна, гісторыя з прэфэрэнцыямі – гэта гаворыць, што на зьнешнепалітычным фронце поўны крах, і шмат у чым гэта віна КДБ. Бо яно ня можа прадставіць уладзе аргумэнтаў, схаваных рычагоў для ўзьдзеяньня на зьнешнепалітычным фронце.

Дракахруст: Сьвятлана, ці ня лічыце Вы, што гэтыя польскія шпіёны былі апошняй кропляй? І больш шырока: ці бачыце Вы ў гэтай адстаўцы палітычную подбіўку?
“КДБ граў расейскую гульню, і верагодна, што ў сёньняшняй Беларусі гэта ўжо не вітаецца, як раней.”
Калінкіна: Я сапраўды была зьдзіўленая гэтым шпіёнскім польскім скандалам, таму што апошнія месяцы беларускае кіраўніцтва прысьвяціла шмат часу таму, каб былі наладжаныя адносіны з той жа Польшчай. І ў гэтым сэнсе скандал, які быў справакаваны з Масквы, сапраўды ня ўпісваўся ў сёньняшні рух беларускай улады – хаця б і зьнешні, і дэкляратыўны.

Шмат і расейскіх, і беларускіх выданьняў пацьвердзілі, што скандал быў справакаваны з Расеі – менавіта пад гэтыя падзеі з разьмяшчэньнем у Польшчы супрацьракетная абароны і мараторый Расеі на Дамову аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. А самі гэтыя шпіёны былі затрыманыя яшчэ ўзімку. Мне відавочна, што ў гэтым выпадку КДБ разам са Сьцяпанам Сухарэнкам граў расейскую гульню, і верагодна, што ў сёньняшняй Беларусі гэта ўжо не вітаецца, як раней, і тое, што кіраўнікі ведамства лічылі, што яны дакажуць сваю значнасьць: што яны ловяць шпіёнаў, а ня толькі пацукоў – наадварот зрабіла ім дрэнную паслугу, і наадварот – магло паслужыць прычынай адстаўкі ў сёньняшніх умовах.

Прызначэньне Жадобіна на КДБ – гэта, на мой погляд, абраза Камітэту, але Лукашэнка кіраваўся, як мне здаецца, толькі крытэрыем "набліжанасьці да цела". А Жадобін на дадзеным этапе бліжэй, чым хтосьці іншы з намесьнікаў Сухарэнкі.

Працяг Экспэртызы на нашым сайце пазьней
XS
SM
MD
LG