Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шпіёнскі скандал мае расейскі сьлед?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі абмяркоўваюць скандал вакол беларускіх вайскоўцаў, якія зьбіралі сакрэтныя зьвесткі на карысьць польскай выведкі. Іх выкрыў КДБ адразу па выхадзе Расеі з дамовы аб абмежаваньні звычайных узбраеньняў. Чаму расейскі сьлед у гэтай гісторыі апынуўся ў цэнтры ўвагі?

Навіна пра польскіх шпіёнаў, якіх схапілі ў Беларусі, 16 ліпеня трапіла ў галоўныя паведамленьні ўсіх нацыянальных расейскіх тэлеканалаў, а таксама была распаўсюджаная ў Эўропе каналам навінаў “Euronews”, адным з асноўных фінансавых фундатараў якога ёсьць Расея.

Ці відаць у гісторыі пра польскіх шпіёнаў расейскі сьлед?

“Канечне, ёсьць. Гэта зьвязана з тым, што Расея выйшла з дамовы аб звычайных узбраеньнях, — мяркуе былы супрацоўнік вайсковай контравыведкі Беларусі Сяргей Аніська. — Трэба было паказаць ўсяму сьвету, што супраць Расеі й Беларусі, якія маюць агульную сыстэму супрацьпаветранай абароны, вядзецца моцная выведка. А беларусам з расейцамі трэба тэрмінова мацаваць сваю бясьпеку”, — дадаў Сяргей Аніська.

Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка не сумняваецца, што беларускія чэкісты выкрылі сапраўдных шпіёнаў. Што да часу, які быў абраны для паведамленьня гэтай навіны, Валер Костка называе яго “вельмі зручным для Расеі”.

Паводле назіральніка, аб’ектыўна такі скандал перашкаджае нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Эўропай:

“Гэтым абмяжоўваюць магчымасьці Лукашэнкі для наладжваньня кантактаў з Эўропай. Пасьля гэтага скандалу склалася сытуацыя, што Лукашэнка стане зусім фігурай нон-грата ў Эўропе. А для Расеі гэта карысна. Маўляў, вы бачыце: мы да іх з адкрытай душой, а супраць нас вядуць вунь якую працу”.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што шпіёнскі скандал набыў палітычную афарбоўку невыпадкова. Паводле Аляксандра Алесіна, Беларусі выгаднае захаваньне дамовы аб абмежаваньні агульных узбраеньняў у Эўропе, аднак Расеі цяпер выгадна гэтую пазыцыю зьмяніць.

“Калі Лукашэнка кажа, што ў Масквы нічога на Захадзе няма, акрамя нас, ён мае рацыю. Беларусь цяпер мае каля 1800 танкаў, 2600 БТР, 1650 гарматаў калібру болей за 100 мілімэтраў. Калі пералічыць гэта на тысячу вайскоўцаў, будзе самы высокі паказчык у Эўропы. Такім чынам, у нас паводле гэтай дамовы выдатны патэнцыял, і мы можам яго выкарыстоўваць”.

Паводле Аляксандра Алесіна, пазыцыя Беларусі як адзінага шчыта Расеі на заходнім кірунку дапамагае ёй атрымліваць ад Расеі пэўныя прэфэрэнцыі ў эканоміцы й палітыцы.

Адпаведна выхад Расеі з гэтай дамовы прывядзе да зьніжэньня ролі Беларусі ў сыстэме бясьпекі Расеі. Аглядальнік мяркуе, што пэўныя сілы ў Расеі хацелі б яшчэ больш уцягнуць Беларусь ў арбіту гэтай краіны.

Тым часам у апараце дзяржсакратара Саюзу Расеі й Беларусі заявілі, што апэрацыя беларускіх контравыведнікаў удалася дзякуючы расейскаму ФСБ. “Нашы спэцслужбы працуюць у кантакце. Калі б гэтак жа працавалі й эканамісты, саюзная дзяржава даўно была б пабудаваная”, — заявіў 17 ліпеня памочнік дзяржсакратара Іван Макушок расейскім журналістам.

У беларускім КДБ некаторыя аспэкты шпіёнскай тэмы камэнтуюць неахвотна. Кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ Валер Надтачаеў патлумачыў, чаму пра справу паведамілі цяпер, хаця затрымалі шпіёнаў у студзені. “Таму што было завершанае расьсьледаваньне”, — сказаў супрацоўнік КДБ.

На пытаньне, чаму не затрымалі тых, каму была патрэбная шпіёнская інфармацыя, Валер Надтачаеў адказаў: “Без камэнтароў”.

• М. Статкевіч: “Скандал з польскімі шпіёнамі — унутраны піяр?”, 16.07.2007 • Шпіёнскай справы ў Вярхоўным судзе пакуль няма , 16.07.2007 • Намесьнік старшыні КДБ у эфіры ОНТ распавёў пра меркаваных шпіёнаў, 16.07.2007 • Польскі друк: затрыманьне так званых “польскіх шпіёнаў” – правакацыя Менску, 14.07.2007 • КДБ абясшкодзіў сетку агентаў польскай выведкі? , 13.07.2007
XS
SM
MD
LG