Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцку зьявілася беларускамоўная кандуктарка


Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы.

Газэта «Ранак-плюс» публікуе матэрыял «Альтэрнатыва» прапануе альтэрнатыву». Актывісты сьветлагорскай гарадзкой дабрачыннай арганізацыі «Альтэрнатыва» прапануюць адчыніць на базе раённай паліклінікі кансультатыўны кабінэт для людзей, якія жывуць зь ВІЧ/СЬНІД. Мясцовыя чыноўнікі ідэю ўхваляюць, але кіраўніцтва раённай лякарні цьвердзіць, што існаваньне такога кабінэту будзе супярэчыць юрыдычным і этычным нормам. Мэдыкі спасылаюцца на панятак “лекарская таямніца”, на адпаведныя нормы ў заканадаўстве, за невыкананьне якіх прадугледжваецца нават крымінальная адказнасьць. Наяўнасьць кабінэту для ВІЧ-інфікаваных можа раскрыць таямніцу іхнай хваробы і спарадзіць непатрэбныя размовы.

“Наша слова” піша пра беларусізацыю грамадзкага транспарту ў Слуцку: "Кандуктарка гарадзкога маршрутнага аўтобусу, што ходзіць па галоўнай вуліцы гораду, малажавая жанчына са спакойным тварам, абыходзячы па праходзе пасажыраў, гаварыла, падаючы білет і рэшту, ня звыклае “пожалуйста”, а нашае роднае “калі ласка”, дапаўняючы пажаданьне беларускамоўнай гаворкай. Ад яе словаў твары некаторых пасажыраў пасьвятлелі, хтосьці заўсьміхаўся, бо ня часта яны сёньня чуюць роднае, Богам нададзенае слова”.

Паводле “Нашага слова”, у Слуцкім аўтобусным парку ўвогуле прыязна ставяцца да беларускай мовы. Цяпер ідзе замена шыльдаў на прыпынках – 208 шыльдаў будуць беларускамоўныя.

“Мясцовы час” апавядае пра наступствы нядаўняга патопу ў Пінску, які здарыўся ў выніку працяглых моцных дажджоў. Гарадзкі пляж у Пінску давялося зачыніць: залеўная каналізацыя ня справілася зь вялікай колькасьцю дажджавой вады, таму ў раку з каналізацыі трапілі фэкаліі. Давялося рабіць апэратыўныя захады для ачышчэньня Піны.

«Наша ніва» публікуе рэпартаж з пілігрымкі ў Гудагай да Маці Божай Шкаплернай. Ушанаваньне сьвятыні адбывалася ў мінулыя выходныя. Раней вернікі з Астравеччыны выпраўляліся ў пілігрымкі ў Вільню да Маці Божай Вастрабрамскай, але пасьля зьяўленьня мяжы болей увагі пачалі надаваць мясцовым сьвятыням і ладзіць свае фэсты. “Кульмінацыяй фэсту сталася сама каранацыя абразу Маці Божай Шкаплернай Папскай Каронай. Грошы на золата для Кароны зьбіралі самі местачкоўцы, пасьля чаго яе зрабілі польскія ювэліры, а яшчэ пазьней яе асьвяціў Папа Рымскі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG