Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лех Качыньскі: “Амэрыканскі шчыт патрэбны Польшчы”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі заявіў, што ягоная краіна пагадзілася на разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі часткі амэрыканскай сыстэмы проціракетнай абароны – ракетаў, якія павінны перахопліваць ракеты непрыяцеля. Супраць гэтага актыўна выступае Расея, хаця і ў Вашынгтоне, і ў Варшаве запэўніваюць, што гэта выключна абаронная сыстэма.

Пасьля сустрэчы ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, Лех Качыньскі заявіў, што амэрыканскі шчыт “патрэбны Польшчы” і будзе разьмешчаны на польскай тэрыторыі пасьля ўрэгуляваньня шэрагу тэхнічных пытаньняў – памеры, месца разьмяшчэньня і тэрмін пачатку будовы.

“Гэта абаронная сыстэма. Абароны супраць безадказных рэжымаў, якія маюць альбо працуюць над стварэньнем ядзернай зброі”, – заявіў Качыньскі і прызнаў, што рашэньне Варшавы “мае таксама палітычны кантэкст”.

Заява прэзыдэнта Польшчы была нечаканай, бо раней у Варшаве і ўлады, і апазыцыя, і экспэрты пагаджаліся, што трэба перадусім атрымаць ад ЗША гарантыі дадатковай бясьпекі.

“Варта мець у сябе шчыт, бо ён злучыў бы нашу сыстэму бясьпекі з сыстэмай бясьпекі самай моцнай краіны сьвету і тады ніякай гаворкі пра пагрозы ці тым больш напад на Польшчу ўжо нельга весьці. Па-другое, гэта дапаможа зрабіць больш сучаснай нашу сыстэму проціпаветранай абароны. Амэрыканцы зробяць усё, каб лепш бараніць такі аб’ект”, – заявіў нашаму радыё былы намесьнік міністра абароны Польшчы, генэрал Станіслаў Козей.

Паводле ягоных словаў, згода прэзыдэнта Качыньскага павінна азначаць, што Варшава такія дадатковыя гарантыі атрымала.

Між тым крыху больш паловы палякаў выступаюць супраць гэтага праекту, матывуючы сваю пазыцыю небясьпекай для Польшчы – расейскія вайскоўцы заявілі нават, што накіруюць на месцы, дзе будзе разьмешчаны шчыт, свае ракеты.

Неафіцыйна паведамляецца, што амэрыканскі аб’ект будзе будавацца ў ваколіцах мястэчка Рэдзікава на Балтыйскім узьбярэжжы, а працы пачнуцца ў лютым наступнага году.

• Якія пэрспэктывы разьвязаньня расейска-амэрыканскага канфлікту ў пытаньні супрацьракетнай абароны?, 11.06.2007 • А.Патупа: "Супрацьракетная абарона ЗША нам не пагражае", 12.04.2007
XS
SM
MD
LG