Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод магілёўскіх дэмакратаў зноў няма згоды


Радыё Свабода У нядзелю ў Магілёве адбылася канфэрэнцыя аб’яднаных дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны. Дэлегаты падвялі вынікі працы аб’яднанай апазыцыі Магілёўшчыны за апошнія тры месяцы, прынялі праграму дзейнасьці да 2008 году, а таксама зацьвердзілі палажэньне аб абласной міжрэгіянальнай кааліцыі ды абралі каардынацыйную раду.

На канфэрэнцыю зьехаліся дэлегаты з Магілёва, Бабруйску, Крычава, Горак, Шклова, Круглага, а таксама з Магілёўскага ды Бялыніцкага раёнаў — разам 51 дэлегат.

Арганізавалі канфэрэнцыю рэгіянальныя арганізацыі Партыі БНФ, Партыі свабоды й прагрэсу.

Паводле старшыні рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, канфэрэнцыю правялі, каб падвесьці вынікі ўдзелу аб’яднанай апазыцыі Магілёўшчыны ў выбарчых кампаніях 2004—2006 гадоў ды прыняць праграму далейшых дзеяньняў абласной кааліцыі.

“Пасьля мясцовых выбараў прайшло некалькі месяцаў, адбыўся кангрэс і, на жаль, кангрэс да гэтай пары нічога не прапанавалі — ні пляну дзейнасьці, ні праграмы дзейнасьці агульнай.

У прадстаўнікоў партыяў, прадстаўнікоў рэгіёнаў узьнікла думка сабрацца разам і выпрацаваць агульны падыход, стратэгію дзейнасьці да 2008 году, да будучых парлямэнцкіх выбараў”, — зазначыў Рыгор Кастусёў.

Адмовіліся дэлегаваць на канфэрэнцыі сваіх прадстаўнікоў арганізацыі Партыі працы ды Партыі камуністаў беларускай.

Канфэрэнцыю праігнараваў і кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў. На канфэрэнцыі прысутнічала шасьцёра сяброў АГП.

На думку Рыгора Кастусёва, Партыя працы ды Партыя камуністаў Беларускай адмовіліся ад удзелу ў канфэрэнцыі праз жорсткія ўмовы дэлегаваньня:

“Адбор быў толькі тых людзей, якія актыўна бралі ўдзел у мінулых палітычных кампаніях прэзыдэнцкіх выбараў і выбарах у мясцовыя саветы, хто дайшоў да канца і ня зьняўся. Тых людзей, хто браў актыўны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. У асноўным гэта тыя, хто быў рэпрэсаваны, адседзелі на сутках, каго звольнілі з працы”.

Уладзімер Шанцаў лічыць, што арганізатары канфэрэнцыі наўмысна праігнаравалі рэкамэндацыю палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў устрымацца ад правядзеньня абласных канфэрэнцыяў у выпадку адсутнасьці згоды ў кааліцыях:

“Гэтая канфэрэнцыя рыхтавалася па-за сьпінамі рэгіянальных кіраўнікоў АГП, Партыі камуністаў беларускай і Партыі працы. Большасьць дэлегатаў на канфэрэнцыі — прыхільнікі руху “За свабоду”.

Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Партыі працы Аляксандар Каралёў, кажа, што “падчас прыняцьця пастановы аб скліканьні канфэрэнцыі яе ініцыятары парушылі традыцыю кааліцыйнай супрацы. Раней такія рашэньні прымаліся кансэнсусам. Мы спрачаліся, але знаходзілі паразуменьне. Цяпер гэтага не адбылося”, — зазначае Аляксандар Каралёў.

“Праводзіць трэба канфэрэнцыю, мы згодныя. Мы прасілі перанесьці яе на некаторы час — на тыдзень, на два, каб азнаёміцца, уважліва прапрацаваць дакумэнты канфэрэнцыі. Нас не запрашалі распрацоўваць гэтыя дакумэнты. Нашыя былі прапановы па дэлегатах, па прынцыпе, як удзельнічалі на кангрэсе”, — кажа Аляксандар Каралёў.

Нягледзячы на чарговыя непаразуменьні, магілёўскія дэмакраты адмаўляюцца казаць пра раскол у шэрагах аб’яднанай апазыцыі Магілёўшчыны.

Магілёўскія дэмакраты, кажуць пра неабходнасьць правядзеньня кансультацыяў, у ходзе якіх яны спадзяюцца знайсьці выйсьце з крызіснай сытуацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG