Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэпертуар джаза Каржанеўскага — гэта нейкі вінегрэт гукаў...”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 17 ліпеня ў розныя гады мінулага.

На старонках “Nowego Zycia” ў 1927 годзе пад рубрыкай “З краю” можна прачытаць: “Дня 8 г.м. ў Тэлеханах на Палесьсі адбылося ўрачыстае асьвяшчэньне адбудаваных шлюзаў і адкрыцьцё руху на канале Агінскага. Мін. Марачэўскі падчас сваёй прамовы выказаў спадзяваньне, што адкрыцьцё воднага шляху паўплывае на завязваньне і ўшчыльненьне стасункаў зь Літвой”.

“Звязда” ў 1937 годзе піша аб канцэртных праграмах у менскіх кінатэатрах: “Рэпертуар джаза Каржанеўскага — гэта нейкі вінегрэт гукаў і рэжучых слых шумаў. Зусім вульгарызавана выкананне сучасных песень, якія, відаць, для адводу вачэй уключаны ў рэпертуар. Агіду выклікаюць штампаваныя рухі і ўжымкі артыстаў. Асабліва здзіўляе некультурнае выкананне “танцаў”. Даволі ўспомніць і “курыны вальс” (?!), або песеньку з словамі, як “губы даны, чтобы целовать”, каб уявіць сабе нізкапробную прадукцыю гэтага, з дазволу сказаць, джаза”.

На гэтым тыдні 1957 году “Бацькаўшчына” адзначае: “Адным з найбольш нялюдзкіх і нявымоўна подлых мэтадаў бальшавізму ёсьць тое, што ён змагаецца з варожымі яму народнымі сіламі пры помачы найбольш аўтарытэтных прадстаўнікоў паасобных народаў, выкарыстоўваючы іх у якасьці найбольш войстрага аружжа ў дасягненьні сваіх антынародных мэтаў... Гэтак у змаганьні зь беларускім нацыянальным рухам бальшавікі не паўстрымаліся перад выкарыстаньнем найвялікшага змагара й ідэялёга гэтага руху — Янкі Купалы”.
XS
SM
MD
LG