Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урачыстае набажэнства грэка-каталікоў у Полацку


Радыё Свабода Урачыстым набажэнствам закончылася ў Полацку 13-я пілігрымка беларускіх грэка-каталікоў. 80 чалавек чатыры дні пешкі ішлі зь Віцебску ў Полацк.

Урачыстую літургію ля царквы сьв. Параскевы Полацкай узначаліў Апостальскі візытатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У сваёй прамове ён сказаў:

Гаек: “Так шчасьліва атрымліваецца, што ў гэтыя дні спаўняецца 490 гадоў ад моманту, калі вялікі беларускі першадрукар Францішак Скарына, родам з Полацку, пачаў выдаваць у Празе Біблію ў старабеларускім перакладзе... Ужо сапраўды пара, каб мы самі захацелі чытаць Слова Божае на нашай роднай беларускай мове. Гэта – таксама шырокае поле для сумеснага дзеяньня ўсіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі”.

Удзельнікі набажэнства таксама ўзгадалі 125-я ўгодкі з дня нараджэньня Янкі Купалы, якога яны назвалі “вялікім беларускім хрысьціянскім паэтам, вешчуном духовага адраджэньня беларускага народу”.

У мінулыя гады падчас пілігрымкі здараліся розныя інцыдэнты накшталт кантакту з п’янымі мясцовымі жыхарамі. Гэтым разам такога не здаралася. Толькі ў вёсцы Слабада каля Віцебску не ўдалося заначаваць у клюбе, дзе пілігрымы спалі кожны год. Цяпер там быў рамонт, і пілігрымам давялося спаць у намётах пад дажджом.



Кожны год пілігрымка пачынаецца 11 ліпеня – у дзень Полацкіх мучанікаў. 11 ліпеня 1705 году п’яны расейскі цар Пётар І забіў у Полацкім Сафійскім саборы шасьцёх манахаў-базыльянаў.



Полацак, 15.07.2007. Завяршэньне пілігрымкі беларускіх грэка-каталікоў у Полацку Прамаўляе дэкан Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, протапрэсьбітэр а. Андрэй Абламейка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG