Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусі няма сэнсу выходзіць з Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе"


Радыё Свабода 14 ліпеня Расея абвясьціла аб прыпыненьні свайго ўдзелу ў Дамове аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. Гэты крок быў скрытыкаваны Злучанымі Штатамі і Эўропай. Аднак, прымаючы сваё рашэньне, Расея пакінула магчымасьці для далейшых перамоваў – рашэньне аб выхадзе ўступае ў дзеяньне праз 150 дзён.

Маскоўскі аналітык і аглядальнік “Новой газеты” Павел Фэльгенгаўэр адказаў на пытаньне Радыё Свабода, якую галоўную праблему мае Расея з Дамовай аб звычайных узбраеньнях у Эўропе.

Фэльгенгаўэр: “У асноўным гэта Стамбульскія абавязаньні – расейская прысутнасьць у СНД. Гэта – галоўная праблема. Асноўны камень спатыкненьня цяпер – Малдова. Расея нязьменна адмаўляецца вывесьці войскі з Прыднястроўя. І прэзыдэнт Пуцін, і іншыя чыноўнікі заявілі, што яны не прызнаюць права Захаду накладаць на Расею такія абмежаваньні. Масква сьцьвярджае, што мае права трымаць там свае войскі”.

Радыё Свабода таксама спыталася ў Паўла Фэльгенгаўэра, чаго Расея паспрабуе дамагчыся за тыя 150 дзён, якія яна пакінула да ўуступленьня ў сілу рашэньня аб выхадзе з дамовы.

Фэльгенгаўэр: “Галоўная мэта Расеі – дамагчыся хуткай ратыфікацыі прыстасаванай вэрсіі Дамовы аб звычайных узбраеньнях, зацьверджанай на саміце ў Стамбуле ў 1999 годзе. Захад ад гэтага адмаўляецца, патрабуючы, каб Расея цалкам вывела свае войскі з Грузіі і Малдовы”.

А вось як Павал Фэльгенгаўэр адказаў на пытаньне Радыё Свабода, ці выйдуць з гэтай дамовы ўсьлед за Расеяй нейкія іншыя дзяржавы?

Фэльгенгаўэр: “Магчыма, магла б выйсьці Беларусь. Наўрад ці хто іншы проста цяпер. І я цалкам ня ўпэўнены наконт Беларусі, паколькі выхад з гэтай Дамовы нічога Беларусі не дае”.

Расея выйшла з Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе , 14.07.2007
XS
SM
MD
LG