Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд недзяржаўнай прэсы: “Ня верце прайдзісьветам і БРСМ”


Юлія Шарова, Менск

“Ня верце прайдзісьветам і БРСМ” – матэрыял пад такім загалоўкам зьмяшчае «Вечерний Брест». Каб завершыць будаўніцтва жылога дому ў Берасьці, удзельнікі далявога будаўніцтва вымушаныя расплачвацца па рахунках створанай БРСМ будаўнічай арганізацыі. Фірма “Палесьсе”, заснавальнікамі якой зьяўляюцца Берасьцейскі абкам БРСМ і Пінскі гаркам БРСМ, зарэгістраваная ў 2000 годзе. Цяпер ёй пагражае банкруцтва. Арганізацыя была генпадраднікам будаўніцтва дому.

“...згодна з нарматыўнымі актамі “Палесьсе” павінна было мець ліцэнзію на ажыцьцяўленьне ўзятых на сябе функцыяў генпадрадніка. Такой яно на мела. Зрэшты, гэта не перашкодзіла Берасьцейскаму гарвыканкаму даць “Палесьсю” адзін з найбольш прывабных участкаў зямлі ў абласным цэнтры. Улік вядзеньня будаўніцтва быў занядбаны. Прамежкавыя (штомесячныя і штоквартальныя) справаздачы ў 2006 годзе не вяліся. На асобныя кватэры былі залучаныя не адна, а дзьве дамовы з інвэстарамі. Гэта толькі асобныя штрыхі з таго мноства парушэньняў, якія былі выяўленыя ў часе праверкі Камітэту дзяржкантролю Берасьцейскай вобласьці, зладжанай ў сьнежні 2006 году на падставе ліста Ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй па Берасьцейскай вобласьці”.

У Беларусі рэалізаваны найбуйнейшы праект замежных інвэстараў, паведамляе “Белорусы и рынок». Альянс нямецкіх банкаў уклаў 269 мільёнаў даляраў у вытворчасьць бясшвовых трубаў на Беларускім мэталюргічным заводзе. Крэдытныя рэсурсы выдалі на 12 год пад 3% гадавых. БМЗ плянуе штогод выпускаць 250-280 тысячаў тонаў бясшвовых гарачакатаных трубаў. Доля заводу на ўсясьветным рынку гэтых тавараў можа скласьці каля 1,5%. Яшчэ колькі год таму ўрад адмаўляўся ад гэтага праекту і толькі ў 2004 годзе быў дадзены дазвол. Пакуль ішло наладжваньне вытворчасьці, дзяржава праект амаль ніяк не падтрымлівала.

У Баранавіцкім раёне знайшлі ды канфіскавалі 15 тонаў тэхнічнага сьпірту “Максімка-2” на суму болей за 500 мільёнаў рублёў, піша «Брестская газета». Сьпірт затрымалі ў лесе недалёка ад вёскі Ямічына – там бакі з таварам перагружалі з аўтамабіля “Сканія” ў мікрааўтобус “Мэрсэдэс”. Паводле дакумэнтаў, якія меў ўладальнік тавару, было пазначана, што на Бярозаўскі сыраробны камбінат з Масквы вязуць проста бочкі й слоікі. Цяпер выяўляецца канал нелегальнай адстаўкі сьпірту ў Беларусь.

«Газета Слонимская» піша пра праблемы рэстаўрацыі каменнай сынагогі, пабудаванай у Слоніме ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя. Старадаўні будынак знаходзіцца ў аварыйным стане, аднак сродкаў на яго рэстаўрацыю няма. Сынагога лічыцца на балянсе Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня, фундатары пакуль не выходзяць з прапановамі дапамагчы. Адзін заможны амэрыканец хацеў ахвяраваць на рэстаўрацыю вялікую суму грошай, аднак ён гатовы быў кантактаваць толькі са слонімскай габрэйскай суполкай, якой не існуе. Старадаўні будынак тым часам працягвае разбурацца.
XS
SM
MD
LG