Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выйдзе Беларусь з Дамовы сьледам за Расеяй?


Уладзімер Глод, Менск Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін падпісаў указ аб тым, што Расея прыпыняе ўдзелу у Дамове аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. У згаданую Дамову ўваходзіць і Беларусь.

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб гаворыць, што ён ня можа цяпер дакладна спрагназаваць, як у гэтай сытуацыі павядзе сябе кіраўніцтва Беларусі:

“Калі б гэта было раней на некалькі гадоў, я адназначна думаў бы, што Беларусь пойдзе сьледам за Расеяй і таксама прыпыніць свой удзел у гэтай дамове.

Але пасьля газавых войнаў я нават ня ведаю, якое рашэньне прыме кіраўніцтва Беларусі. Можа, нават, і пойдзе, калі Масква паабяцае вялікі беспрацэнтны крэдыт ці паслабленьні ў аплаце за энэргарэсурсы. Тут ёсьць глеба для гандлю.

А з другога боку, гэтага можа і ня быць. Беларускае кіраўніцтва можа сказаць расейскаму: вы нас падводзілі, і таму мы застаемся ў дамове. А цяпер, можа, Захад будзе больш ляяльна да Беларусі ставіцца, таму што яна не пабегла за Расеяй”.

Вайсковы аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Аляксандар Алесін у інтэрвію Радыё Свабода таксама адзначае дзьве магчымасьці дзеяньняў беларускага кіраўніцтва.

Але, адрозна ад спадара Грыба, ён амаль на сто працэнтаў упэўнены, што Аляксандар Лукашэнка ня будзе прыпыняць удзелу Беларусі ў Дамове аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. На чым грунтуецца гэтая ўпэўненасьць, пытаюся ў аглядальніка:

“А нас, Беларусь, расейскі крок ня тычыцца. Калі ж мы прыпыняем дзеяньне дамовы, дык гэта азначае, што мы атрымліваем магчымасьць перавышаць колькасьць арміі ў 100 тысяч, мець больш за 1800 танкаў, больш за 2600 БМП і БТР і г.д. Але нам гэта абсалютна не патрэбна.

Беларусі дзейная дамова выгадная. Выгадная ў палітычным сэнсе, паколькі яна зьвязвае рукі Расеі. І таму ў гэтым рэгіёне значэньне ўзброеных сілаў Беларусі ўзрастае. Практычна гэта самая вялікая вайсковая сіла пасьля Ўкраіны”.

Афіцыйныя асобы ў беларускім кіраўніцтве гэтага пытаньня не камэнтуюць.

Старшыня Камісіі ў справах нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў генэрал Анатоль Белашэўскі сказаў мне, што ён ня хоча, каб ягонае імя згадвалася ў кантэксьце з Дамовай аб звычайных узбраеньнях у Эўропе.

Варта нагадаць, што ў 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка таксама абвяшчаў, што краіна прыпыняе выкананьне сваіх абавязкаў па гэтай дамове. Тады размова ішла пра тое, што Беларусь ня мае грошай для зьнішчэньня істотнай колькасьці бронетэхнікі, чаго патрабавала дамова. Але тады справа была ўлагоджаная дыпляматычнымі сродкамі, і свае абавязкі па дамове краіна выканала.

Дамова аб звычайных узбраеньнях у Эўропе падпісаная ў 1990 годзе. У ёй удзельнічалі, з аднаго боку, краіны арганізацыі Варшаўскай дамовы, з другога — НАТО. Пасьля распаду Савецкага Саюзу гэты дакумэнт, які назвалі адаптаванай Дамовай, падпісалі зноў.


• Мараторыі на дамову аб звычайных узбраеньнях: Лукашэнка – 1995, Пуцін – 2007, 28.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG