Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Салідарнасьці адзначаюць у дзясятках гарадоў


Любоў Лунёва, Менск Сёньня Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў, які амаль два гады штомесяц адзначаецца 16-га чысла. У беларускіх гарадах і за мяжой адбудуцца вулічныя акцыі. На Кастрычніцкай плошчы Менску на шостую вечара заплянаваная масавая акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі. Гэтым разам да моладзі далучаюцца актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой зьяўляецца Андрэй Клімаў.

У Дзень беларускай салідарнасьці ў Віцебску залуналі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Партрэты зьніклых Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага зьявіліся ў падземных пераходах, на прыпынках грамадзкага транспарту ў беларускай сталіцы і ў абласных цэнтрах.

У Менску ў мікрараёнах Ўручча і Малінаўка каля буйных крамаў зьявіліся партрэты палітвязьняў.

Традыцыйна ў вулічных акцыях — флэш-мобах і пікетах — удзельнічае пераважна моладзь. Сёньня на шэсьць вечара на Кастрычніцкай плошчы заплянаваны жывы ланцуг, у якім апроч моладзевых актывістаў будуць удзельнічаць сябры АГП. Гэтак яны выкажуць падтрымку свайму паплечніку Андрэю Клімаву.

Гаворыць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Мы прымушаем прыгадаць, што ёсьць такі Андрэй Клімаў, якіх больш за ўсіх адседзеў у лукашэнкаўскіх вязьніцах. У наступным месяцы – акцыя салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным, потым са Зьмітром Дашкевічам і г.д. Я думаю, што мы нагадваем ня толькі пра тое, што ёсьць палітычныя вязьні, але гэта канкрэтныя людзі, у якіх ёсьць мамы, родныя, блізкія. Гэта праблема, якая кранае ўсіх”.

Вулічныя акцыі салідарнасьці адбудуцца ў Салігорску, Барысаве, Жодзіне, Магілёве, Горадні. Актывіст “Маладога фронту” ў Салігорску Іван Шыла ўдзельнічаў ва ўсіх акцыях салідарнасьці 16-га чысла. Нягледзячы на тое, што ён сам можа неўзабаве папоўніць сьпіс беларускіх палітвязьняў (хутка яго будуць судзіць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі), юнак возьме ўдзел у сёньняшняй акцыі.

“Традыцыйна ў Салігорску будзе акцыя на цэнтральнай плошчы. Гэта будзе ланцуг неабыякавых людзей. Яны будуць трымаць партрэты палітвязьняў – Зьмітра Дашкевіча, якому 20 ліпеня споўніцца 26 гадоў. Гэта акцыя са сваякамі зьніклых і палітычных вязьняў” — гаварыў Іван Шыла.

А восьмай вечара традыцыйна каля кляштару бэрнардынцаў людзі зьбяруцца, каб разам памаліцца за лёс вернікаў, палітвязьняў і за вольны лёс Беларусі.

Гаворыць Зьміцер Хведарук:

“Гэтымі акцыямі моладзь хоча казаць, што ёй неабыякава сытуацыя ў нашай краіне. Мы хочам спыніць гэты сьпіс, яго пашырэньне, каб больш ніводны малады чалавек за свае палітычныя погляды не трапляў за краты. Мы зьбіраемся ля кляштару бернардынцаў, дзе цяпер адбіраюць ня толькі будынак, які належыць каталікам, але, сапраўды, адбіраюць хрысьціянскае сэрца Беларусі”.

Колькі акцыяў адбудзецца насупраць будынкаў беларускай амбасады ў Польшчы, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, ЗША і краінах Заходняй Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG