Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч: “Скандал з польскімі шпіёнамі — унутраны піяр?”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі працягваецца скандал вакол чатырох беларускіх і аднаго былога расейскага вайскоўца, якіх падазраюць у шпіянажы на карысьць Польшчы. Тым часам незалежныя назіральнікі зьвяртаюць увагу на палітычныя абставіны гэтай гісторыі.

Новае ў скандале вакол польскіх шпіёнаў тое, што, насуперак заявам дзяржаўнага беларускага тэлебачаньня, гэтай крымінальнай справы не аказалася ні ў Беларускім вайсковым судзе, ні ў Вайсковай калегіі Вярхоўнага Суду.

Пра гэта заявілі ў прэсавай службе Вярхоўнага Суду 16 ліпеня. Між тым паводле зьвестак ОНТ, справу перадалі ў суд яшчэ тыдзень таму. У Вярхоўным Судзе ня выключылі, што затрымка тлумачыцца “тэхнічнымі прычынамі”.

Нагадаем, на канале ОНТ намесьнік старшыні КДБ Віктар Вягера паведаміў пра выкрыцьцё шпіёнскай сеткі, якая нібыта працавала на Польшчу.

Назвалі прозьвішчы чатырох былых беларускіх вайскоўцаў, якіх падазраюць у шпіянажы. Гэта былыя маёры Рускін і Богдан, а таксама службоўцы войскаў супрацьпаветранай абароны Карнялюк і Пяткевіч. Нібыта іх завэрбавалі, каб выведаць сакрэты сумеснай супрацьпаветранай абароны Беларусі й Расеі.

Паводле КДБ, шпіёны арыштаваныя, іх трымаюць у ізалятары КДБ. Разам зь беларусамі ў справе фігуруе былы расейскі вайсковец Юрэня, які сам здаўся ФСБ. У КДБ кажуць, што шпіёны не пасьпелі пашкодзіць інтарэсам дзьвюх краінаў.

Шпіёнскі скандал у Беларусі супаў з выхадам Расеі з дамовы аб абмежаваньні звычайных узбраеньняў у Эўропе. Ці не зьвязаныя гэтыя падзеі?

“Пакуль я ня бачу такой мэты, каб дапамагчы гэтым скандалам Расеі. Навошта нам гэта? Пабачым, як будуць разьвівацца падзеі далей”, — сказаў вядомы апазыцыйны палітык Андрэй Саньнікаў, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў працаваў намесьнікам міністра замежных справаў.

Андрэй Саньнікаў зьвярнуў увагу на тое, што скандал пачаўся праз паўгоду пасьля арышту шпіёнаў:

“Магчыма, ёсьць нейкая прапагандысцкая мэта, бо гэта ж усё адбывалася яшчэ ў студзені”.

Беларускі КДБ фактычна абвінаваціў Польшчу ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі, як у часы халоднай вайны. Ці можа гэта быць помстай Польшчы за згоду разьмясьціць на сваёй тэрыторыі элемэнты супрацьракетнай сыстэмы ЗША?

Аглядальнік Андрэй Фёдараў згодны, што арышт шпіёнаў стаў чарговым ударам па беларуска-польскіх дачыненьнях, якія ён ня лічыць узорнымі.

Але дакладнай сувязі з разьмяшчэньнем амэрыканскага радару ў Польшчы Андрэй Фёдараў ня бачыць. Больш назіральніка зьдзівіла “непатрыятычнасьць” беларускіх афіцэраў:

“Згодна з выказваньнямі вышэйшых асобаў, у нас такое баяздольнае войска, а тут пяць афіцэраў — не сяржантаў якіх, а старэйшых афіцэраў — пайшлі прадавацца Захаду і НАТО! Дзіўна”.

Падпалкоўнік у адстаўцы, адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч мяркуе, што арыштаваныя афіцэры не маглі ведаць сакрэтаў, якімі цікавяцца на Захадзе. “Чаму разам з гэтымі шпіёнамі не затрыманыя тыя, каму яны мусілі перадаваць свае зьвесткі?” — пытаецца вядомы апазыцыянэр.

На думку Мікалая Статкевіча, у КДБ абвастрылася барацьба за кіроўныя пасады і “шпіёнскія скандалы” будуць узьнікаць усё часьцей:

“Мне ў афіцыйную вэрсію слаба верыцца. Мяркую, тут нават ня столькі правакацыя супраць Польшчы, колькі ўнутраны піяр для некаторых службоўцаў. Бо ў КДБ узяць шпіёна — гэта вяршыня ўсёй працы”.

У КДБ Беларусі не камэнтуюць гэтай справы. Пра тое, што камэнтароў ня будзе, журналістаў папярэдзілі і ў амбасадзе Польшчы ў Беларусі.

• Шпіёнскай справы ў Вярхоўным судзе пакуль няма , 16.07.2007 • Намесьнік старшыні КДБ у эфіры ОНТ распавёў пра меркаваных шпіёнаў, 16.07.2007 • Польскі друк: затрыманьне так званых “польскіх шпіёнаў” – правакацыя Менску, 14.07.2007 • КДБ абясшкодзіў сетку агентаў польскай выведкі? , 13.07.2007
XS
SM
MD
LG