Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ліцэісты пераехалі з Закапанэ ў Гданьск


Ігар Карней, Менск У Польшчы пачаўся другі этап летняй сэсіі навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Пасьля двух тыдняў у курортным мястэчку Закапанэ сёньня ліцэісты пераяжджаюць у старажытны Гданьск, дзе наступныя паўмесяца будуць вучыцца й ладзіць культурніцкія праекты. Завершыцца выязная сэсія ў сярэдзіне жніўня ў Варшаве.

Навучэнцы і выкладчыкі закрытага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю завяршылі першы этап паўтарамесячнай летняй сэсіі ў Польшчы.

Сёньня ліцэісты ад’ехалі з горнага курорту Закапанэ і накіроўваюцца ў Гданьск, дзе ўжо ад заўтра ў мясцовым каледжы экалягічнай інжынэрыі зноў пачнуцца заняткі.

Расказвае дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас:

“Якраз сёньня скончыўся закапанскі пэрыяд нашага сёлетняга побыту ў Польшчы. Вельмі яскравыя ўражаньні, шматлікія. Таму што былі падарожжы, вандроўкі па гарах. Была падрыхтоўка спэктаклю і адбылася прэм’ера “Народнага альбому” з новым складам нашых навучэнцаў. Гледачамі былі польскія ліцэісты. Рыхтуецца да здымкаў дакумэнтальны фільм.

А цяпер якраз ліцэй знаходзіцца ў дарозе з Закапанэ ў Гданьск. Суправаджае нашу групу дырэктар Зьвязу школаў экалягічнай інжынэрыі спадар Нагуцкі”.

Ліцэісты чакаюць Валенсу

Як кажа Ўладзімер Колас, гданьскія ўражаньні не павінны саступаць закапанскім:

“Наперадзе таксама вельмі цікавыя падзеі. Будзем наведваць помнік Янку Купалу, які толькі што адкрыўся. У праграме яшчэ сустрэчы з прадстаўнікамі Беларускага культурнага таварыства ў Гданьску. Якраз цяпер мы знаходзімся ў сядзібе Алены Глагоўскай у Ярылаўцы, якраз на беларуска-польскай мяжы.

Гэтаксама сустрэчы з прадстаўнікамі польскай грамадзкасьці. У тым ліку, хутчэй за ўсё, адбудзецца сустрэча з былым прэзыдэнтам, першым прэзыдэнтам сучаснай Польшчы Лехам Валэнсам”.

У “Народным альбоме” будуць польскія акторы

Значная ўвага, як кажа спадар Колас, падчас усяго побыту ў Польшчы будзе нададзеная культаваму праекту ліцэю:

“Падчас гэтага побыту, як у Закапанэ, так і падчас навучальных сэсій у Гданьску і Варшаве, мы будзем ставіць наш праект “Народны альбом”. Гэта ўжо ў літаральным сэнсе культавы праект у ліцэі. Але гэтым разам ужо будзе міжнародны праект: да яго далучаюцца польскія ліцэісты.

Напрыканцы кожнай двухтыднёвай сэсіі, у кожным з гарадоў мы будзем рабіць гэткі фінальны паказ спэктаклю з удзелам мясцовай моладзі. А потым, адабраўшы найлепшых выканаўцаў зь беларускага і з польскага боку, будзем браць удзел увосень у тэатральных фэстывалях тут, у Польшчы. Ня ведаю, ці ўдасца ўрэшце паказаць спэктакль у Беларусі, але спадзяюся, што і гэта таксама атрымаецца”.

Сёлета ліцэйская сям’я істотна пашырылася. Паводле іспытаў у чэрвені на ўсе курсы залічана болей за тры дзясяткі новых вучняў.

Але, як кажа дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас, перад навучальным годам у Беларусі гэтая лічба можа быць яшчэ больш істотнай. Па вяртаньні з Польшчы набор будзе працягнуты ў жніўні.

16.07.2007. Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Летняя сэсія ў Польшчы Беларускія рэаліі ліцэістаў чаргуюцца з польскімі

• Коласаўскі ліцэй: на сэсію — у Польшчу , 2.07.2007 • У.Колас: “Добрай навіной быў набор у ліцэй” , 23.12.2006
XS
SM
MD
LG