Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбокае: Яраславу Берніковічу пагражае штраф або арышт за пікет


Радыё Свабода У Глыбоцкім райсудзе пачалі разглядаць справу Яраслава Берніковіча — актывіста руху “За Свабоду!” і намесьніка старшыні Віцебскай абласной рады БНФ “Адраджэньне”. Яго судзяць за незаконную арганізацыю пікету на гарадзкім кірмашы.

На пачатку судовага пасяджэньня судзьдзя Людміла Вашчанка спраўдзіла, што заяўкі ў райвыканкам на правядзеньне пікету спадар Берніковіч не падаваў.

Сам актывіст настойваў на тым, што распаўсюд дыскаў “Песьні Свабоды” і брашураў “Што Эўразьвяз можа даць Беларусі?” няслушна лічыць пікетаваньнем або якой іншай формай выяўленьня палітычных поглядаў.

Міліцыянты, якіх выклікалі на суд як сьведкаў, пацьвердзілі, што ўчора затрымалі Яраслава Берніковіча пасьля ананімнага тэлефанаваньня ў райаддзел. Нехта зь пільных грамадзянаў паведаміў, што людзі ў майках з надпісам “Рух “За Свабоду!” раздаюць на кірмашы нейкія агітацыйныя матэрыялы.

У пратаколе затрыманьня майка спадара Берніковіча была пазначаная як атрыбут несанкцыянаванай акцыі: міліцыянты расцанілі слоган руху Аляксандра Мілінкевіча за палітычны лёзунг.

Падчас суду актывіст даведаўся, што да матэрыялаў адміністрацыйнай справы далучаныя і фатаздымкі з сайтаў, якія паведамлялі пра ягонае ўчорашняе затрыманьне.

Судзьдзя перанесла разгляд справы на 19 ліпеня, каб да таго часу адшукаць іншых удзельнікаў ўчорашніх падзеяў ды выклікаць іх у суд — пакуль як сьведкаў.

Яраславу Берніковічу, якога вінавацяць менавіта ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету, пагражае штраф да 40 базавых велічыняў (гэта 1 мільён 240 тысяч рублёў) або арышт да 25 сутак.

• Глыбокае: актывіста затрымалі за майку з надпісам “Рух “За Свабоду”, 15.07.2007
XS
SM
MD
LG