Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я хачу Вас папрасіць, каб не дазволілі ў нас будаваць атамную станцыю"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 16 ліпеня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Віктар Пятровіч Канцывенка, Рэчыца: “У мяне да Вас прапанова. Вы вельмі шмат адхіляецеся на непапулярную тэматыку, не такую патрэбную грамадзтву, ня тую, якую хацелася б чуць. Больш надавайце ўвагі эканамічным праблемам абласьцей, рэгіёнаў, бо эканамічная сытуацыя цяпер абвастраецца. Напрыклад, мінус у імпарце складае 162 мільёны даляраў толькі за квартал. Вы ўяўляеце, што можа быць пры канцы году?! Таму ня трэба гэтых паездак па вёсках, дзе пяюць, вершы складаюць… Больш асьвятляйце эканамічную сытуацыю. Народ мала пра гэта ведае. Беларускае тэлебачаньне і радыё такую інфармацыю практычна не даюць. Вам вераць, таму давайце больш эканамічнай інфармацыі. Пры канцы году нешта павінна ж грымнуць у гэтых справах”.

Ларыса, Менск: “Калі ў краіне пагоршылася становішча ў эканоміцы пасьля падвышэньня коштаў на энэрганосьбіты і прыходзіцца зьвяртацца да такіх непапулярных захадаў, як пазбаўленьне ільготаў бяднейшых слаёў насельніцтва і выпрошваньне крэдытаў у іншых краінаў – у Расеі і іншых – на маю думку, любая дапамога з боку іншых краінаў павінна ўспрымацца зь вялікай удзячнасьцю. А не прымаць нейкія адмоўныя захады да тых, хто будзе атрымліваць гэту дапамогу. Любая дапамога, тым больш бескарысная, нам неабходная”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. Закон, спадар Валянцін Жданко, не вышэйшы за начальніка. Такога, каб закон быў вышэйшы ніколі і нідзе не было, асабліва ў ГУЛАГу і сакрэтных турмах ЦРУ. Любоў вышэйшая за закон, або любоў да зла, страх і нянавісьць. Проста ў некаторых краінах начальнік мае дастаткова ўлады, каб рабіць дабро насуперак закону, а заадно і адмяняць законы, бо чым больш законаў і забаронаў, тым больш зла. Нядаўні выпадак з чвэрцю грама марыхуаны, знойдзенага ў студэнткі, таму доказ. Глупства абмяжоўваць самога сябе законам, калі яны не абмяжоўваюцца, але наадварот карыстаюцца. Ці, можа, Вы мелі на ўвазе Божы закон? Судзьдзі, пастаўленыя Богам, ня маюць афіцыйнай пасады, і яны таксама вышэйшыя за афіцыйны закон”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я хачу Вас папрасіць і хачу ўсяго сьвету папрасіць, каб не дазволілі ў нас будаваць атамную станцыю. Бо гэта будуюць і для нас пагібель, і для суседніх краінаў”.

Сталы слухач: “Лекавыя травы мы прывозім з Расеі, з Украіны. Яны так патрэбныя нашаму народу. На лекі не набярэсься, тым больш на шкодныя лекі. І тое, што робіць гэты чалавек, фэрмэр, які вырошчвае, зьбірае травы, яму трэба ў ногі пакланіцца. Якая ўладзе справа, што чалавек дапамагае людзям! Няхай Міністэрства аховы здароўя дасьць заключэньне, што яго травы карысныя ці што там… Яны сядзяць на пасадах і, дзе можна, усё лапаюць, выдзіраюць… гэта страшна... Чалавек жа добрую справу робіць! Тое самае з пазбаўленьнем донараў ільготаў. Донараў, якія даюць людзям жыцьцё, рубяць. Няхай растлумачаць, чаму яны так робяць. Няхай хоць адно слова скажуць”.

Анастас Семяновіч: “Паважанае Радыё Свабода! Добры дзень! Я доўга думаў, ці трэба адказваць таварышам-лукашыстам, якія незадаволеныя тым, што часта выступаюць адны і тыя ж спадары. Адказ. Радыё Свабода – гэта наша любімае радыё. Я вельмі радуюся за тое спадарства, якое тэлефануе на “Свабоду”. Ваша радыё і тэлебачаньне я з 1994-га году не гляджу і ня слухаю. Там людзям вешаюць лапшу на вушы. Праўду я магу атрымаць толькі ад нашай любімай “Свабоды”. Мы рэгулярна выказваем сваё меркаваньне паводле падзеяў, якія адбываюцца ў роднай Беларусі. Мы не паўтараем адно і тое ж. У Беларусі сёньня і ўчора дзясяткі праблемаў. Маладых хлопцаў і дзяўчат судзяць таму, што яны любяць Беларусь. З кожным днём жыцьцё становіцца вельмі цяжкім... Думайце і рабіце часьцей званкі на “Свабоду”. А мы паслухаем Вас. І калі будзем згодныя з Вамі, крытыкаваць Вас ня будзем. Дзякуй за ўвагу”.

Спадарыня: “На вялікі жаль, вялікая колькасьць беларусаў лічаць, што падкопы Беларусі строяць ці Расея, ці Эўропа, ці ЗША. І яны ня могуць зразумець таго, а, магчыма, і ня хочуць зразумець, што падкопы гэтыя строіць толькі адзін чалавек – дыктатар Лукашэнка, імі ж абраны. Ён выставіў нашу Беларусь на продаж і чакае, хто яму больш заплаціць: ці Расея, ці Эўропа, а можа краіны-ізгоі. Вашы галоўныя падкопы, паважаныя беларусы, Вы толькі падтрымліваеце сваёй абыякавасьцю, -- акцыі “Маладога Фронту,” турэмнае зьняволеньне Аляксандра Казуліна і многіх палітзьняволеных”.
XS
SM
MD
LG