Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мэр Нью-Ёрку: “Цімашэнка быў сапраўдным героем”


Радыё Свабода У нью-ёрскім шпіталі “Kings County” ад сьмяротных ранаў памёр 23-гадовы паліцыянт беларускага паходжаньня Расэл Цімашэнка. У мінулы панядзелак ў часе патрульнай службы ў адным з раёнаў Брукліну ён спрабаваў спыніць машыну са злачынцамі, аднак быў расстраляны бандытамі ў твар. Увесь час пасьля раненьня паліцыянт знаходзіўся ў коме. Учора позна ўвечары, у 23.15 па менскім часе, лекарскі кансыліюм прыняў рашэньне аб спыненьні апарата штучнага дыханьня.

Паводле кіраўніка бруклінскага шпіталю “Kings County” Робэрта Кэрца, кансыліюм нью-ёрскіх лекараў канстатаваў у пацыента сьмерць мозгу. У адпаведнасьці з законамі штату Нью-Ёрк, гэта аўтаматычна азначае сьмерць хворага, а таму ўсе апараты, якія штучна падтрымліваюць яго арганізм, павінны быць адключаныя.

Як кажуць мэдыкі, абедзьве кулі, якія трапілі ў Цімашэнку, былі сьмяротнымі.

“Цэлых 15 хвілінаў пасьля раненьня, то бок перад тым, як трапіць у шпіталь, Цімашэнка не атрымліваў аніякага кіслароду. Калі чалавек ня дыхае цягам пяці хвілінаў, ужо ёсьць небясьпека для сур’ёзнага пашкоджаньня мозгу. Мы змагаліся да апошняга за жыцьцё паліцыянта, аднак у выніку былі бясьсільныя”, – сьведчаць хірургі.

Разам са сваімі бацькамі Леанідам і Тацянай Цімашэнкамі Расэл (Руслан) пераехаў з Бабруйску ў Нью-Ёрк на пачатку 1990-х. Пасьля заканчэньня амэрыканскай школы юнак пачаў вывучаць архітэктуру ў нью-ёрскім Сіці-каледжы. Аднак, як ён нярэдка паўтараў, “жаданьне бачыць свой любімы Нью-Ёрк бясьпечным горадам усё ж перамагло”. У студзені 2006-га Расэл скончыў Паліцэйскую акадэмію і трапіў на службу ў 71 участак Нью-Ёрку. За гэты час малады афіцэр зьдзейсьніў 15 асабліва цяжкіх затрыманьняў.

Як заявіў камісар нью-ёрскай паліцыі Райманд Кэлі, які штодня наведваў у шпіталі свайго падначаленага, “Цімашэнка быў сьмелым паліцыянтам". "Разьвітваючыся зь ім, мы не маглі стрымаць сьлёз. Мы будзем сачыць за тым, каб забойцы Расэла адказвалі па ўсёй строгасьці закону”, – сказаў Кэлі.

Паводле паліцыі, у аўтамабілі BMW, які разам з сваім напарнікам спыніў ў ноч здарэньня Расэл Цімашэнка, знаходзіліся тры чалавекі – чальцы крымінальнай групоўкі. Іхныя твары, як і саму трагедыю, зафіксавала відэакамэра назіраньня на адным з дамоў Брукліну. Двум крымінальнікам ужо выстаўлена абвінавачаньне ў нападзе на паліцыянтаў – яны могуць быць асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне бяз права на амністыю.

Сваё спачуваньне бацькам паліцыянта Тацяне і Леаніду выказаў мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг. Увесь гэты тыдзень разам зь іншымі жыхарамі гораду ён маліўся за Расэла.

“Пакуты бацькоў, якія страцілі свайго адзінага сына, цяжка з чымсьці параўнаць. Аднак я хачу, каб Тацяна і Леанід ведалі, што іхны Расэл быў сапраўдным героем”, – сказаў Майкл Блумбэрг.

Мэр Нью-Ёрку заклікаў жыхароў гораду маліцца за ўраджэнца Беларусі, 14.07.2007
XS
SM
MD
LG