Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мая Беларусь”: “Дыктатары прыходзяць і сыходзяць, адлюстраванае Сьвятло – застаецца”


Радыё Свабода З аглядам 8-га фотатыдня – вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 5 – 11 ліпеня.

УДЗЕЛЬНІКІ:

Аляксандар Кушнер Ганна Ева Гілевіч Зьмітрок Пальчэўскі Minka Алена Лютко Сяргей Міхальчук Раман Забела Кася Шумская Дзьмітрый Зяньковіч Алесь Ваўчок

ПЕРАМОЖЦЫ ПАПЯРЭДНІХ 7 ТЫДНЯЎ

1 тыдзень: Кася Штырліц, Алесь Асіпенка, Аляксандар Кушнер 2 тыдзень: Аляксей Ажынскі, Людміла Пракопава, InSomnia 3 тыдзень: Юры Калбасіч, Сяржук Гудзілін, Уладзімір Урбановіч, Людміла Вітушкава 4 тыдзень: Кася Шумская, Слава, Аксана Лунінец 5 тыдзень: Вадзім Цітоў, Дзяніс Федарэнка, Валеры Казюмінскі 6 тыдзень: Дзмітрый Зяньковіч, Алеся Сідлярэвіч, Тацяна Мірановіч 7 тыдзень: Віталь Бразоўскі, Паліна Грынчанка, Вадзім Гайдалёнак

Да ўвагі пераможцаў і ўдзельнікаў фатаконкурсу “Мая Беларусь”

Хто не даслаў свае паштовыя адрасы, просім даслаць або скантактавацца з прыёмнай Менскага бюро “Свабоды” для ўдакладненьня стасункаў, тэлефон 280 35 24 (Юлія Цімафеева). Дзякуй за клопат.

Сёньняшнія рубрыкі:

АГЛЯД ФОТАСКРЫНІ ЗДЫМАК ТЫДНЯ НАШ АНОНС

АГЛЯД ФОТАСКРЫНІ

Расчыняючы браму Сьвятла

Браму ў Лета і ў наш сёмы тыдзень адчыняе Аляксандар Кушнер, адзін зь першых пераможцаў фатаконкурсу “Мая Беларусь”. Зялёная сьціплая арка і вузенькая сьцяжынка ў менскіх ваколіцах побач Камсамольскага возера як найлепш пазначаюць напрамак і нашага першага падарожжа – да “найлепшага чалавека Беларусі” (цытую ліст Menki, аўтара наступнай публікацыі) – у Купалаву Вязынку. Гэта па дарозе. І па якой дарозе! У самога Купалы: “Менск – Маладзечна – Вільня... Як я спазнаў шлях гэты!..”. Затым перакінемся на аршанскія прасторы, дзе спн. Ганна пакажа нам Беларускі Польны Цуд (не, не валошку, валошка ўжо была), заглянем у хвалі вазёрных адлюстраваньняў, на хвілінку завітаем у Строчыцы – беларускі скансэн, паклонімся героям Грунвальда і храмавым крыжам Беларусі, але яшчэ ня дойдзем і да сярэдзіны сёньняшняй фотавандроўкі. Нас чакаюць таксама габрэйская хата, адна з найстарэйшых, пахаваньні жаўнераў Першай сусьветнай, палац у Ружанах, папараць-кветка па-мосарску ды разьлітая ў паветры эротыка “Бесклапотнага лета”.

(с) Аляксандар Кушнер. Лазінка над сьцежкай. Камсамольскае возера ў Менску

Сьвятло, Купала, Бог

Minka тым часам піша: “Ведаю, што любоў да Беларусi я пранясу праз усё сваё жыцьцё. Буду несьці яе ў сваіх фатаграфіях, вершах, родным матчыным слове. Дасылаю колькі здымкаў, якія сёньня прывезла зь Вязынкі – радзiмы найлепшага чалавека Беларусi”.

Выдатны прыклад, Мінка! Вялікі юбілей Купалы ня стаў нацыянальным сьвятам у нашай краіне. Дый ня мог стаць. Але кожны з нас асабіста можа стварыць гэтае сьвята, поўнае шчырага пачуцьця і свабоды, – для самога сябе. Дзякуй за лірычны рэпартаж. Будзем радыя атрымліваць такую пошту ад удзельнікаў конкурсу і надалей. Умоўна пазначым гэтую тэму як “Гнёзды – Вялікія малыя радзімы”.

(с) Minka. На радзiме найлепшага чалавека Беларусi. Праз масток побач хаты

(с) Minka. На радзiме найлепшага чалавека Беларусi. Сьцежка да Хаты

(с) Minka. На радзiме найлепшага чалавека Беларусi. Над плёсам

(с) Minka. На радзiме найлепшага чалавека Беларусi. Адлюстраваньне: да партрэта маленькага Янкі

Ліст Ганны з Ушачаў. “Конкурс мне падабаецца, – піша яна. – Хачу паспрабаваць і сама. У любым выпадку, буду радая, што мае фатаздымкі хтосьці пабачыць яшчэ, апроч бліжэйшых знаёмых. Вельмі спадзяюся на гэта”.

Ваша кветачка лёну, Ганна, зьнятая і густоўна, і па-жаночы пяшчотна, з замілаваньнем. Лён – аздоба Беларусі ва ўсіх яго іпастасях. Не пакідайце гэтую тэму, дасылайце новае.

(с) Ганна. Беларускі польны цуд – цьвіце лён. Аршаншчына

(с) Ганна. Беларускі польны цуд – цьвіце лён. Аршаншчына

Раман Забела пакінуў Менск (папярэднія яго публікацыі – гарадзкія вуліцы), адлучыў тэляфон і падаўся ў блізкі сьвет, як ён піша, адпачыць душою ад вучобы і сталічнага тлуму ды атрымаць ад жыцьця “чаго так не хапала”.

(с) Раман Забела. Лясное возера каля вёскі Бароўка. Лепельскі раён

(с) Раман Забела. Насалода. Лясное возера каля вёскі Бароўка. Лепельскі раён

(с) Раман Забела. Чаго так не хапала... Лясное возера каля вёскі Бароўка. Лепельскі раён

(с) Раман Забела. Сьцежачка праз сасоньнік. Вёскі Бароўка, Лепельскі раён

(с) Раман Забела. Зачараваньне кронай. Вёска Бароўка, Лепельскі раён

(с) Раман Забела. Драўляная царква. Строчыцы, Музей архітэктуры і быту пад адкрытым небам. Ціха, прыгожа, крыўдна...

Аўтар не тлумачыць сваёй крыўды, хоць і няцяжка зразумець, што стаіць за ягоным уражаньнем. Сёньня стан зьвезенай сюды “спадчыны” надзвычай праблематычны, музэй ледзь выжывае, дэградацыя ўратаваных рарытэтаў адбываецца на вачах. Пра гэта мне штораз гаварылі з болем у сэрцы і крыўдай у голасе супрацоўнікі музэя. Таму няхай сёньняшняя згадка пра беларускі скансэн у Строчыцах (нагадаю, гэта пад Менскам, прыпынак Пціч баранавіцкага напрамку электрычкі) будзе пачаткам актуальнай тэмы. Будзеце ў Строчыцах – памятайце пра конкурс “Мая Беларусь”.

Бывай, Купальле-2007!

Хоць тыдзень як па Купальлі, аднак тэма яшчэ цёплая. Маем паштоўкі ад Касі Шумскай ды Зьмітра Пальчэўскага. Зьміцер – новае імя на нашых старонках. Вітаючы фатаконкурс “Мая Беларусь”, ён патасна называе яго “справай, вельмі патрэбнай для Бацькаўшчыны й для народа”. Маўляў, дадае Зьміцер, такіх даляглядаў, раўнін, краявідаў ён ня бачыў даўно ў гэткай колькасьці і адразу. Кася і Зьміцер: бывай, Купальле-2007!

(с) Кася Шумская. Купальле ў Менскім раёне. “Рытуальныя” скокі перад купаньнем.

(с) Зьміцер Пальчэўскі. Бабуля ў купальскім вянку. Канстаньцінава – Мосар, Глыбоцкі раён

(с) Зьміцер Пальчэўскі. Папараць-кветка. Канстаньцінава – Мосар, Глыбоцкі раён

Сэрца дажджоў зь Беларусяй

Вынік нядаўніх дажджоў – крыху ўяўленьня, крыху мэдытацыі. Дэбют Алены Лютко.

(с) Алена Лютко. Кожнаму караблю – свае акіяны. Вынік нядаўніх дажджоў

(с) Алена Лютко. Сэрца дажджоў зь Беларусяй

“Зьвярніце ўвагу на форму лужыны, – камэнтуе Алена. – Здымак зроблены летась у часе канцэрту "Песьні Свабоды" на плошчы Бангалёр у Менску”.

Бел-чырвона-белае

Гэты раз традыцыйную рубрыку прадстаўляе фотакампазыцыя Алеся Ваўчка. “Прынцыпова ніколі ня ўдзельнічаў у конкурсах фатаграфіі, -- дзеліцца меркаваньнем Алесь. -- Бо лічу, што ацэньваць здымак можа толькі ягоны аўтар. Але ў вашым конкурсе, мне падаецца, дзейнічае алімпійскі прынцып. Дасылаю адно фота са спасылкай, вялікі файл - 5 мэгабайтаў, але ён таго варты”. Дзякуй, Алесь, за давер. Што да файла, гэта занадта, будзьце ашчадныя і да часу вядучага. Чакаю новага.

(с) Алесь Ваўчок. Мэмарыяльны знак у гонар перамогі пад Грунвальдам (адсюль Вітаўт з войскам рушылі на захад). Гародня, Каложская царква (на другім пляне).

Вэрнісаж Дзьмітрыя Зяньковіча

Гэта другі вэрнісаж сп.Зяньковіча. Першы на замінулым тыдні (шостым) быў ганараваны прызом нашага конкурсу.

(с) Дзьмітры Зяньковіч. Пружаны. Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, 1883

(с) Дзьмітры Зяньковіч. Сядзібна-паркавы комплекс Швыкоўскіх, так званы "Пружанскі палацык", 1854 – 1875, цяпер краязнаўчы музэй, у якім захоўваецца драўляны абраз "Тайная вячэра", 16 ст.

(с) Дзьмітры Зяньковіч. Пахаваньні польскіх жаўнераў, 1921—1922 гг. Пружаны, каталіцкія могілкі.

(с) Дзьмітры Зяньковіч. Расейскі і нямецкі жаўнеры, пахаваныя побач. Пружаны, каталіцкія могілкі

(с) Дзьмітры Зяньковіч Пахаваньне нямецкіх жаўнераў 1-й сусветнай. Пружаны, каталіцкія могілкі

(с) Дзьмітры Зяньковіч. Пахаваньні аўстра-вянгерскіх жаўнераў 1-й сусьветнай. Пружаны, каталіцкія могілкі

(с) Дзьмітры Зяньковіч. “Сапегаўскі палац” у Ружанах (палацавы комплекс), 16 ст. Руіны. Пружанскі раён

(с) Дзьмітры Зяньковіч. Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Ружанах. Час пабудовы (перабудовы) 1615 – 1617гг. (1780-я). Пружанскі раён

(с) Дзьмітры Зяньковіч. У касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы ў Ружанах – эпітафія Міхаілу Баляславу Бісьпінку (сябра Аляксандра Сапегі, памёр у 1787 – увага аўтара). Івацэвіцкі раён

(с) Дзьмітры Зяньковіч. Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, 1877, фундатар – В.Пуслоўскі. У драўляным касцёле (1626), што стаяў раней на месцы сучаснага, 12 лютага 1746 быў хрышчоны Тадэвуш Касьцюшка. Косава, Івацэвіцкі раён

ЗДЫМАК ТЫДНЯ

Бесклапотнае лета (прыз – радыёпрымач)

Сэрыя зь пяці фотакампазыцыяў. Аўтарка -- Ева Гілевіч з Барысава, знаёмая наведнікам сайта па двух папярэдніх публікацыях (пяты і шосты фататыдні). Зь іх мне асабіста запомніліся два сюжэты – Вочы заўтрашняй Беларусі (партрэт дзяўчынкі) і Сьцяжынка напрасткі. Аднак тыя ранейшыя публікацыі, хоць і складалі канкурэнцыю іншым, заставаліся ў абойме сярэдніх. Тым ня менш адчувалася, што аўтарка падае надзеі, што далейшы ўдзел у конкурсе залежыць толькі ад яе настойлівасьці. І сёньня Ева перамагае, сытуацыя цалкам на яе баку. Посьпех справядліва замацаваны. На яе працах ня толькі прыгожае лета, “рамонкавы рай”, але з густам і адчуваньнем жанру перададзены настрой дня, а ў ім – і свой асабісты, лірычна-жаночы, крыху інтымны. Пры ўсіх маіх асабістых слабасьцях да ровара хачу застацца аб’ектыўным і асабліва адзначыць два сюжэты на “веламатыў”. Ува ўсіх кампазыцыях шмат летне-купальскага сьвятла, паветры дыхае эротыкай прыроды. Мае віншаваньні!

(с) Ева Гілевіч. Рамонкавы рай

(с) Ева Гілевіч. Зялёны куточак. На хутары

(с) Ева Гілевіч. Букет і ровар

(с) Ева Гілевіч. У полі

(с) Ева Гілевіч. Бяз назвы

Адлюстраваньне: да партрэта маленькага Янкі (прыз – радыёпрымач)

Здымак Minkі змьмешчаны вышэй. Адзін зь лірычнай падборкі. Гэтай высокай адзнакай хачу падтрымаць ня толькі ўдалую спробу аўтаркі актуалізаваць мэмарыяльны Купалаўскі краявід, але і тэму беларускіх Гнёздаў – Вялікіх малых сядзібаў, дзе нараджаліся, жылі, паміралі знакавыя асобы Беларусі. Здымак “Адлюстраваньне” вылучаны невыпадкова: ён аздобна прыгожы і ўнікальны сваёй нявечнасьцю. Сёньня ёсьць, а заўтра няма. Адлюстраванае – застаецца.

Старая габрэйская хата (прыз – радыёпрымач)

Сяргей Міхальчук зь Берасьця – сталы ўдзельнік нашага фатаконкурсу. Як і Ева Гілевіч, ён з кожнай публікацыяй набіраў пераможнага сьвятла. Ганаруецца здымак “Старая габрэйская хата”, якой, паводле зьвестак аўтара, больш за 100 гадоў. Посьпеху Сяргея моцна “дапамог” і адзін з папярэдніх здымкаў – “Старая студня ў Сьвіслацкім раёне, дзе вёска Якушоўка, куды ў 1649 годзе пераехала сям’я Кастуся Каліноўскага” (гл. старонкі пятага фататыдня). Габрэйская хата – з тых асяродкаў, з увагі да якіх фарміруецца і наша сьвядомасьць, і наш клопат, і нашая памяць. Колькі такіх маленькіх музэяў-скансэнаў па ўсёй Беларусі! Калі не пасьпеем захаваць, трэба хоць сфатаграфаваць. Мяркую, адлюстраваньне, публікацыя часта спрыяе і захаваньню.

(с) Сяргей Міхальчук. Старая габрэйская хата, в.Лахва, Лунiнецкi р-н

Яшчэ два здымкі Сяргея Міхальчука:

(с) Сяргей Міхальчук. Царква сьвятога Мiкалая (1818) ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунiнецкага раёна

Як вядучы, хацеў бы запыніць увагу на адной характэрнай дэталі. Пярэдні плян. Драўляная агароджа – так званы частакол. Аўтар захаваў, здымаючы, гэтую дэталь, хоць пра яе нічога ня кажа. Яна пасуе і краявіду і, асабліва, самой драўлянай царкве. Крыху далей бачым “новую” агароджу, якая да беларускай традыцыі, у тым ліку царкоўна-асяродкавай, ня мае аніякай эстэтычнай прывязкі і цалкам выдае негустоўнасьць гаспадароў. На жаль, тыповая зьява.

(с) Сяргей Міхальчук. Помнiк правадыру народаў у мястэчку Сьвiслач, Гарадзенская вобласьць

“Здаецца, адзiны такі на Беларусi, – дадае Сяргей. -- Сьвiслач у гэтым сэньсе ўнiкальнае мястэчка. На галоўнай плошчы стаяць помнiкi Калiноўскаму, Сталiну, Траўгуту i Ленiну. Такая вось салянка. Дзе яшчэ такое пабачыш!”

Пабачыш у Беларусі. Помнік “правадыру народаў” нядаўна зьявіўся пад Заслаўем, дзе так званая “лінія Сталіна”. Але куды важней – наша з Вамі, сябры, Лінія Сьвятла. Дыктатары прыходзяць і сыходзяць, адлюстраванае Сьвятло – застаецца.

НАШ АНОНС

Ці чулі, спадарства, што-небудзь пра санаторны беларускі рай “Вечальле”? Праз тыдзень убачыце сучасныя руіны гэтай будоўлі, распачатай з размахам сапегаўскіх палацаў. А сёньня прапаную відок з вышыні дэльтапляну на возера Вечальле (яно далей), на берагах якога восем гадоў таму ўсё і пачалося...

(с) Аўтар невядомы

З пажаданьнем пераможнага сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах,

Валер Дранчук
XS
SM
MD
LG