Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Археолягу Георгію Штыхаву – 80 гадоў


Ганна Соўсь, Прага Сёньня споўнілася 80 гадоў беларускаму археолягу, доктару гістарычных навук, прафэсару, ляўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгію Штыхаву. Ён быў першым прэзыдэнтам Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі (1992-1994), а таксама адным з заснавальнікаў дабрачыннага фонду “Памяць ахвяраў сталінізму ў Беларусі”.

Вось што сказаў пра Георгія Штыхава археоляг, кандыдат гістарычных навук Мікола Крывальцэвіч:

“Безумоўна, Георгі Васільевіч – адзін з найцікавейшых і найстарэйшых археолягаў. Ён належыць да таго пакаленьня спэцыялістаў, якія стваралі аснову навейшай археалёгіі Беларусі, паваеннай археалёгіі.

Вядома, што, як і ўся Акадэмія навук, так і беларуская археалягічная навука моцна пацярпела ў часы сталінскіх рэпрэсій. Навуку трэба было адраджаць. І Георгі Васільевіч належыць да таго пакаленьня , якое займалася гэтым адраджэньнем беларускай археалёгіі ў паваенныя гады.

Георгі Штыхаў вылучаецца тым, што вакол яго заўсёды было шмат моладзі. Ён, безумоўна, падрыхтаваў добрае, цікавае маладое пакаленьне, якое працуе ў беларускай археалёгіі.

Трэба сказаць. што Георгі Васільевіч займаў заўсёды вельмі актыўную грамадзянскую пазыцыю і таксама вылучаўся гэтым сярод многіх нашых спэцыялістаў. Безумоўна, я далучаюся да ўсіх тых, хто віншуе Георгія Штыхава, і жадаю яму доўгіх гадоў жыцьця”.

Георгі Штыхаў нарадзіўся 14 ліпеня 1927 году ў вёсцы Старая Беліца Гомельскага раёну. Скончыў БДУ і асьпірантуру. Ягоныя манаграфіі "Старажытны Полацак" і "Гарады Полацкай зямлі" сталі клясыкай беларускай археалёгіі.

Георгі Штыхаў – сябра экспэртнай рады “Мартыралёгу Беларусі”.


“У Суткаўскую школу прыехаў новы выкладчык гісторыі Георгі Васільевіч Штыхаў”, 11.11.2004 Штыхаў: “Беларусы ў ГУЛАГу гарады пабудавалі”, 23.01.2002
XS
SM
MD
LG