Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея выйшла з Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе


Ганна Соўсь, Прага Расея прыпыніла ўдзел у Дамове аб звычайных узброеных сілах у Эўропе і зьвязаных зь ёю дамоўленасьцях. Ва ўказе, падпісаным прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, падкрэсьліваецца, што гэтае рашэньне прынятае “ў сувязі з выключнымі абставінамі, якія закранаюць бясьпеку Расеі і патрабуюць неадкладных захадаў”.

Намесьнік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Кісьляк заявіў сёньня, што гэтае рашэньне было зьвязанае з пашырэньнем НАТО на ўсход, а таксама з тым, што, як лічыць Расея, паўночнаатлянтычны альянс парушаў гэтую дамову.

Паводле Сяргея Кісьляка, рашэньне прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі зьяўляецца лягічным і апраўданым крокам у кантэксьце цяперашняй сытуацыі вакол Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
С.Кісьляк: “Гэтая дамова ў цяперашнім выглядзе безнадзейна састарэла”.
Кісьляк: “Гэтая дамова ў цяперашнім выглядзе безнадзейна састарэла. Падпісаная ў 1990 годзе, яна рэгулюе дачыненьні паміж ваенна-палітычнымі саюзамі НАТО і Варшаўскай дамовай. Сёньня няма ані СССР, ані Варшаўскай дамовы, а НАТО працягвае пашырацца, выходзячы за ліміты, акрэсьленыя ў дамове. Частка новых краінаў НАТО дамоўнымі абмежаваньнямі ўвогуле не ахопленыя”.

Дамову падпісалі, выконвалі, але не ратыфікавалі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін яшчэ ў красавіку сёлета папярэдзіў пра тое, што Расея магла б выйсьці з дамовы. Ён прапаноўваў прыпыніць выкананьне палажэньняў дамовы да таго часу, пакуль усе краіны Эўропы, у тым ліку тыя, што ўваходзяць у НАТО, не ратыфікуюць пагадненьне пра яе адаптацыю, падпісанае ў 1999 годзе.

НАТО ж сьцьвярджае, што яго адмова была выкліканая тым, што сама Расея адмовілася выконваць свае абавязаньні ў адпаведнасьці з дамовай, у прыватнасьці – вывесьці войскі з Малдовы і Грузіі.

Прадстаўнік Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Марцін Незіркі заявіў для Радыё Свабода наступнае:

“У АБСЭ 56 дзяржаваў-сябраў. Многія зь іх падпісалі Дамову аб звычайных узброеных сілах у Эўропе. Вось чаму АБСЭ уважліва сочыць за любым разьвіцьцём падзей вакол гэтай дамовы. Канечне, тыя дзяржавы, подпісы якіх стаяць пад дамовай, дадуць непасрэдныя ацэнкі дзеяньням Масквы”.

Напружанасьць узрасьце

Прадстаўнік НАТО Джэймс Апатэрай выказаў расчараваньне рашэньнем Расеі, назваўшы яго крокам назад. Паводле яго, НАТО лічыць гэтую дамову асновай для бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе.

Расейскі ваенны аналітык Аляксандар Гольц адзначыў для Радыё Свабода, што сёньняшняе рашэньне павялічыць напружанасьць паміж Расеяй і НАТО.

"Гэта моцна недружалюбны акт. Іронія заключаецца ў тым, што адаптаваная дамова не ратыфікаваная, але ўсе краіны НАТО яе выконваюць, ніхто не перавышае сваіх лімітаў”.

Аляксандар Гольц, аднак, не чакае, што спыненьне ўдзелу у дамове прывядзе да нарошчваньня расейскіх ўзбраеньняў ля межаў, як у Калінінградзкай вобласьці, так і на поўдні краіны. Найбольш верагодна, што краінам, якія ўваходзяць у дамову, будзе адмоўлена ў правядзеньні інспэкцый расейскіх узброеных сілаў, лічыць ваенны аналітык Аляксандар Гольц.

Дамова аб звычайных узброеных сілах у Эўропе прадугледжвае абмежаваньне колькасьці адзінак пяці катэгорый ваеннай тэхнікі – танкаў, баявых бронемашынаў, артылерыі, ударных гелікоптэраў і баявых самалётаў – на прасторы ад Атлянтыкі да Ўралу.


Аб чым дамовіліся Буш і Пуцін?, 03.07.2007
XS
SM
MD
LG