Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Страх страціць працу робіць чалавека душэўна хворым”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У пошце “Свабоды” часта сустракаюцца лісты ад тых нашых слухачоў, якія гадамі ходзяць па чыноўніцкіх кабінэтах, шукаючы справядлівасьці. І потым падрабязна апісваюць усе гэтыя хаджэньні й пошукі ў сваіх новых заявах і скаргах.

Чуючы такія нараканьні, Анатоль Сахаруша зь мястэчка Малеч Бярозаўскага раёну звычайна згадвае ўласны досьвед змаганьня за справядлівасьць. Слухач лічыць, што бюракратычную машыну адолець магчыма:

“Пяць з паловай месяцаў мне не прызначалі пэнсіі. Я даказаў, што гэтым быў парушаны закон. І дамогся таго, што з рахунку саўгасу мне выплацілі больш як мільён рублёў — тую суму, якую налічылі ў раёне. Вінаватыя са свайго заробку вярнулі грошы ў саўгасную касу. Гэта толькі адзін выпадак. А колькі іх было ў жыцьці!

Фактычна ў кожнай сям’і вядуцца размовы пра тое, што людзей падманваюць, прыніжаюць, што імі пагарджаюць і нідзе няма справядлівасьці. Усё гэта чуюць дзеці. І змалку ўсьведамляюць адно: усіх начальнікаў трэба баяцца.

Мы з жонкай выхавалі дзьвюх дочак. Яны зь дзяцінства ведалі, што трэба слухаць старэйшых, добра вучыцца, быць з усімі ветлівымі, не адказваць злом на зло. Вынік: абедзьве атрымалі вышэйшую адукацыю (малодшая закончыла школу з залатым мэдалём). Працуюць, ходзяць у царкву (малодшая — у царкоўным хоры).

Яны зь дзяцінства чулі, што гаварылася ў хаце, бачылі, як нам з жонкай даводзілася адстойваць праўду (мы гэтага не хавалі ад дзяцей). І вось цяпер у дочках я бачу сябе і жонку. Яны яшчэ маладыя, але і ім ужо давялося пастаяць за сябе. І яны адстаялі сваю праўду.

Слухачам я хацеў бы параіць мець у кожнай хаце Канстытуцыю, Працоўны і Адміністрацыйны кодэксы. Памятайце таксама пра калектыўную дамову (на практыцы яна часта парушаецца або проста не адпавядае Працоўнаму кодэксу). І тады вы заўсёды будзеце сам сабе юрыст. Паважайце сябе, сям’ю, дзяцей, родных. Трэба ж урэшце людзьмі звацца”.

Выдатна, спадар Сахаруша, што вам удалося знайсьці ўласны мэтад барацьбы з чыноўніцкай несправядлівасьцю і самаўпраўствам. І што вы перадалі гэты свой досьвед дзецям.

Відавочна, толькі такім шляхам і магчыма пабудаваць прававую дзяржаву, дзе б кожны грамадзянін быў упэўнены ў тым, што ў любой жыцьцёвай сытуацыі, у любым канфлікце адзіны для ўсіх закон абароніць яго ад несправядлівасьці.

Праблема ў тым, што сярод значнай часткі беларускага грамадзтва няма асэнсаваньня і ўсьведамленьня таго, што закон вышэйшы за начальніка, што свае грамадзянскія правы можна і трэба адстойваць.

Наш слухач Анатоль Жэрдзеў у сваім лісьце разважае пра некаторыя асаблівасьці прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, якіх ён называе “лукашыстамі”:

“У лістах на “Свабоду” і ў тэлефанаваньнях часта лаюць лукашыстаў. Гэткае цкаваньне не дае плёну, бо сапраўдных лукашыстаў насамрэч вельмі мала. Пад сапраўднымі я разумею тых, хто ведае праўду, усё разумее — і ўсё ж падтрымлівае Лукашэнку. Астатнія кіруюцца прапагандай у выглядзе локшыны на вушах. Сярод маіх знаёмых ёсьць такія.

Я падтрымліваю зь імі добрыя дачыненьні, бо ў жыцьці гэта працавітыя і сумленныя людзі. Іх бяда ў тым, што яны не атрымалі якаснай адукацыі й выхаваньня. Калі ж СМІ будуць казаць праўду пра падзеі, то большасьць такіх людзей адхісьнецца ад лукашызму з агідай і абурэньнем.

Народ Беларусі атрымаў незалежнасьць вонкавую, а вось унутрана людзі застаюцца несвабоднымі. Каб добра зразумець гэта, трэба ўважліва прачытаць Біблію, разьдзел “Сыход”. Людзі, якія прывыклі да рабства, прывыклі і да таго, што ўсе іхныя жыцьцёвыя праблемы залежаць ад гаспадара, вырашаюцца толькі ім.

Сёньня гэта можна назіраць ня толькі сярод лукашыстаў: нават і ў апазыцыі шмат людзей з такім сьветапоглядам. Многія сёньня лаюць Мілінкевіча, што ён не здабыў таго, пра што яны марылі. Але ж ніжто зь іх не задае пытаньне: “А што асабіста я зрабіў, каб дапамагчы Мілінкевічу і каб зьдзейсьніліся тыя мары?”

Агідна тое, што некаторыя лідэры карыстаюцца такімі настроямі, каб падарваць імідж Мілінкевіча і заняць яго месца лідэра. Такія людзі нават больш небясьпечныя, чым сапраўдныя лукашысты”.

Ня думаю, спадар Жэрдзеў, што дзяржаўная прапаганда такая ўсёмагутная, а людзі становяцца яе ахвярамі толькі праз хібы адукацыі й выхаваньня. Праблема тут, напэўна, глыбейшая.

Увесь жыцьцёвы досьвед многіх сёньняшніх і папярэдніх пакаленьняў беларусаў укараняў у іхную сьвядомасьць страх перад уладай, адчуваньне небясьпекі пры словах “палітыка”, “апазыцыя” і “іншадумства”.

Ва ўмовах свабоды і дэмакратыі людзі ў Беларусі фактычна не жылі — калі не лічыць кароткага пэрыяду краху камуністычнага рэжыму і нацыянальнага адраджэньня на пачатку 1990-х гадоў. Гэты страх і гэтае адчуваньне несвабоды пераадольваюцца няпроста і няхутка. Асабліва калі асяродзьдзе зусім не спрыяе гэтаму.

Наш даўні слухач і аўтар Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну ў сваім новым лісьце разважае пра асаблівасьці кантрактнай сыстэмы найму на працу ва ўмовах Беларусі:

“Я ў свой час перажыў і вайну, і беспрацоўе. І магу пагадзіцца з тымі, хто лічыць, што беспрацоўе горшае за вайну. Бо беспрацоўе нясе з сабой голад, а гэта насамрэч страшней за вайну. Скажаце, у нас з голаду ніхто не памірае? Яно так.

Але страх згубіць працу робіць чалавека бязвольным, а значыць, душэўна хворым. Гэты страх пастаянна трымае ў напружаньні. А пастаянны стрэс — гэта ўжо фізычныя хваробы.

Зь бязвольным чалавекам можна рабіць што заўгодна. Напрыклад, гнаць на датэрміновае галасаваньне, на прымусовыя суботнікі, недаплачваць заробак, зьневажаць і прыніжаць, прымушаць выпісваць недарэчныя газэты…

Уводзячы кантрактную сыстэму, Лукашэнка ня мог ня ведаць, што ў краіне няма незалежных прафсаюзаў і судоў. Тым самым ён даў кіраўнікам такую дубіну для запалохваньня і ўтаймаваньня падначаленых, якой няма, бадай, ні ў адной іншай краіне”.

Далей у сваім лісьце Васіль Валошка апісвае ўмовы на тых прадпрыемствах, дзе кіраўнікі заключаюць кантракты на мінімальна магчымы тэрмін (адзін год) і жорстка караюць падначаленых за найменшыя праявы незадаволенасьці:

“Як правіла, у такіх кіраўнікоў яўка на датэрміновае галасаваньне — 100 працэнтаў, самыя вялікія адлічэньні на суботніках і ўсё ў такім духу. Нават уявіць немагчыма, каб работнік такога прадпрыемства запісаўся ў якую-небудзь неляяльную да ўлады партыю.

Робіцца ўсё гэта не бескарысьліва. Такому кіраўніку ўлада дазваляе амаль усё. Гэта і неймаверна высокі заробак, і будаўніцтва за бесцань (альбо і ўвогуле бясплатна) шыкоўнага катэджу, і бясплатная абслуга, якая атрымлівае заробак на гэтым прадпрыемстве, і замежныя паездкі, і іншыя прыемныя моманты.

Усе гэтыя свавольствы ня толькі дазваляюцца, але і вітаюцца, бо гэткім чынам лёгка любога кіраўніка трымаць на кручку. Няхай ён хоць паўкрока адыдзе ад генэральнай лініі — кручок тут жа таргануць, і ўсе гэтыя свавольствы стануць аб’ектам крымінальнай справы.

…І яшчэ хачу сказаць, што накарміць чалавека, каб ён стаў сытым, значна прасьцей, чым вылечыць душу і наладзіць ягоную псыхіку. А ў вашых перадачах часьцей можна пачуць аб нізкіх заробках, пэнсіях, цэнах і гэтак далей. Лічу, змагацца ўсімі сіламі неабходна за тое, каб чалавек быў чалавекам”.

З высновай у заключнай частцы вашага, спадар Валошка, ліста спрачацца не выпадае. А вось што да ўсеагульнага страху і запалоханасьці, якія пануюць у працоўных калектывах, маю адну заўвагу.

Кантрактная сыстэма і жорсткі адміністрацыйны ціск — не такія ўнівэрсальныя інструмэнты, як можа падацца на першы погляд.

Я згадваю сярэдзіну 1980-х гадоў, пачатак гарбачоўскай перабудовы. Прафсаюзы ў СССР былі, як вядома, дадаткам адміністрацыі, паслухмяным рычагом у руках партыйнага кіраўніцтва. Але варта было падзьмуць ветру пераменаў — і людзі нават у межах гэтых паўафіцыйных структураў імгненна аб’ядналіся дзеля адстойваньня сваіх правоў.

Выпадкі, калі рабочыя пераабіралі прызначаных зьверху прафсаюзных кіраўнікоў, былі масавымі. І змагацца з гэтай рабочай салідарнасьцю шляхам звальненьняў адміністрацыя і парткамы ўжо не маглі. А з часам і многія парткамы пераўтварыліся ў асяродкі вальнадумства і апазыцыйнасьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG