Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці гатовыя беларускія ўлады даць больш свабоды бізнэсу?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 13 ліпеня).

Афіцыйныя асобы заяўляюць пра намер палепшыць прававыя ўмовы для разьвіцьця прадпрымальніцтва. Ці можна гэта лічыць зьменай у дзяржаўнай палітыцы? Як патлумачыць супярэчлівае стаўленьне ўладаў да прыватных прадпрымальнікаў? Якія матывы – эканамічныя ці палітычныя – ляжаць у аснове такой палітыкі? Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і юрыст Сяргей Балыкін.

Ці можна чакаць эканамічнай лібэралізацыі?

Валер Карбалевіч: “Апошнім часам афіцыйныя асобы ўсё часьцей дэкляруюць неабходнасьць даць больш свабоды для разьвіцьця прадпрымальніцтва? Сам Аляксандр Лукашэнка, выступаючы вясной у Нацыянальным сходзе з пасланьнем беларускаму народу, рэзка крытыкаваў урад за стварэньне бюракратычных перашкод на шляху разьвіцьця бізнэсу і запатрабаваў зьняць іх. Кіраўнік дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Ліхачэўскі на паседжаньні Рады па разьвіцьцю прадпрымальніцтва адзначыў, што рыхтуюцца зьмены ў прававых актах, якія зробяць больш лёгкімі разьвіцьцё бізнэсу і заклікаў прадпрымальніцкія саюзы рабіць прапановы.

Чаму зьявіліся такія заявы? Наколькі гэта сур’ёзна? Ці можна гэта лічыць зьменай у дзяржаўнай палітыцы?”

Леанід Злотнікаў: “Вядома, што ўмовы гаспадараньня ў Беларусі пагаршаюцца, павышаюцца цэны на энэрганосьбіты. Каб папаўняць бюджэт, эканоміка павінна быць больш эфэктыўнай.

Размовы пра эканамічную лібэралізацыю на афіцыйным узроўні ідуць даўно. Напрыклад, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году дзяржаўныя мэдыі апавядалі пра стварэньне добрых умоваў для бізнэсу. Але гэтыя абяцаньні не рэалізаваліся, бо яны супярэчаць створанай у краіне эканамічнай і палітычнай сыстэме”.

Сяргей Балыкін: “Ужо 13 гадоў кіраваньня Лукашэнкі на афіцыйным узроўні ідуць размовы пра разьвіцьцё бізнэсу. Вось і цяпер такія заявы. Але насамрэч усё адбываецца наадварот. Наўмысна ці не наўмысна, але бізнэс у нас душыцца. Улады прымушаюць прыватных прадпрымальнікаў стаць юрыдычнымі асобамі. Для многіх зь іх гэта азначае крах іх бізнэсу”.

Чаму такое супярэчлівае стаўленьне ўладаў да прыватных прадпрымальнікаў?

Карбалевіч: “Пэўным індыкатарам стаўленьня да бізнэсу можна лічыць адносіны ўладаў да прыватных прадпрымальнікаў. З аднаго боку, ім забаранілі мець наёмных работнікаў. Менскія ўлады пагражаюць ліквідаваць і тыя шапікі на вуліцах, якія яшчэ засталіся. А зь іншага боку, нядаўні прэзыдэнцкі указ робіць больш лёгкім стварэньне ўнітарнага прадпрыемства. Дык ці ёсьць тут нейкая зразумелая лінія?”

Злотнікаў: “Хацеў бы паглядзець на гэтую праблему больш шырока. У другім артыкуле Грамадзянскага кодэксу адзначана, што дзяржава кіруе эканомікай, у тым ліку і прыватным бізнэсам, на карысьць грамадзтва. І прадпрымальнікі павінны працаваць не на асабістыя інтарэсы, а на інтарэсы грамадзтва. Вось гэта тая ідэалёгія, якая ляжыць у аснове стаўленьня ўлады да бізнэсу. Такія ж адносіны да бізнэсу і ў большай часткі нашага грамадзтва.

Таму ў нас прадпрымальнік залежыць ад улады. Грамадзкі лад, у якім на першым месцы ставіцца грамадзкая карысьць, несумяшчальны з рынкавымі адносінамі, зь існаваньнем свабоднага прадпрымальніка”.

Балыкін: “Прэзыдэнцкі ўказ № 760, які забараняе прыватным прадпрымальнікам мець наёмных работнікаў, ставіць існаваньне гэтага бізнэсу на мяжу зьнішчэньня.

Праўда, Лукашэнка выдаў два ўказы, якія павінны аблегчыць працу прыватных прадпрымальнікаў. Па-першае, гэта ўказ ад спрошчаным парадку падаткаабкладаньня.

І па-другое, гэта указ № 302 аб спрошчаным парадку стварэньня ўнітарнага прадпрыемства. Гэты другі ўказ някепскі. Але ён не паляпшае ўмовы працы прыватных прадпрымальнікаў. Указ мае супярэчлівыя палажэньні, якія ставяць пад сумненьне яго практычнае выкарыстаньне.

Галоўнае ў тым, што прыватны прадпрымальнік, які пяройдзе ў статус юрыдычнай асобы, пагоршыць умовы сваёй працы. Ён тады ня зможа закупаць тавары за наяўны разьлік. На гэтыя тавары яму патрэбны будзе дакумэнт, які яму ніхто ў Расеі ня дасьць. Яму патрэбна будзе на мяжы з Расеяй прадстаўляць статыстычную дэклярацыю. Ён вымушаны будзе весьці бугальтарскі ўлік і іншае”.

Балыкін: “Улада ставіцца да бізнэсу як да другаснага і чужароднага элемэнту”

Карбалевіч: “Чым увогуле тлумачыцца такое нэгатыўнае стаўленьне ўладаў да дробнага і сярэдняга бізнэсу? Мы бачым, што ў краінах нават з жорсткімі аўтарытарнымі рэжымамі (напрыклад, у Кітаі ці Вьетнаме, дзе захоўваецца кіраўніцтва камуністычнай партыі), дробны бізнэс мае вялікую свабоду. Чаму ў Беларусі па-іншаму? Справа тут у камэрцыйных інтарэсах каляўладных лабісцкіх груповак, якія бачаць у дробных гандлярах канкурэнтаў? Ці тут дамінуюць палітычныя прычыны, улады баяцца зьяўленьня слоя свабодных, незалежных ад дзяржавы людзей?”

Злотнікаў: “Ёсьць вялікая розьніца ў мэнталітэце кіроўных колаў Кітая і Беларусі. Але я ня згодны, што палітыка ўлады скіравана на зьнішчэньне бізнэсу ўвогуле. Нашай уладзе бізнэс патрэбен, бо ён выконвае пэўныя функцыі, якія павінна была б выконваць дзяржава, калі б гэтага бізнэсу не было.

Палітыка дзяржавы зводзіцца да таго, каб гэты бізнэс быў падпарадкаваны ўладам. Але прыватныя прадпрымальнікі зь цяжкасьцю паддаюцца такому кантролю. Больш таго, яны могуць стаць асновай для апазыцыйных настрояў.

Другая праблема. Прыватныя прадпрымальнікі зьяўляюцца канкурэнтамі буйному бізнэсу. На рынках тавары таньней, чым у магазынах. Таму буйны бізнэс цісьне на ўладу, каб тая зьнішчыла дробны бізнэс”.

Балыкін: “Тут комплекс прычынаў. Па-першае, улада ставіцца да бізнэсу як да другаснага і чужароднага элемэнту з-за сваіх ідэалягічных установак.

А па-другое, я згодзен з сп. Злотнікавым, буйны бізнэс лабіруе свае інтарэсы, каб зрабіць умовы гаспадараньня прыватных прадпрымальнікаў кепскімі”.

Злотнікаў: “Стаўленьне да бізнэсу нагадвае хвалю. Сёньня зробленыя крокі па лібэралізацыі. А заўтра ўвядуць крымінальную адказнасьць за невыкананьне бізнэсоўцамі, як і дырэктарамі дзяржаўных прадпрыемстваў, прагнозных паказчыкаў”.

Балыкін: “Лібэралізацыя можа і будзе, але маленькая і кволая”.

Карбалевіч: “Такім чынам, наўрад ці можна чакаць глыбокіх зьменаў палітыкі ўлады ў дачыненьні да бізнэсу. Бо свабода разьвіцьця прадпрымальнітва супярэчыць створанай у Беларусі сацыяльнай мадэлі. Але нейкая частковая лібэралізацыя пры пэўных абставінах цалкам магчымая”.
XS
SM
MD
LG