Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьдзеяньне марыхуаны: ад эўфарыі да шызафрэніі


Іна Студзінская, Менск Марыхуана (сушаныя часткі канопляў) – наркатычны прэпарат, які ўтрымлівае псыхаактыўныя канабэноіды. Паводле адной вэрсіі, назоў паходзіць ад партугальскага mariguango (“п’янкі”); па іншай – ад гішпанскіх імёнаў Марыя і Хуан, якія выкарыстоўваліся ў назове цыгарэт з дадаткам канопляў. У марыхуаны шмат іншых назоваў: “план”, “анаша”, “ганджа”, “траўка”, “шмаль”... Наколькі распаўсюджаны гэта наркотык у Беларусі і наколькі ён небясьпечны?

Марыхуана забароненая ва ўсіх краінах сьвету, акрамя Нідэрляндаў, дзе гэты лёгкі наркотык свабодна прадаецца ў адмысловых барах і крамах.

У Беларусі прыкладна чвэрць з 10 тысяч зарэгістраваных наркаманаў ужываюць марыхуану. Паводле ацэнак спэцыялістаў, паляць “траўку” разоў у 10 больш. А хоць раз спрабавалі папаліць адсоткаў 80 моладзі, кажа галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Ўладзімер Максімчук.

25-гадовы Андрэй адзін раз паспрабаваў марыхуану і падзяліўся такімі ўражаньнямі:
Андрэй: “Трава лепей за гарэлку, таму што ад яе няма “бадуна”.
“Я сябе адчуваў нібыта п’яны, была такая лёгкая эўфарыя. Але ж каб адчуваць нешта незвычайнае, цудоўнае – такога не было. Асабіста для мяне гэта было нешта накшталт таго, калі выпіваеш грам 300 гарэлкі. Праз гадзіну ці дзьве гэта прайшло. Нічога такога экстраардынарнага асабіста я не адчуваў. Хаця я ведаю шмат людзей, якія кажуць, што трава лепей за гарэлку, таму што ад яе няма “бадуна”, потым не баліць галава”.

Серж зрэдку папальвае траўку і выступае за легалізацыю марыхуаны:
Серж: “Ад марыхуаны ўвогуле ніхто не памірае. Гэта не такая небясьпечная рэч, як цыгарэты”.
“Марыхуана паляпшае настрой, разьнявольвае крыху, і пры гэтым чалавек не губляе пачуцьця рэальнасьці (у адрозьненьне ад гарэлкі). Я наагул лічу, што ва ўсім сьвеце адбываецца вялікая падмена паняцьцяў, калі больш страшныя рэчы, як, да прыкладу, гарэлка, прадаюцца ў неабмежаванай колькасьці, і ад яе больш памірае, чым ад марыхуаны. Ад марыхуаны ўвогуле ніхто не памірае. Марыхуана не такая небясьпечная рэч, як цыгарэты. Я абсалютна сьвядома выступаю за легалізацыю марыхуаны”.

Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Ўладзімер Максімчук катэгарычна супраць легалізацыі марыхуаны:
У.Максімчук: “Узьдзеяньне марыхуаны больш моцнае. На фоне іншых наркотыкаў, магчыма, эфэкт слабейшы, але якая розьніца?”
“Паводле эфэкту марыхуана нагадвае алькаголь, але наркотык тым і адрозьніваецца, што яго ўзьдзеяньне больш моцнае. На фоне іншых наркотыкаў, магчыма, эфэкт слабейшы, але якая розьніца? Усё залежыць ад часу зьменаў асобы: альбо за месяц, альбо за 3-6 месяцаў”.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Маці супраць наркотыкаў” Алена Пісарэнка кажа, што ў сваім жыцьці бачыла шмат людзей, якія спачатку лічылі марыхуану лёгкім, бясшкодным наркотыкам, а потым сталі абсалютна хворымі, залежнымі людзьмі:
А.Пісарэнка: “Хаваюць хлопца, які загінуў у аварыі. Сябры плакалі-рыдалі, а потым папалілі траўкі, і на пахаваньні сьмяюцца! Гэта прыкмета чаго?”
“Гэта ж псыхадэлік, псыхадылептык. Чалавек робіцца дурашліва-прыкольным, вясёлым, могуць быць лёгкія галюцынацыі. Прывожу прыклад: хаваюць хлопца, які загінуў у аварыі. Сябры плакалі-рыдалі, а потым папалілі траўкі, і на пахаваньні сьмяюцца! Прыдуркаваты сьмех, сьмех без прычыны – гэта прыкмета чаго? Ён пакурыў, сьмяецца, рагоча, калі яму палец паказваеш, лягаецца ў лусьцік. Дык карыснае гэта рэчыва альбо шкоднае? Надзвычай шкоднае!”

Прыхільнікі легалізацыі марыхуаны кажуць, што яна выклікае зусім слабую залежнасьць, а пасьля тыднёвага ўстрыманьня ніякіх сьлядоў рэчыва ў арганізьме не застаецца. Аднак галоўны нарколяг Беларусі Ўладзімер Максімчук кажа:
У.Максімчук: “Часам разьвіваецца энцэфаляпатыя, дэбілізм, мазгавая недастатковасьць. Засвойваньня ведаў няма, гэта паступова вядзе да прыдуркаватасьці”.
“Зьнешне часам бывае незаўважна, што чалавек паліць марыхуану: яму весела, сьмешна і добра. А тым часам разьвіваецца энцэфаляпатыя, дэбілізм, мазгавая недастатковасьць. Засвойваньня ведаў няма, гэта паступова вядзе да прыдуркаватасьці. А яна ж можа быць і непрыкметнай”.

Супрацоўніца рэабілітацыйнага цэнтру наркаманаў Алена Кацельнікава шмат гадоў таму сама пачынала з марыхуаны, потым “падсела” на больш цяжкія наркотыкі. Доўга лекавалася. Яна цалкам перакананая, што марыхуана незваротна зьмяняе псыхіку. Пачынаецца ўсё зь весялосьці, эўфарыі, якія пераходзяць у надзвычайную абыякавасьць і ляноту. Наступствы могуць быць і больш сур’ёзныя:

“У нас праходзілі рэабілітацыю людзі, якім была прызначана другая група інваліднасьці з дыягназам “шызафрэнія” з-за перадазіроўкі марыхуанай. Гэта вельмі сур’ёзны наркотык”.

Ці магчыма перамагчы нарказалежнасьць? 26.06.2007 Гарадзенскія студэнты і выкладчыкі просяць вызваліць Маргарыту Царан 18.06.2007 "Начная аБЛОГа" — 1 чэрвеня 01.06.2007
XS
SM
MD
LG