Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завараты: “Хоць мы былі бедныя, але было весела”


Зьміцер Бартосік, Завараты Новая перадача сэрыі “Падарожжа Свабоды”.

Вёсцы Завараты пашанцавала. У той час, калі многія паселішчы навакольля засталіся толькі на геаграфічных мапах (нават пустых хатаў няма), у Заваратах жыве чалавек пятнаццаць.

Траціну насельніцтва складае шматдзетная сям’я былога агранома, а сёньня журналіста газэты “Вольнае Глыбокае” Зьмітра Лупача. Дзякуючы неабыякавасьці Зьмітра да гісторыі сваёй вёскі Завараты ня зьнікнуць ніколі.

Зрэшты, слова Зьмітру Лупачу.

Падарожжа Свабоды, Завараты

Лупач: “Афіцыйная вэрсія, што Завараты паходзяць ад таго, што тут калісьці войскі Пятра завярнулі швэдаў. Хаця гэта няпраўда, Палтавы тут ніякай не было. Гэта цяпер тут лічыцца глуш, а калісьці тут дарога з Глыбокага ішла на Мядзел, і яна рабіла тут дзьве пятлі, як бы завароты, і вось адсюль. Гэтая вэрсія, мне падаецца, больш праўдабаподная”.

Карэспандэнт: “Усе гэтыя вэрсіі пра наданьне назваў нашым вёскам і мястэчкам Кацярынай, Пятром і гэтак далей — такое адчуваньне, што нейкая мэтанакіраваная акцыя”.

Лупач: “Ну, так. Такое ўражаньне, што тут бяз назваў былі мястэчкі. І яны толькі езьдзілі, больш нічога не рабілі, як іх называлі. Тут ёсьць вёска Прыпернае. Ага, там значыць праперлі швэдаў. Вёска Пятроўчына — значыць, Пётар там быў.

Ёсьць, як на Докшыцы ехаць, дарога, яна абсаджаная бярозамі. Адна жанчына мне гаворыць — тут праяжджала Кацярына. Кацярына тут ніколі не праяжджала, яна ніколі тут не была. Гэта па-першае, а па-другое, бяроза столькі не жыве”.

Пры ўезьдзе ў вёску стаіць новенькая дарожная шыльда. Зробленая па-расейску: “Завороты”. Хоць Кацярына тут ня езьдзіла, але яе справу ёсьць каму працягваць.

Лупач: “Я цікаўлюся гісторыяй сваёй вёскі й думаю, можа, якія зьвесткі знайду ў інтэрнэце. Я спачатку па-беларуску напісаў, і знайшоў адну зьвестку пра сябе. Нешта пра мяне было напісана. Яшчэ набіваў па-польску і па-расейску.

Па-польску выдала некалькі спасылак, і першыя спасылкі былі здымак з космасу, геаграфічныя каардынаты дакладныя, навакольныя вёскі, адлегласьці да гэтых вёсак. А калі па-расейску напісаў “Завороты” выдала першыя дзесяць, я ўжо далей ня лазіў, “завороты кишок” і як іх лячыць.

Па-беларуску бедны яшчэ інтэрнэт, нам трэба працаваць усім. Ну, калі ўбіваеш па-польску ў пошукавік, інфармацыі вельмі многа. Палякі, што мне падабаецца, хоць іх тут ужо няма колькі гадоў, а ў іх пра гэтыя крэсы захоўваюцца ўсе дакумэнты, усё можна знайсьці”.

Па зацішнай вясковай вуліцы едзе кабета на ровары. Пры ўсім жаданьні я ня дыў бы ёй 75 гадоў. Спадарыня Марыя, даўгавечніца Заваратаў, жанчына прыгожая і ўсьмешлівая. На паступовую сьмерць Заваратаў яна глядзіць як на непазьбежнасьць.

Падарожжа Свабоды, Завараты

Марыя: “Людзі паміраюць. Во, дзе жылі бацькі мае, жыў брат. Ужо няма нікога. Тутака жылі, таксама папаміралі старыя. Як памру я, дык будзе зусім пустая вёска. Адміраюць вёскі — і ўсё, уся моладзь у гарады”.

Карэспандэнт: “А гэта правільна ці не?”

Марыя: “Як я была ў калгасе, дарма рабілі. Пісалі палачкі, трудадні. Але ж было весела. Хоць мы былі бедныя, але было весела”.

Карэспандэнт: “А вам не шкада гэтых пражытых гадоў? За гэтыя палачкі, трудадні?”

Марыя: “Канечне, як дарма рабілі, дык шкада. Але ж былі маладыя, здаровыя, было весела”.

Як самы жахлівы час спадарыня Марыя згадвае не сталінскія калгасы. А Беларусь партызанкую. З Заваратаў некалькі сем’яў падаліся партызаніць. І па вайне ўсіх заваратаўцаў у навакольлі называлі “партызанамі”. Але безь піетэту. І вось чаму.

Марыя: “Што трэба і ня трэба — усё забіралі. Трэба была партызанам гэтая брычка, што тата зрабіў? Гэта ж за Польшчай было — ого! Тата ўзяў, раскідаў гэтую брычку, каб не забралі. Усё. Прыйшлі, загадалі. “Што хочаш, гаспадар, рабі, бо будзе кепска. Шукай, зьбірай”. Усё забіралі.

Адной ночы прыехалі, сьвіньняў страляюць у хлеве. Там набіраюць зерне, засыпаюць у мяхі. І гэта каторы камандзір атраду быў, а ў нас яшчэ тры кабанкі засталіся, сказаў: “Гаспадар, забівайце гэтых кабанкоў. Прыйдуць іншыя, забяруць усё”.

Карэспандэнт: “Гэта былі свае беларусы ці гэта?..”

Марыя: “Свае суседзі”.

Старыя вясковыя няжылыя хаты. Колькі гора і радасьці памятаюць іх пачарнелыя сьцены! Дзякуючы майму спадарожніку Зьмітру Лупачу гісторыі некаторых сядзібаў ажываюць. Мы спыніліся каля адной лядашчай хацінкі.

Падарожжа Свабоды, Завараты

Лупач: “З нашай вёскі такі чалавек, Мікалай Васілевіч, ён служыў пры цару ў Омской губэрні. І там яму дачка памешчыка спадабалася. Спакусіў. Сказаў, што “я багата жыву”. “Есть усадьба, есть лавка”.

Яна прыехала сюды. Хата невялікая, а сям’я там жыла, некалькі сем’яў. Болей як дзесяць чалавек у хаце. Ён яе пасадзіў на лаўку, пад акно. А тая пытаецца — дзе ж гэта ўсё? “Вот усадьба, а вот і лавка”. Так яна і засталася тут. Хаця застанься яна ў Расеі, лёс яе невядомы быў бы пасьля сямнаццатага году. А так прыйшлі палякі. Яна тут дажыла да канца васьмідзясятых гадоў”.

Мы сядзім у гасьцях у вартаўніка фэрмы Васіля і п’ем гарэлку. Яму яшчэ няма шасьцідзесяці, але выглядае ён значна старэйшым. У 1968 годзе Васілю было дваццаць. Ён служыў у савецкім войску. Служба праходзіла ў Чэхаславаччыне.

Падарожжа Свабоды, Завараты

Васіль: “Боепрыпасаў ніхто не лічыў. Ні патронаў... Скрынямі. Трохі рукі ў крыві былі”.

Карэспандэнт: “А што, прыходзілася страляць?”

Васіль: “Прыхадзілася”.

Карэспандэнт: “Па чэхах?”

Васіль: “Складанае пытаньне. Я сто грам вып’ю. Можа, троху больш скажу. Ну, будзем”.

Карэспандэнт: “А чэхі тады што-небудзь крычалі вам? Вы зь імі неяк кантактавалі, з чэхамі?”

Васіль: “Я не магу сказаць, што было такое. Танкі ішлі, і ніхто там не крычаў. І ніхто там, бл..., не пытаўся. Па табе білі з дамоў. Дамы стаялі, жылыя кварталы. Па табе х..яраць з кулямётаў, з дамоў. А хто там страляў? Танк уваліць... Усё. Зона свабодная. Наступны. Вось такое было. Затое мне далі 15 сутак адпачынку”.

Карэспандэнт: “А што казалі камандзіры? Што Савецкая Армія робіць у Чэхаславаччыне?”

Васіль: “Не такі ўжо я дурак быў. Не такія камандзіры дуракі былі. Усё ўсе разумелі. Я прысягу прымаў. Ну, калі ты адмовісься, цябе пад трыбунал. У дысбат і ўсё. Я страляў. Я не скажу... Страляў. А па кім страляў? Па мне стралялі, і я страляў. Я табе гавару, патронаў там было, скрынямі. Калёна ідзе, тры ражкі аўтамат, бяры, колькі ты хочаш”.

Карэспандэнт: “Спадабалася Чэхаславаччына?”

Васіль: “Любавацца не было... Не ў музэй пайшоў. Калі танкі наперадзе ідуць, а ты ззаду, любавацца няма чым. Шрам гэты з часам забудзецца. Пакаленьні мяняюцца. Усё забываецца”.

Паводле мерак трыццатых гадоў сям’я Лупачоў ня самая бедная. Тры гектары зямлі, пятнаццаць козаў, дзьве каровы, яшчэ сьвіньні й куры. Плюс такія радасьці ХХ стагодзьдзя, як электрычнасьць з кампутарам.

Але Зьмітрова жонка Жана атрымлівае за працу ў дзяржаўнай краме 180 тысяч рублёў. Не нашмат болей зарабляе ў газэце і Зьміцер. А яшчэ ж трое дзяцей.

Карэспандэнт: “Вы жывяце, як у ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя”.

Жана: “Правільна. Скацінай і жывем. Агарод і скаціна”.

Карэспандэнт: “А зімой тут не страшнавата?”

Жана: “Не. Пекна. Добра”.

Карэспандэнт: “Ты б хацела, каб дзеці заставаліся ў Заваратах?”

Жана: “Хай бы і ў Заваратах жылі. Але каб лягчэй, ня так, як мы. З гэтай скацінай, агародам”.

Карэспандэнт: “У вас шматдзетная сям’я. Нейкая дапамога ёсьць?”

Лупач: “Адзіная дапамога, што мы маем як шматдзетная сям’я — гэта што нам за гектар зямлі ня трэба плаціць падатку. Паколькі ў нас тры, мы плацім за два”.

Карэспандэнт: “На якую суму гэтая дапамога?”

Лупач: “Недзе 25 тысяч за год”.

Падарожжа Свабоды, Завараты

А скончым нашую вандроўку па Заваратах жыцьцёвым, чыста заварацкім анэкдотам ад Зьмітра Лупача. Анэкдотам філязофскім.

Лупач: “Як прыйшлі ў трыццаць дзявятым годзе першыя саветы, як у нас называюць, тут яны зрабілі такую трыбуну. І тут патрэбна было выступіць і расказаць пра палітычную абстаноўку. І каб хто з доўгажыхароў выступіў і расказаў, як цяжка жылося пры панах і ўжо ж як добра цяпер будзе жыць.

Ну і дзядок гадоў за восемдзесят узышоў. “Ай, мае дзеткі. Гаўно тут было. Гаўно ёсьць. Гаўно і будзе”.
XS
SM
MD
LG