Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вяртаецца Аляксандар Лукашэнка да антызаходняй палітыкі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і былы супрацоўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Карэн Акопаў.

5 ліпеня, выступаючы перад выпускнікамі Вайсковай акадэміі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на Беларусь узмацняецца ціск з усіх бакоў. Ці можна канстатаваць, што афіцыйны Менск вяртаецца да сваёй традыцыйнай антызаходняй рыторыкі? Ці варта чакаць ўзмацненьня жорсткасьці ва ўнутранай палітыцы? Як могуць разьвівацца дачыненьні з Расеяй?

Ці скончыўся пэрыяд пацяпленьня ў дачыненьнях Беларусі з Захадам?

Валер Карбалевіч: “Пасьля навагодняга беларуска-расейскага нафтагазавага крызісу кіраўніцтва Беларусі, здалося, пачало павольна паварочвацца тварам у бок Захаду.

Былі вядомыя заявы Лукашэнкі эўрапейскім мэдыям, у Менск прыяжджалі ўплывовыя заходнія палітыкі, пачаўся кулюарны дыялёг з Брусэлем. Апошнія месяцы можна было назіраць нават пэўную палітычную адлігу ва ўнутранай палітыцы ў краіне, што экспэрты патлумачылі крокамі насустрач Эўразьвязу і ЗША.

Аднак пасьля таго, як Эўразьвяз пазбавіў Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў, ствараецца ўражаньне, што пэрыяд пацяпленьня ў дачыненьнях Менску з Захадам скончыўся. Выступы Лукашэнкі падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці былі адзначаныя жорсткімі антызаходнімі выпадамі.

5 ліпеня, выступаючы перад выпускнікамі Вайсковай акадэміі, кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на Беларусь узмацняецца ціск з усіх бакоў. У існасьці, Лукашэнка вяртаецца да сваёй традыцыйнай антызаходняй рыторыкі, якая пасьля новага году сьціхла? Ці гэта можна патлумачыць нейкімі іншымі чыньнікамі?”

Андрэй Фёдараў: “Сапраўды, мы назіраем цяпер адкат назад ад таго вельмі слабага руху ў бок Захаду, які нібыта меў месца на пачатку году. Кіраўніцтва Беларусі разьлічвала, што пасьля канфлікту з Расеяй Беларусь можа атрымаць падтрымку Захаду.
А.Фёдараў: “Мы назіраем адкат назад ад таго слабага руху ў бок Захаду, які быў на пачатку году”.
Пасьля таго, як гэта не атрымалася, ЭЗ пазбавіў нашу краіну гандлёвых прэфэрэнцыяў, і афіцыйны Менск вырашыў, што на Захадзе няма чаго лавіць, трэба шукаць шчасьця ў другім баку.

Варта зьвярнуць увагу на тое, што Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню Незалежнасьці, мякка перанёс дрэннае стаўленьне Захаду да кіраўніка дзяржавы на ўвесь беларускі народ. Гэта не ўпершыню.

Дарэчы, мы мяжуем, з краінамі-сябрамі НАТО ўжо амаль дзесяць гадоў. Але ці павялічылася ў нашых грамадзянаў пачуцьцё небясьпекі ў сувязі з гэтым?”

Карэн Акопаў: “Беларускае кіраўніцтва застаецца на тых жа пазыцыях у дачыненьнях з Захадам. Спробы палепшыць дачыненьні ня мелі посьпеху. Антызаходняя рыторыка заўсёды ўзмацняецца падчас такіх сьвятаў.
К.Акопаў: “Разьвіцьцё стасункаў магчымае толькі ў эканамічных пытаньнях. Лукашэнку ад Захаду больш нічога і ня трэба. Але Захад такія дачыненьні не задавальняюць”.
Галоўная перашкода ў дачыненьнях Беларусі й Захаду, якую немагчыма пераадолець, — праблема правоў чалавека. Разьвіцьцё стасункаў магчымае толькі ў эканамічных пытаньнях. У прынцыпе, Лукашэнку ад Захаду больш нічога і ня трэба. Але Захад такія дачыненьні не задавальняюць”.

Ці варта чакаць ўзмацненьня жорсткасьці ва ўнутранай палітыцы?

Карбалевіч: “Здаецца, назіраецца і ўзмацненьне рэпрэсіяў унутры краіны. Аднаўляецца перасьлед сяброў “Маладога фронту”.

Найбольш дзіўным стала ўзнаўленьне справы супраць чатырох актывістаў Саюзу палякаў Беларусі. Крымінальную справу супраць іх завялі ў 2005 годзе падчас вострага канфлікту вакол гэтай арганізацыі. У 2006 годзе гэтую справу прыпынілі. І вось цяпер яна адноўленая без усялякіх бачных прычынаў.

Вядома, якая будзе рэакцыя Польшчы на такія дзеяньні беларускіх уладаў. У зьвязку з тым, што менавіта на тэрыторыі Польшчы ЗША зьбіраюцца разьмясьціць элемэнты сваёй супрацьракетнай абароны, пра што рэзка выказаўся Лукашэнка, гэтая справа супраць актывістаў Саюзу палякаў выглядае як штучная правакацыя. Вам так не падаецца?”

Фёдараў: “Безумоўна, гэта другі бок таго ж мэдаля. Калі афіцыйны Менск рабіў спробы знайсьці агульную мову з Захадам, то была пэўная адліга ва ўнутранай палітыцы.

Цяпер, калі дачыненьні з Захадам уступаюць у пэрыяд пахаладаньня, узмацняецца ціск і ўнутры на палітычных апанэнтаў. Таму што няма цяпер сэнсу рабіць выгляд, што ў нас тут шануюць правы чалавека.
А.Фёдараў: “Рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў Беларусі – помста за спадарожнікавае тэлебачаньне для Беларусі”.
Што тычыцца рэпрэсіяў супраць Саюзу палякаў Беларусі, то гэта ня толькі помста за разьмяшчэньне ў Польшчы дзесяці амэрыканскіх ракетаў, але і за тое, што з кастрычніка пачнецца з польскай тэрыторыі вяшчаньне спадарожнікавага тэлебачаньня на Беларусь. Усё гэта яшчэ больш узмацняе недавер паміж дзьвюма краінамі”.

Акопаў: “Канечне, існуе сувязь паміж унутранай і вонкавай палітыкай. Што тычыцца разьмяшчэньня ў Польшчы і Чэхіі элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны, то гэта пытаньне палітычнае.
К.Акопаў: “Польшча і Чэхія ня ўпэўненыя ва ўласнай бясьпецы, у суседзях”.
Тут, на мой погляд, ня вельмі правільна паводзіць сябе Расея. Бо гэтая сыстэма выконвае функцыю абароны гэтых краінаў, якія ня ўпэўненыя ва ўласнай бясьпецы, ня ўпэўненыя ў суседзях”.

Як могуць разьвівацца дачыненьні з Расеяй?

Карбалевіч: “У выступах Лукашэнкі падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці былі заўважаныя пазытыўныя жэсты ў бок Расеі. Хоць з боку Масквы ідуць сыгналы адваротныя.

Крэмль абстаўляе выдзяленьне крэдыту Беларусі патрабаваньнямі нават палітычнага зьместу. Пуцін ня жадае пакуль ісьці на перамовы з Лукашэнкам. На гэтым фоне што азначаюць такія русафільскія заявы беларускага кіраўніка?”

Фёдараў: “Такая палітыка цалкам зразумелая. Калі не атрымліваецца на Захадзе, то трэба ісьці на Ўсход. Але з боку Расеі ідуць розныя сыгналы. З аднаго боку, як вы сказалі, Масква цягне з крэдытам, Пуцін не жадае сустракацца з Лукашэнкам.

Але зь іншага боку, менавіта з падачы Расея Беларусь была выключаная з чорнага сьпісу ў Радзе ААН у правах чалавека, была ліквідаваная пасада спэцдакладчыка па Беларусі. Міністар замежных справаў Расеі Лаўроў, выступаючы ў Менску перад студэнтамі Белдзяржунівэрсытэту, сказаў, што Масква будзе заўсёды лабіяваць інтарэсы Беларусі, каб яна стала сябрам Рады Эўропы.
А.Фёдараў: “Нягледзячы на ўсе канфлікты, Масква не заяўляе публічна, што мы адмаўляемся ад ідэі інтэграцыі”.
У такой дваістасьці расейскай палітыкі й палягае небясьпека для Беларусі. Расея цісьне эканамічна і даводзіць, што калі вы гатовыя да аб’яднаньня, то мы можам пайсьці насустрач. Нягледзячы на ўсе канфлікты, Масква не заяўляе публічна, што мы адмаўляемся ад ідэі інтэграцыі й пераходзім на дачыненьні дзьвюх незалежных краінаў”.

Акопаў: “Трэба аддзяляць дачыненьні кіраўнікоў дзяржаваў і дачыненьні краінаў, грамадзтваў, гаспадарчых суб’ектаў.

А падтрымка Расеяй Беларусі ў міжнародных арганізацыях не дадае аўтарытэту расейскай замежнай палітыцы. Расея мусіць рухацца ў бок Захаду. А Беларусь ёй у гэтым руху замінае.

Але зь іншага боку, Беларусь зьяўляецца дадатковай картай у гульні Расеі зь вялікімі дзяржавамі.
К.Акопаў: “Залежнасьць Беларусі ад расейскай дыпляматыі можа мець незваротныя наступствы для нашай краіны”.
Напрыклад, на перамовах у “вялікай васьмёрцы”, калі гаворка будзе ісьці пра тое, што рабіць з “крызіснымі краінамі” (Кубай, Беларусьсю, Зымбабвэ, Бірмай), Масква можа разьмяняць Беларусь на саступкі з боку Захаду. Залежнасьць Беларусі ад расейскай дыпляматыі можа мець незваротныя наступствы для нашай краіны”.

Карбалевіч: “Такім чынам, можна канстатаваць відавочнае расчараваньне Лукашэнкі заходняй палітыкай у дачыненьні Беларусі. Але да якіх наступстваў яно можа прывесьці, пакуль сказаць цяжка. Трэба больш часу, каб разгледзець новыя палітычныя тэндэнцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG