Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Студэнтаў-каліноўцаў пачалі выклікаць у КДБ</B>


Любоў Лунёва, Менск Моладзь, што навучаецца па праграме Кастуся Каліноўскага ў Польшчы, пачалі выклікаць на размовы ў КДБ. Студэнты прыехалі на вакацыі да бацькоў і адразу сутыкнуліся з прадстаўнікамі спэцслужбаў. Некаторым зь іх прапануюць супрацоўніцтва.

Каліноўцы мяркуюць, што спэцслужбы шукаюць пэрсанажаў для правакацыйных тэлесюжэтаў, каб дыскрэдытаваць навучальную праграму.

Днямі супрацоўнікі КДБ пачалі наведваць студэнтаў, якія цяпер прыехалі да бацькоў на вакацыі пасьля здачы сэсіі ва ўнівэрсытэтах Польшчы.

Некаторым уручылі позвы — прыйсьці на размову ў КДБ. Опэрупаўнаважаныя цікавяцца праграмай імя Кастуся Каліноўскага.

Летась пасьля падзеяў на Кастрычніцкай плошчы падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі адлічылі з вучобы дзясяткі студэнтаў і выкладчыкаў. Урады заходнеэўрапейскіх краінаў знайшлі сродкі, каб даць магчымасьць беларусам атрымаць адукацыю за мяжой.

Аляксандра Рэзьнікава адлічылі з трэцяга курсу акторскага аддзяленьня Акадэміі мастацтваў. Цяпер ён вучыцца ў Вышэйшай тэатральнай школе ў Кракаве.

Аляксандар расказаў, што да яго прыйшлі на другі дзень, як ён прыехаў з Польшчы. Тры гадзіны зь ім размаўлялі ў КДБ Савецкага раёну Менску і запрасілі яшчэ прыйсьці на размову. Аляксандар Рэзьнікаў вымушаны быў вярнуцца ў Польшчу. Ён патлумачыў, што адразу пасьля размовы з супрацоўнікам КДБ яго выклікалі ў ваенкамат.

Гаворыць Аляксандар Рэзьнікаў:

“Супрацоўнікі КДБ цікавіліся, як можна патрапіць у праграму Каліноўскага. Запытвалі, ці ня трапілі туды выпадковыя людзі, напрыклад, дзеці вядомых палітыкаў, якія ня ўдзельнічалі ў акцыях. Пыталіся які тады падчас галоўнай акцыі быў настрой на плошчы Каліноўскага. Яны цікавіліся, у якіх інтэрнатах мы жывем за мяжой…

Мне далі яшчэ позву, але я не пайшоў. А на наступны дзень прыйшоў у ваенкамат і там сустрэў таго супрацоўніка КДБ, які размаўляў са мной”.

Да Яўгеніі Агафонавай на другі дзень пасьля прыезду да бацькоў у Рэчыцу прыйшоў супрацоўнік КДБ. Яўгенія паведаміла “Свабодзе”:

“Распытваў вельмі доўга, як вучоба за мяжой. Пры гэтым ён распытваў пра мітынгі, пра палітычную дзейнасьць... Прапаноўваў супрацоўніцтва, казаў — можа, разам папрацуем”.

Менчук Іван Барысюк меў кароткую гутарку з опэрупаўнаважаным КДБ Зьмітром Герасімовічам. Іван вучыцца ў Варшаўскім унівэрсытэце на юрыдычным факультэце. Супрацоўнік КДБ уручыў яму позву, але хлопец адмовіўся паставіць пад ёй подпіс.

Гаворыць Іван Барысюк:

“Калі я адмовіўся, ён пайшоў да суседзяў. Цікавіўся там, ці не зьмяніўся я пасьля прыезду з Польшчы. Запытваў, можа ў Вані зьявіліся кепскія звычкі, можа, ён стаў наркаманам.

Я лічу, што асноўная мэта — пошук новага “героя” для новага рэпартажу на БТ. Можа, яны шукаюць нейкіх пакрыўджаных. Шукаюць новы матэрыял, каб дыскрэдытаваць праграму Кастуся Каліноўскага”.

Опэрупаўнаважаны КДБ Зьміцер Герасімовіч адмовіўся патлумачыць “Свабодзе”, чаму ён цікавіцца праграмай Кастуся Каліноўскага.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што праграма Каліноўскага перашкаджае беларускім уладам запалохваць актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху:

“Я думаю, што гэта цалкам натуральна, бо для ўлады праграма Каліноўскага — самая страшная праграма, якая разбурае страх, мабілізуе моладзь. Улада гэтага больш за ўсё баіцца. Таму ідзе такі моцны псыхалягічны ціск — іх вэрбуюць і намагаюцца забраць у войска. Гэта мэтады вядомыя. Я ня думаю, што ўлада мае больш сур’ёзныя небясьпекі на сёньняшні дзень”.

Сёлета больш за паўсотні чалавек могуць адправіцца на вучобу ў навучальныя ўстановы Заходняй Эўропы.

• Што стаіць за “выкрываньнямі” Ўладзіслава Міхайлава?, 23.03.2007 • У.Міхайлаў: “Я сябе не апраўдваю, але…”, 29.01.2007
XS
SM
MD
LG