Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лявончык: у інтэрнэце больш свабоды, якой у жыцьці амаль не існуе


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – Аляксей Лявончык, арганізатар шэрагу Інтэрнэт-праектаў, сярод якіх – pozirk.org --> http://www.pozirk.org/?page_id=2 (у стадыі падрыхтоўкі – падручнік па ананімнасьці і бясьпецы для блогераў, а таксама індэкс беларускае благасфэры, які дазваляе адсочваць, што цікавіць беларускіх блогераў больш за ўсё).

Знаткевіч: “Вы шмат займаецеся блогамі, прычым ня толькі вядзеце ўласны блог, але і вучыце іншых, як гэта трэба рабіць. Вы маглі б коратка патлумачыць для тых, хто ня ведае, што такое блог, чаму столькі людзей пачынаюць весьці інтэрнэт-дзёньнікі?”

Лявончык: “Прычына – тое, што ў інтэрнэце значна большая свабода штосьці сказаць іншым, паспрачацца, не пагадзіцца, якой у нас у рэчаіснасьці амаль што не існуе. Для беларусаў збольшага гэта такая магчымасьць выразіць сябе. Але ў сьвеце гэтая прычыны таксама зьяўляецца галоўнаю. Людзі, якія жадаюць зарабляць грошы праз свой блог – ёсьць, але яны складаюць можа адсоткаў 10”.

“Папулярнасьць блогаў шырыцца як сьнежная навала”

Знаткевіч: “А ў чым сакрэт самых папулярных блогаў? Некаторыя блогі чытае жменька сяброў, некаторыя маюць тысячы чытачоў...”

Лявончык: “Па-першае, гэта блогі, якія час ад часу пастачаюць унікальнае зьмесьціва. Напрыклад, блог, які падчас урагану "Катрына" ў ЗША перадаваў відэаматэрыялы адтуль, вельмі хутка прыдбаў папулярнасьць. Ёсьць таксама блогі, уладальнікі якіх вельмі добра “сяткуюцца”, то бок, яны ставяць сваёй мэтай пазнаёміцца зь як мага большай колькасьцю людзей, і праз свае блогі яны арганізоўваюць нейкую сацыяльную актыўнасьць, як гэта робіцца ў нас у Беларусі. Таму гэтыя блогі робяцца папулярнымі, таму што яны прыцягваюць яшчэ, тыя ў сваю чаргу кагосьці яшчэ, і гэта ідзе як такая сьнежная навала”.

Знаткевіч: “Вы сказалі пра нейкі ўнікальны зьмест – ёсьць нейкія беларускія блогі з унікальным зьместам, на якія вы раілі б зьвярнуць увагу?”

Лявончык: “Ёсьць. Мне асабіста з маіх найбольш падабаецца блог hvost.org . Гэты блог вядзе адзін чалавек, але ён выкладае шмат відэаінфармацыі з нашых так званых афіцыйных і ня толькі афіцыйных сьвятаў. Але яна досыць унікальная, таму што ён не шкадуе часу, каб апрацаваць яе і пакласьці – мала хто ў нас гэта робіць, паколькі ў нас дарагі інтэрнэт.

Таксама вельмі параіў бы блог карыстальніка MeRamo – ён таксама досыць вядомы, таму што ў ЖЖ гэты чалавек выкладае добрыя фотарэпартажы з розных падзей. Гэта тыя блогі ў беларускім сэгмэнце, якія для мяне найбольш цікавыя. У англамоўным сэгмэнце іх таксама шмат, але там няма такой скіраванасьці, там таксама могуць гадамі не пісаць нічога цікавага, і раптоўна штосьці напісаць...”

“Блогеры могуць дапоўніць тое, чаго ня ведаюць прафэсійныя журналісты”

Знаткевіч: “Некаторыя людзі кажуць, што блогі ў хуткім часе паціснуць традыцыйныя мэдыі, што людзі цяперашняага пакаленьня нашмат больш прызвычаеныя атрымоўваць інфармацыю з блогаў, а не з традыцыйных газэт, тэлебачаньня. Наколькі рэальная такая пэрспэктыва?”

Лявончык: “Я не лічу, што яны выцесьняць традыцыйныя мэдыі – яны іх натуральна адціснуць, але я прытрымліваюся таго погляду, што гэтыя блогі будуць іх дапаўняць.

Напрыклад, у Польшчы быў цікавы экспэрымэнт, калі "Газэта Выборча" папрасіла людзей апісаць стан сыстэмы аховы здароўя ў краіне, асабліва што датычыцца радзільняў. Калі яны гэта рабілі з адным-двума прафэсійнымі журналістамі, яны не атрымалі такой інфармацыі, якая магла б даць поўнае ўяўленьне.

У той жа час яны праз свой інтэрнэт-партал запыталіся ўсіх тых, хто піша на блогах і быў калісьці ў радзільнях, зайсьці на іх сайт і адказаць на пару пытаньняў, блогеры гэта зрабілі, і нават польскі міністар аховы здароўя быў проста ўражаны і сказаў, што яны будуць працаваць над вырашэньнем гэтых праблем. То бок, гэта тысячы журналістаў, якія працуюць на вас. Яны ня маюць таго прафэсіяналізму, які патрэбны, каб напісаць артыкул, але яны могуць дапоўніць тое, чаго ня ведаюць прафэсійныя журналісты”.

Знаткевіч: “Але тут пытаньне ня толькі ў прафэсіяналізьме, але і ў даверы да крыніцы інфармацыі. Калі вы чытаеце тую ж "Газэту Выборчу", вы ведаеце, што гэта прафэсійнае выданьне, яно прынамсі неяк кантралюе сваіх журналістаў, а калі нехта напісаў нешта праз блог – адкуль мы ведаем, што гэты чалавек варты даверу?”

Лявончык: “Ніадкуль. Можна спраўдзіць, наколькі гэты чалавек піша праўду, але ў прынцыпе ў беларускім інтэрнэце зьяўляецца такая тэндэнцыя: лічыцца ня проста добрым тонам, а патрэбаю пазначаць крыніцу інфармацыі, ці тыя крыніцы, дзе можна гэтую інфармацыю спраўдзіць. Вельмі мала зараз людзей, якія проста скапіююць інфармацыю аднекуль і не пазначаць, адкуль яна прыйшла і пры якіх абставінах. У любым выпадку, гэтую інфармацыю трэба правяраць. Але калі гэта стасуецца, напрыклад, да відэаінфармацыі, то ў Беларусі яна збольшага сапраўдная, бо мантажаваць у нас умее мала хто, і збольшага людзям не хапае магчымасьці і грошаў выкладаць нейкія падробкі”.

АПЫТАНЬНЕ: Ці часта вы на працы карыстаецеся інтэрнэтам па прыватных патрэбах?



Знаткевіч: “На якія думкі навяло вас гэтае апытаньне?”

“У Беларусі былі два выдатныя выпадкі, калі блогі дапамаглі рэальнаму сьвету”

Лявончык: “Па-першае, гэта паказвае тое, што мы – гэта не вынятак з агульнай тэндэнцыі, у сьвеце людзі таксама карыстаюцца інтэрнэтам менавіта за гэтымі патрэбамі – ім патрэбна хутка знайсьці інфармацыю, і вельмі вялікую папулярнасьць зараз набываюць менавіта знаёмствы.

Але адрозьненьне нас ад заходняга грамадзтва ў тым, што на Захадзе інтэрнэт-карыстальнікі адчуваюць, што інтэрнэт дае ім магчымасьць штосьці зрабіць у сваёй грамадзе. Яны ведаюць, што ў сеціве існуюць такія інструмэнты, як інтэрнэт-суполькі на блогах ці нейкія адмысловыя парталы, дзе яны могуць зарганізаваць групу, каб штосьці зрабіць.

Але ў Беларусі таксама былі два проста выдатныя выпадкі, якіх у Расеі, напрыклад, не было, калі блогі дапамаглі рэальнаму сьвету. Гэта выпадак з Гродна, калі два гарадзенскіх блогі s13.ru і blog.hrodna.net настолькі былі ў стане каардынаваць дзейнасьць актывістаў па абароне старой Горадні, што афіцыйная вэртыкаль, якая ніколі дагэтуль не зважала на блогераў, таму што лічыла іх нявартымі ўвагі, запусьціла масавую кампанію ў сваіх СМІ, каб даказаць, што блогеры ня маюць рацыі, што менавіта іх плян рэканструкцыі Горадні самы правільны.

І другі выпадак – гэта з вызваленьнем Дзяніса Дзянісава, калі адзін-адзіны пост у суполцы minsk.by у Жывым журнале распачаў кампанію па зборы грошай. І адным зь людзей, які распачаў гэтую кампанію, быў чалавек, які ў рэальным сьвеце нічога б ня мог зрабіць – ён можа друкаваць літаральна адным пальцам, ён паралізаваны”.

Знаткевіч: “Паводле нядаўняга брытанскага дасьледаваньня, каля 40 працэнтаў блогераў пішуць пра дзейнасьць сваіх кампаній, і часам гэта канфліктная, датклівая інфармацыя – у беларускім кантэксьце такое ёсьць?”

Лявончык: “Такое ёсьць, але ня тое каб шмат, збольшага людзі аддаюць перавагу камэнтару палітычных падзеяў. Пра падзеі ў кампаніях яны зараз камэнтуюць вельмі мала”.

“Поўнач Аўганістану вельмі талерантная”

Знаткевіч: “Акрамя таго, што вы займаецеся блогамі і іншымі інтэрнэт-праектамі, вы даволі шмат падарожнічаеце і доўга працавалі ў Аўганістане. Што гэта была за праца, як в ытам апынуліся?”

Лявончык: “Апынуўся я там з дапамогай сваёй студэнцкай арганізацыі, якая раней мела прадстаўніцтва ў нас у Беларусі, гэта AIESEC, міжнародная арганізацыя студэнтаў, якія вывучаюць эканоміку, а працаваў я там на журналісцкую арганізацыю Internews Afghanistan, якая займаецца падтрымкай радыёстанцый, заснаваных у маленькіх гарадках Аўганістану, каб распаўсюджваць вольныя навіны ў правінцыях, дзе ніколі не было ніякай сувязі, і займаўся я тэхнічнымі і адміністрацыйнымі трэнінгамі – як гэтай станцыі падтрымваць сябе на плыву, калі грошай ужо ня будзе”.

Знаткевіч: “А вам ня страшна было ехаць у Аўганістан? Шмат такіх страшных рэчаў расказваюць пра гэтую краіну...”

Лявончык: “Ня тое каб страшна – я вельмі шмат чытаў пра гэтую краіну і сытуацыю ў ёй я ведаў. Па-першае, на поўначы і ў цэнтры, у Кабуле, усё спакойна, ніякіх выбухаў, прынамсі калі я там быў, не было. Вось на поўдзень Аўганістану, Ірану ці Пакістану я б нікому не параіў цяпер ехаць, тым больш аднаму.

На поўначы там нармалёва – у Аўганістане Поўнач вельмі талерантная, там намяшаны прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў – пуштуны, таджыкі, узбэкі, шмат малых нацыянальнасьцяў, тым часам як Поўдзень Аўганістану – монапуштунскі, і пуштуны ўвесь час лічылі, што іх пазбавілі ўлады незаконна, менавіта амэрыканскае ўварваньне ў Аўганістан. Да таго яны кіравалі краінай, а зараз павінны дзяліцца ўладай з астатнімі. Таму ім ня вельмі падабаецца амэрыканская прысутнасьць там, як і тое, што адбываецца ў Кабуле – сьвецкае жыцьцё і г.д. Поўдзень вельмі кансэрватыўны ў рэлігійным пляне”.

“У Аўганістане кожны размаўляе прынамсі на трох мовах”

Знаткевіч: “Што вас найбольш уразіла ў Аўганістане, пра што вы не здагадваліся да таго, як патрапілі ў гэтую краіну?”

Лявончык: “Як ні дзіўна, мяне ўразіла тое, наколькі там гасьцінныя людзі. Я чуў, што ў Азіі гэта нармалёва, ёсьць такая прымаўка ў іх, што госьць стаіць наступным пасьля бога. Насамрэч, калі чалавек вандруе там, калі замежнік паказвае павагу да іх культуры, прынамсі, не зьяўляецца ворагам, то яны зробяць усё для яго, каб там было прыемна знаходзіцца. І другая рэч – гэта тое, наколькі зараз там няма нянавісьці да Расеі, Беларусі, Украіны. Такое адчуваньне, што як пайшлі адтуль войскі, мы ператварыліся ў лепшых сяброў”.

Знаткевіч: “Што з рысаў аўганцаў, акрамя гасьціннасьці, беларусам варта было б пераняць?”

Лявончык: “Яны вельмі моцна датрымліваюцца сваёй культуры, мовы, хаця зацятымі нацыяналістамі – толькі сваё і больш нічога – не зьяўляюцца. У Аўганістане кожны чалавек размаўляе прынамсі на трох мовах, у такой шматкультурнай краіне гэта неабходна. Яны вельмі адкрытыя да Захаду, і ў той час ведаюць тую мяжу, дзе пачынаецца ўжо асыміляцыя.

Тыя рэчы, якія кажуць пра Аўганістан, што там людзі несучасныя, не жадаюць мадэрнізавацца – гэта ня так. І яшчэ яны здольныя абараняць сваю краіну, але кепская рыса – гэта калі ім штосьці не падабаецца ў суседзяў, яны гатовы пайсьці і перарэзаць горла. Большасьць разбурэньняў у грамадзянскай вайне адбыліся не праз савецкую армію, а пасьля таго, як пайшлі савецкія войскі. Кабул быў зьнішчаны самімі аўганцамі”.

Знаткевіч: “Вы працавалі ня толькі ў Аўганістане, але яшчэ і ў Індыі – адкуль у вас такая жарсьць да падарожжаў?”

Лявончык: “Я сам ня ведаю. У дзяцінстве я шмат чытаў пра Брытанскую імпэрыю, пра падарожнікаў тых часоў, як брытанскія арыстакраты дасылалі сваіх дзяцей у каляніяльную Індыю – мне стала вельмі цікава. Я вельмі люблю мовы, люблю вывучаць штосьці новае, і ў прынцыпе гэта быў не авантурызм. Я б, напрыклад, зараз ніколі не паехаў у Ірак, у Багдад – хаця напрыклад на поўнач, у Курдыстан я б паехаў, бо я ведаю, што сытуацыя там досыць спакойная, зацішная”.
XS
SM
MD
LG