Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Амбасадарка Францыі: “Шлях у аб’яднаную Эўропу ляжыць праз дэмакратыю”</B>


Уладзімер Глод, Менск “Каб далучыцца да аб’яднанай Эўропы, найперш трэба падзяляць асноўныя дэмакратычныя каштоўнасьці”, — гэтую думку новая амбасадарка Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо выказала сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай нацыянальнаму сьвяту Францускай Рэспублікі. Амбасадарка падкрэсьліла: гэтая ўмова абавязковая.

Дачыненьні Францыі і Беларусі, Эўрапейскага Зьвязу і Беларусі найбольш цікавілі журналістаў. Яны пыталіся пра многія тэмы, якія некалькі дзён таму ў інтэрвію францускай газэце Le Monde закраналі Аляксандар Лукашэнка і Аляксандар Мілінкевіч. Прыкладам, ці дапаможа Францыя Беларусі ў пабудове атамнай станцыі?

Мірэй Мюсо паведаміла: напрыканцы 2006 году беларуская дэлегацыя наведвала Францыю. Мясцовыя атамшчыкі паабяцалі даць калегам усю неабходную інфармацыю. Але беларускія спэцыялісты з гэтай жа мэтай езьдзілі і ў іншыя краіны, на што, як падкрэсьліла спадарыня амбасадар, яны безумоўна маюць поўнае права. І больш да французаў яны пакуль не зьвярталіся.

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію Le Monde казаў, што мы будзем вітаць новае кіраўніцтва Францыі, калі яно наладзіць актыўны дыялёг зь Беларусьсю. З гэтай нагоды я спытаўся ў Мірэй Мюсо: ці магла б яе краіна ў рамках таго ж дыялёгу падзяліцца з афіцыйным Менскам досьведам працы з апазыцыяй?

Спадарыня амбасадар расказала пра тое, як новы прэзыдэнт Сарказі прыцягнуў да сябе тых, хто прайграў на выбарах. Ён нават аддаў некалькі міністэрскіх крэслаў — прынамсі, замежных справаў — менавіта апазыцыі:

“Мы лічым, што кожны народ сам сабе гаспадар. І часта нас, французаў, папракаюць якраз за тое, што мы імкнемся кагосьці чамусьці вучыць. Мы ў сябе шмат чаго робім, каб наша краіна рухалася наперад хутчэй.

А тэндэнцыя супрацоўніцтва бальшыні з апазыцыяй, яна ж існуе. І гэта тое, чаго вельмі хоча прэзыдэнт Сарказі. Таму што мы лічым, што гэта сучасная тэндэнцыя — запрашаць для абмеркаваньня галоўных пытаньняў краіны і апазыцыю”.

Менск, 13.07.2007. Прэсавая канфэрэнцыя амбасадаркі Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў гаворыць, што дачыненьні ўлады і апазыцыі ў Францыі (і ў іншых краінах Эўразьвязу) з аднаго боку і ў Беларусі з другога – вельмі розныя:

“У нас апазыцыя наагул ня лічыцца суб’ектам палітычнай дзейнасьці. Яна выведзеная за межы палітычнага поля. А там зь ёй лічацца. Прыкладам, у Вялікабрытаніі яна нават называецца “апазыцыя яе Вялікасьці”. Там апазыцыя атрымлівае грашовыя субсыдыі на сваё існаваньне. І ў гэтым ужо прынцыповае адрозьненьне”.

Амбасадарка Францыі згадала, што сёлета ў красавіку Беларусь згадзілася на адкрыцьцё ў Менску офісу Эўразьвязу. І гэта дае пэўныя спадзяваньні на тое, што курс Беларусі адносна аб’яднанай Эўропы можа зьмяніцца.

На Захадзе на гэта спадзяюцца, паколькі, як падкрэсьліла сёньня Мірэй Мюсо, Беларусь тут па-ранейшаму лічыцца неад’емнай часткай Эўропы.

• Амбасадарка Францыі ўручыла дыплёмы гомельскім студэнтам, 15.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG