Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты Саюзу палякаў зноў робяцца выязнымі


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні спынілі крымінальную справу супраць чатырох актывістаў Саюзу палякаў, які не прызнаецца ўладамі. Гэта — Веслаў Кеўляк, Юзэф Пажэцкі, Анджэй Пісальнік і Андрэй Пачобут. Яны былі прызнаныя падазраванымі ў справе аб запалохваньні Віктара Богдана — дырэктара Дому польскага ў Шчучыне. Справа цягнулася амаль два гады.

Крымінальную справу аб запалохваньні дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана некалькі разоў прыпынялі. У гэтым месяцы яе паўторна аднавілі і амаль адразу спынілі зусім.

Улетку 2005 году паплечнікі старшыні Саюзу палякаў Анжалікі Борыс прыехалі ў Шчучын з праверкай, а спадар Богдан адмовіўся зь імі супрацоўнічаць. Пазьней ён апынуўся ў праўладным Саюзе палякаў, а паплечнікаў Борыс пачалі перасьледаваць — нібыта за пагрозы.

Гаворыць адзін з былых “падазраваных” па гэтай справе Юзэф Пажэцкі:

“Гэтым усім нехта кіраваў, справа цягнулася два гады. Мне здаецца, сьледчыя, міліцыянты — гэта ўсё выканаўцы распараджэньняў, якія ішлі зьверху. Яны – марыянэткі ў руках вышэйшых уладаў, як ім казалі, так яны рабілі”.

Спадару Пажэцкаму быў забаронены выезд за мяжу ў сувязі з крымінальнай справай, але ён усё ж наведаў Польшчу.

“Я паехаў праз Расею і Ўкраіну ў Польшчу, быў у Кракаве, Торуні, у Варшаве. Вярнуўшыся назад, у сваёй паштовай скрынцы знайшоў ліст пра тое, што нашая крымінальная справа спыненая”.

Намесьнік Анжалікі Борыс Юзэф Пажэцкі гаворыць: крымінальная справа была цалкам надуманай.

Ягоныя словы пацьвярджае Андрэй Пачобут, які рэдагуе часопіс “Magazyn Polski na uchodztwie”. Ён успамінае пра вочную стаўку зь Віктарам Богданам:

“У маёй прысутнасьці сьледчы пытаецца ў Богдана: Віктар Іванавіч, Пачобут пагражаў вам, што Пачобут будзе вас зьбіваць? Ён кажа: не, не пагражаў. А ці пагражаў ён, што будзе зьбіваць вашых сваякоў? Не, не пагражаў, адказвае.

Ці пагражаў ён, што будзе зьнішчаць вашую маёмасьць? Не, не пагражаў. Можа, ён пагражаў, што будзе распаўсюджваць пра вас зьвесткі, якія б вы хацелі пакінуць у таямніцы? Не, такіх пагрозаў не было. А як жа ён тады вам пагражаў? Богдан адказвае: ну, яны так увайшлі, і я спужаўся”.

Спадар Пачобут сёньня падрыхтаваў дакумэнты ў міліцыю, хоча, каб яму паставілі ў пашпарт штамп з дазволам выезду ва ўсе краіны сьвету. Ён таксама меў забарону на выезд — праўда, не прызнаваў яе і наведваў Польшчу вакольнымі шляхамі.

Сам Віктар Богдан яшчэ ня ведаў пра тое, што крымінальную справу аб яго запалохваньні спынілі. Што ён думае на гэты конт, пацікавіліся мы ў яго?

“Напэўна, гэты сымбаль таго, што трэба ўмець дараваць людзям, калі яны робяць нейкія памылкі. А сустракацца зь імі мне не хацелася б болей, вось і ўсё”, — кажа Богдан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG